канаплі́на, ‑ы, ж.
Адно каліва, зерне канапель.
крупі́на, ‑ы, ж.
Асобнае зерне круп.
•••
Крупіна за крупінай ганяецца з дубінай — пра вельмі рэдкую страву.
кладаўшчы́к, ‑а, м.
Работнік склада. [Паўлюк] насыпаў зерне ў мяшкі, глядзеў на вагі, каб кладаўшчык часам не памыліўся. Шамякін.
кукуру́за, ‑ы, ж.
1. Аднагадовая травяністая расліна сямейства злакавых з высокім і тоўстым сцяблом і ядомымі буйнымі жоўтымі зярнятамі, сабранымі ў пачаткі; маіс. Сіласаваць кукурузу.
2. зб. Зерне гэтай расліны.
кукуру́зіна, ‑ы, ж.
Разм. Адно сцябло або зерне кукурузы. Маладыя хлопцы паспяваюць падаваць у прагавітую пашчу машыны зялёныя, сакавітыя сцябліны кукурузы і паціху штурхнуць каторую-небудзь дзяўчынусвавольніцу ці папусціць у яе доўгай кукурузінай. Палтаран.
кру́пка, ‑і, ДМ ‑пцы, ж.
1. зб. Здробненае, ачышчанае ад шалупіння зерне пшаніцы як прамежкавы прадукт пры перапрацоўцы яе ў сартавую муку.
2. Род адна- і шматгадовых раслін сямейства крыжакветных.
3. зб. Тое, што і крупы (у 2 знач.); крупкі. Вецер працінаў бок, ляскаў крысамі шыняля, сек у шчокі дробнаю колкаю крупкай. Грахоўскі.
канцэнтра́т, ‑у, М ‑раце, м.
1. Спецыяльна апрацаваны сухі прадукт, зручны для захоўвання і хуткага прыгатавання ежы. Харчовыя канцэнтраты. Канцэнтрат кашы. Малочны канцэнтрат.
2. Корм высокай пажыўнасці для жывёлы (напрыклад, зерне, макуха, вотруб’е). — Вось пры саўгасе, — гаварыла далей жанчына, — сталі прывозіць пад вясну канцэнтраты, дык і хвароб на ферме паменшала. Кулакоўскі.
3. Прадукт абагачэння карыснага выкапня шляхам канцэнтрацыі.
карабо́к, ‑бка, м.
1. Невялікі кораб (у 1 знач.). Ссыпаць зерне ў карабок.
2. Невялікая стандартная каробка для запалак, алоўкаў і пад. Пачулася шорганне запалкі аб карабок. Пальчэўскі. На стале ляжала ў кардонным карабку даміно. Марціновіч.
3. Тое, што і каробка (у 2 знач.). Адзін цагляны карабок нагадваў, што некалі тут, на беразе Дняпра, узвышаўся прыгожы будынак. Чыгрынаў.
ко́ўзкі, ‑ая, ‑ае.
Разм.
1. Зусім гладкі, які не стварае трэння і на якім цяжка ўтрымацца або які цяжка ўтрымаць; слізкі. Коўзкі лёд. □ Усё цяжэй было трымаць раўнавагу на коўзкай ад гразі дарозе, усё горш упраўляліся замлелыя рукі з непаслухмяным рулём. Краўчанка. Зерне было сухое, коўзкае. Пянкрат. // перан. Ненадзейны, небяспечны, такі, што можа прывесці да непажаданых вынікаў (пра жыццёвы шлях, напрамак дзейнасці і пад.). Не блукалі сцежкай коўзкай — Спеў Купалы акрыляў, Арлянят-маладнякоўцаў У палёт благаслаўляў. А. Александровіч.
2. Які мае гладкую паверхню і рухаецца шляхам слізгання. Гэтай зімой, напрыклад, дзед змайстраваў такія саначкі, што лепшых і не прыдумаеш. Лёгенькія, прыгожыя. Кляновыя палазкі добра закручаныя, коўзкія. Рылько.
3. Плаўны, лёгкі (пра паходку, рух і пад.). Даганяем і бачым Жэньку, Сцяпанавага сына. Лыжы ў яго бацькавы, ідзе без палак, упэўнена, моцнымі і коўзкімі крокамі. Хомчанка.
клява́ць, клюю, клюеш, клюе; клюём, клюяце; незак.
1. што. Есці, хапаючы, адшчыпваючы ежу дзюбай (пра птушак). Куры клююць зерне. □ Тут крычаць вераб’і і клююць крапіву. Купала.
2. каго-што. Біць, удараць дзюбай; дзяўбці. Певень клюе ката. □ А чайкі смялелі ў змаганні, Плявалі яго [каршуна], дабівалі. Бялевіч. // перан. Даймаць, дапякаць, крыўдзіць. — Добры ты сябра Васілю Міхайлавічу аднак. Яго і без цябе клюе кіраўніцтва. Шыцік.
3. Хапаць прынаду, насадку на вудачцы (пра рыбу). Акуні клююць слаба: відаць, не галодныя. Якімовіч.
4. безас. Разм. Ідзе на лад; атрымліваецца, ўдаецца. — Вось бачыш, адразу клюе, — сказаў дзядзька Пятрусь да Адася. — Пабегла [старая] па кілбасы, да якіх я ласы. Дамашэвіч.
5. перан. Разм. Мнагакратна ўдараць чым‑н. вострым; дзяўбаць, цюкаць. Кляваць тапаром бервяно. // Доўга і настойліва біць з гармат у адно месца. Настала ноч, а гэты мінамёт усё кляваў і кляваў у адно і тое ж месца. Кулакоўскі.
•••
Кляваць (дзюбаць) носам — драмаць то апускаючы, то ўзнімаючы галаву.
Куры не клююць гл. курыца.