ІМІНАКІСЛО́ТЫ,

арганічныя кіслоты, якія маюць імінагрупу (NH). Уваходзяць у склад многіх жывёльных, раслінных і мікробных бялкоў. Абмен І. у арганізме звязаны з абменам амінакіслот, з якіх І. ўтвараюцца ў выніку адшчаплення вадароду. Біялагічна найважнейшыя гетэрацыклічныя І. — пралін і аксіпралін. Бялкі, у якіх ёсць вял. колькасць праліну (праламіны і гліядзіны), не раствараюцца ў вадзе, раствараюцца ў спірце. Аксіпралін утвараецца з праліну; найб. яго ў калагене. Пры прыроджаным парушэнні актыўнасці ферментаў (пралінаксідазы і аксіпралінаксідазы) у сываратцы крыві і ў мачы павышаецца колькасць праліну і аксіпраліну, бываюць парушэнні функцый выдзяляльнай сістэмы і разумовая адсталасць.

т. 7, с. 209

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАФЕРМЕ́НТЫ [ад лац. co (cum) разам + ферменты],

каэнзімы, арганічныя злучэнні небялковай прыроды, якія ўваходзяць у склад ферментаў. Неабходныя для многіх складаных ферментатыўных рэакцый (сувязное звяно паміж 2 рознымі ферментамі). Пры злучэнні з апаферментам К. ўтвараюць каталітычна актыўны комплекс (холафермент). Могуць аддзяляцца ад бялковай часткі ферменту і пераносіць атамы ці групы атамаў, што адшчэпліваюцца ферментам ад субстрату. Трывала звязаныя з бялком К. наз. прастэтычнай групай. Большасць К. — вытворныя вітамінаў, адсутнасць якіх у ежы чалавека і жывёл прыводзіць да недастатковай актыўнасці некат. ферментаў і выклікае парушэнні абмену рэчываў.

т. 8, с. 187

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАКТА́МЫ,

арганічныя рэчывы; унутраныя цыклічныя аміды амінакіслот. Маюць у цыкле групоўку —C(O)—NR— (R — атам вадароду H ці арган. радыкал). Паводле колькасці атамаў у цыкле адрозніваюць α-Л. (3 атамы), β-Л. (4 атамы), γ-Л. (5 атамаў) і г.д. Л. — крышт. рэчывы. Добра раствараюцца ў вадзе і арган. растваральніках (гл. Капралактам). Паводле хім. уласцівасцей падобныя да амідаў карбонавых кіслот. Многія Л. — біялагічна актыўныя рэчывы (напр., β-Л. ўваходзяць у састаў лактамных антыбіётыкаў, у прыватнасці пеніцылінаў). У прам-сці выкарыстоўваюць пераважна для вытв-сці поліамідных валокнаў.

т. 9, с. 109

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

лакто́ны

(ад лац. lac, -ctis = малако)

арганічныя злучэнні, унутраныя цыклічныя эфіры аксікіслот.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

фітастэры́ны

(ад фіта- + стэрыны)

арганічныя рэчывы з групы стэроідаў, стэрыны расліннага паходжання.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

храматро́пы

(ад храма- + -тропы)

штучныя арганічныя фарбавальнікі, якія выкарыстоўваюцца пераважна ў тэкстыльнай прамысловасці.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ВУГЛЕВАДАРО́ДЫ,

арганічныя злучэнні, якія складаюцца з атамаў вугляроду і вадароду. У залежнасці ад будовы адрозніваюць ацыклічныя злучэнні, або аліфатычныя вуглевадароды, у якіх атамы вугляроду звязаны паміж сабой у прамыя ці разгалінаваныя ланцугі, і карбацыклічныя злучэнні, або ізацыклічныя вуглевадароды, малекулы якіх утвараюць кольцы (цыклы). Гэтыя вуглевадароды падзяляюць на аліцыклічныя злучэнні (цыклапарафіны) і араматычныя злучэнні. Ніжэйшыя вуглевадароды (малекулы з 1—4 атамамі вугляроду) — газы, сярэднія (з 5—16 атамамі) — вадкасці, вышэйшыя — цвёрдыя рэчывы. Большасць вуглевадародаў бясколерныя рэчывы, газападобныя і вадкія, звычайна маюць пах. Атрымліваюць з прыроднага газу, нафты і інш. Выкарыстоўваюць як сыравіну ў хім. прам-сці.

