Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

распа́рыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; зак., каго-што.

1. Апрацаваць парай, варам для ачысткі, размякчэння і пад. Распарыць зерне. □ [Валодзя] выразаў кавалак дубовай кары і распарыў яго. Федасеенка. З грабу высек палазы Ды загнуў, як рожкі, Ды распарыў ён вязы, Выгабляваў дошкі. Бялевіч.

2. Моцна прагрэць, мыючы ў лазні з парай. Распарыць цела. // Разм. Разагрэць да поту; разгарачыць. Чарка гэта была не першая.. Капейка, відаць, і сам палічыў, што ўжо даволі распарыў мужыка. Брыль.

распа́раны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад распарыць.

2. у знач. прым. Які стаў мяккім пад уздзеяннем пары, гарачай вады і пад.; прыгатаваны параннем. Распараныя венікі. □ Многія рыбы ўлетку добра ловяцца на чорны і белы хлеб, на рознае распаранае зерне, гарох. Матрунёнак. На ферме, цёплай і чыстай, густа пахла варанай бульбай і распараным вотруб’ем — свіней нядаўна кармілі. Савіцкі.

3. у знач. прым. Разгарачаны, разамлелы (ад гарачыні, парання і пад.). Выходзячы з ванны ў паласатай піжаме, пачырванелы, распараны, Іван Трахімавіч сказаў жонцы: — Гануля! Зірні там у партфель. Я табе падарунак прывёз. Корбан. — Больш няма куды. Па завязку. — Дзмітрый высунуўся з люка, абцёр распараны твар. Беразняк.

расто́к, ‑тка і ‑тку, м.

1. ‑тку. Памянш. да рост (у 2 знач.). За малы расток яе і звалі Лукерка. Ракітны.

2. ‑тка. Сцябло расліны ў самым пачатку яго развіцця з семя, клубня, кораня і пад. Пахла саладкаватай прэллю — якраз пасярод хаты ляжала выграбеная з падполля бульба з доўгімі белымі расткамі. Навуменка. Над палямі ярчэй палае Неўміручай вясны агонь, І зерне растком прабівае Зямлі пасівелую скронь. Матэвушаў. // Парастак з пупышкамі для пасадкі; чаранок. [Мітрафан:] — Напачатку .. [грушцы] лімоначку прышчэпім, а праз годзік з другога боку — з сапяжанкі расток. Ракітны.

3. толькі мн. (расткі́, ‑оў); перан.; чаго або якія. Першыя прыкметы, рысы чаго‑н. новага; парасткі. Расткі сацыялізма падымаюцца ў вёсцы, памнажаецца колькасць калектыўных гаспадарак. «Беларусь».

рассе́яць, ‑сею, ‑сееш, ‑сее; зак., што.

1. Раскідаць (зерне) пры сяўбе; пасеяць. — Прыехалі гэта мы ў ляды, рассеяла я жыта, — расказвала .. [маці] далей. Сіўцоў. // Раскідаць, рассыпаць што‑н. сыпкае ў розныя бакі, у розных месцах. Рассеяць мінеральныя ўгнаенні. □ Ты ведаеш, колькі ты рассееш па дарогах збожжа, пакуль будзеш вазіць снапы туды-сюды? Шашкоў.

2. Зрабіць рассеяным (у 3 знач.). Рассеяць энергію. Рассеяць святло.

3. Прымусіць разысціся, разбегчыся; разагнаць. У тую раніцу мы рассеялі батальён немцаў і спусціліся з гор на шашу, сціснутую з абодвух бакоў старымі альпійскімі вякамі. Хомчанка. // Аслабіць, зрабіць не такім густым (цемру, туман, дым і пад.). Ужо з-за дубоў.. выглянуў сярпом месячык, трохі рассеяў цемру. Галавач.

4. перан. Прымусіць прайсці, знікнуць (звычайна якое‑н. непрыемнае пачуццё). Старыя моцна ўзрадаваліся нечаканаму жыльцу: хоць ён крыху рассее іх адзіноцтва. Хадкевіч. Усе гэтыя пытанні мелі адну мэту — лепш азнаёміцца з вучнямі і трохі разварушыць іх, рассеяць нясмеласць і напружанасць. Колас.