Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

зе́рне, ‑я; мн. зерні, ‑яў і зярняты, ‑нят; н.

1. Дробны плод, семя злакаў; семя некаторых іншых раслін. Андрэй Сцяпанавіч запускаў руку то ў ячмень, то ў пшаніцу, перасыпаў з далоні на далонь зярняты, нюхаў іх. Бялевіч. // зб. Насенне хлебных злакаў. У гэтай будыніне хаваліся галоўныя калгасныя прадукты: зерне, бульба і гародніна. Колас. Камбайн рушыў. Пад нажамі яго зазвінела салома, у бункер пасыпаўся густы струмень важкага зерня. Дуброўскі.

2. Асобная частка, крупінка якога‑н. рэчыва. Хларафілавае зерне. Зерне пораху.

3. перан.; чаго. Зародак, ядро чаго‑н., зыходны пачатак. Водгулле ўсяго таго, што дзеялася на свеце, далятала сюды [у Палессе] .. з такімі напластаваннямі людской фантазіі, што ўжо трудна было вылушчыць з іх зерне праўды. Колас.

зерне... (а таксама зерня...).

Першая састаўная частка складаных слоў, якая адпавядае па значэнню словам: «зерне», «зерневы», напрыклад: зернесушылка, зернеўборачны, зернесаўгас.

зерня... (гл. зерне...).

Першая састаўная частка складаных слоў; ужываецца замест «зерне...», калі націск у другой частцы падае на першы склад, напрыклад: зернясховішча, зерняедны.

зернепадо́бны, ‑ая, ‑ае.

Па форме і выгляду падобны на зерне. Зернепадобныя клеткі.

змало́цца, змелецца; зак.

Раздрабніцца, ператварыцца ў муку і пад. (пра зерне). Жыта мякка змалолася.

зве́трыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; зак., што.

Разм. Ачысціць абмалочанае зерне ад мякіны і смецця на ветры. Зветрыць жыта.

зярня́тка і зе́рнетка, ‑а; Р мн. ‑так; н.

Памянш.-ласк. да зерне (у 1 знач.).

•••

Макавага зярнятка ў роце не было гл. быць.

зажы́нкі, ‑нак; адз. няма.

1. Пачатак жніва. Вакол такі спакой, нібы настаў вялікі адпачынак, Хоць недзе блізка час касьбы і недалёка дзень зажынак. Русецкі. Кажуць, як зерне разломіш у пальцах — Смела выходзь на зажынкі. Арочка.

2. Святкаванне пачатку жніва. У калгасе спраўлялі зажынкі.

змалаці́ць, ‑лачу, ‑лоціш, ‑лоціць; зак., што.

1. Малацьбой аддзяліць зерне ад калосся, стручкоў і пад.; абмалаціць. Змалаціць жыта. Змалаціць гарох.

2. Разм. Моцна збіць, пабіць (пра людзей). Як наляцеў .. [рыцар], дык усё каралеўскае войска збіў .. з малаціў. Якімовіч. // Перабіць, паламаць (пра рэчы). Змалаціць усю пасуду.

змало́ць, змялю, змелеш, змеле; зак., што.

1. Раздрабніць, ператварыць у муку і пад. (пра зерне). Змалоць пшаніцу. Змалоць перац. □ Млынар змалоў сваіх некалькі мяшкоў збожжа. Чорны.

2. Разм. груб. З’есці. З кожным разам сала заставалася ўсё меней і меней. — Усё змеле! — расчаравана сказаў Уладзік. Колас.