К.​Л.​Майсяйчук.

т. 4, с. 285

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЯЛЁНЫЯ КАРМЫ́,

надземная вегетатыўная маса кармавых раслін, якая скормліваецца жывёле свежаскошаная або на пашы. Складаюць аснову рацыёнаў жвачных жывёл і коней у летні перыяд. У якасці З.к. выкарыстоўваюць траву прыроднай і сеянай пашы, сеяныя шмат- і аднагадовыя травы (часцей бабовыя, злакавыя і іх сумесі), бацвінне караняплодаў. Арганічныя рэчывы З.к. добра ператраўляюцца жывёламі. Для раўнамернага забеспячэння жывёлы З.к. арганізуюць зялёны канвеер. Скошваюць травы ў раннія фазы развіцця раслін, калі ў іх больш пажыўных рэчываў (асабліва пратэіну), караціну, вітамінаў, мінер. рэчываў і менш. клятчаткі. На Беларусі З.к. выкарыстоўваюць больш як 5 месяцаў у год.

т. 7, с. 127

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІЗАЦЫЯНА́ТЫ,

арганічныя рэчывы, якія маюць адну або некалькі ізацыянатных груп (-N=C=O), звязаных з арган. радыкалам. Бясколерныя вадкасці, некат. — цвёрдыя рэчывы з нізкімі т-рамі плаўлення. Высокатаксічныя, у большасці — лакрыматары. ГДК 0,05—1 мг/м³.

Найб. характэрны рэакцыі далучэння нуклеафільных рэагентаў з рухомым атамам вадароду (спірты, вада, аміны і інш.). Уступаюць у рэакцыі цыкладалучэння, ды- і трымерызацыі, полімерызацыі. Атрымліваюць фасгенаваннем амінаў і замешчаных карбамідаў або раскладаннем карбамідаў. Выкарыстоўваюць для атрымання поліурэтанаў, пестыцыдаў, для апрацоўкі тканін і скуры (для надання ім воданепрымальных уласцівасцей), як вулканізавальныя агенты гумавых сумесей, кампаненты поліурэтанавых лакаў.

Я.​Г.​Міляшкевіч.

т. 7, с. 178

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЭЗО́ЛЫ, метылфенолы,

арганічныя злучэнні, CH3C6H4OH.

Існуюць 3 ізамеры: 2-метылфенол (орта-К.; t 30,9 °C, tкіп 191 °C); 3-метылфенол (мета-К.; tпл 11 °C, tкіп 202,8 °C); 4-метылфенол (пара-К.; tпл 31,8 °C, tкіп 201,9 °C). Бясколерныя крышталі або вадкасці. Раствараюцца ў вадзе, растворах асноў, этаноле, эфіры, хлараформе, бензоле, ацэтоне. Сумесь ізамераў вылучаюць з кам.-вуг. ці сланцавай смалы, раздзяляюць дыстыляцыяй. Выкарыстоўваюць у вытв-сці крэзола-альдэгідных смол, дэзінфекцыйных сродкаў; асобныя ізамеры — у вытв-сці азафарбавальнікаў, інсектыцыдаў, гербіцыдаў, антыаксідантаў. К. раздражняюць скуру і слізістыя абалонкі дыхальных шляхоў, выклікаюць кан’юнктывіты. ГДК 0,1—0,5 мг/м³.

Я.​Г.​Міляшкевіч.

т. 8, с. 535

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)