Тэст ‘выпрабавальнае заданне’ (ТСБМ, Улас.). Запазычана з англ. test ‘выпрабаванне, даследаванне’ ў XX ст., выводзіцца праз франц. test ‘ганчарны посуд’ з лац. testu, testa — ‘посуд, у якім правяралі якасць атрыманага металічнага вырабу, першапачаткова ў алхімікаў’ (Сной₂, 762; ЕСУМ, 5, 561; Арол, 4, 67). Сюды ж тэстава́нне, тэсці́раванне ‘праверка ведаў абітурыентаў’ (Каўрус, Словаклад).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тры́лер ‘фільм жахаў’ (БПС, Улас., Баршч.). У беларускім друку ў канцы 1980‑х гадоў (Уласевіч, Беларусіка, 36, 107). Праз рус. три́ллер ‘тс’ або польск. thriller ‘тс’ ці непасрэдна запазычана ў 1990‑х гадах з англ. thriller ‘тс’ (Арол, 4, 103). Параўн. аказіянальныя сінонімы жуда́сцік (ад жуда1, гл.), жахлі́вік, жахаві́к (ад жах, гл.) і інш.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тусня́ разм. ‘зборышча людзей па інтарэсах з мэтай абмену думкамі; хаўрус, зносіны, шырокая кампанія’ (Свабода, 2003, 12 лістап.), ‘таўкатня, суталака’: Мы неаддзеленыя ад жыцця, ад вялікай тусьні (Наша Ніва, 2011, 27 лют.); сюды ж тусо́ўка слэнг. ‘сустрэча моладзі з мэтаю баўлення часу’ (Рамза, Бел. гутарк.), ‘група людзей, звязаных агульнымі інтарэсамі, кампанія’ (2004 г.), ‘любыя нефармальныя адносіны’ (1988 г.) (Улас.), тусава́цца ‘збірацца (аб кампаніі)’ (КТС). Калька пранікненняў з рускай мовы (тусо́вка ‘тс’, тусова́ться ‘тс’), якія ўзыходзяць да турэмна-блатнога жаргону: тусова́ть ‘біць, збіваць’, тусова́ться ‘збірацца’, ‘хутка адыходзіць, змывацца’, тусо́вка ‘бойка’, ‘скандал’ і ‘кампанія’, гл. Грачоў-Макіенка, Истор.-этим. сл., 163–166. Першапачаткова ад тасова́ть, тасо́вка (Арол, 4, 121), да семантыкі сучаснага слова параўн. смал. тусова́ть ‘мітусліва, трывожна рухацца’, тусова́ться ‘многа рухацца’ (СРНГ), параўн. тасава́ць, тасува́цца, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Трася́нка1 ‘стрэсенае сена з саломай, якое ідзе на корм жывёле’ (ТСБМ; докш., Янк. Мат., Варл.; ашм., Стан., Сл. ПЗБ, Вруб., Брасл. сл., Лекс. Бел. Палесся; дрыс., Яшк. Мясц.; гродз., мін., віц., ЛА, 2), трасяни́ца ‘тс’ (пін., ЛА, 2), трасе́нка ‘тс’ (Сл. ПЗБ), трэ́сенка ‘тс’ (бяроз., ЛА, 2); сюды ж страся́нка ‘тс’ (гарад., віц., мядз., леп., ЛА, 2). Параўн. укр. дыял. трясани́ця, трясени́ця ‘салома з сенам’, балг. тра́сени́на, тра́сени́ца ‘тс’, а таксама рус. дыял. тряха́нка ‘тс’, дзе, паводле Талстой (Зб. Жураўлёву, 356), адзначана варыянтнасць каранёвых с/х, параўн. траха́ць ‘трэсці’ (гл.). Утворана ад дзеепрыметнікавай формы дзеяслова трэсці (гл.) і прыставачнага ўтварэння страса́ць ‘змешваць трасучы’ (гл. трасці). Адносна балгарскіх формаў выказваецца меркаванне аб іх праславянскім паходжанні, паколькі яны звязаны са спецыфікай догляду за жывёлай з даўніх часоў (Тадораў, Слов. етим., 406). Гл. таксама трушанка.

Трася́нка2 ‘змешанае беларуска-рускае маўленне’ (ТСБМ, Улас.), трасʼанка ‘моўная блытаніна’ (“językowy galimatias”, Вруб.). Метафарычнае ўтварэнне на базе трася́нка1, аналагічнае ўкр. су́ржык ‘украінска-рускае змешанае маўленне’ (гл. суржык). Актывізацыя ўжывання ў 80‑я гады XX ст. прыпісваецца З. Пазняку (Рамза, Беларуская думка, 2010, 7, 113), аднак слова ў такім значэнні ўжывалася і раней (Свобада, Беларуска, 30, 192; Запрудскі, Arche, 2009, 11–12, 176).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тур1 ‘першабытны дзікі бык Bos primigenius, буйвал’ (ТСБМ, Нас., Байк. і Некр., Гарэц., Вруб., Арх. Вяр., Ласт.): natura, jak ŭ toho tura (ваўк., Федар. 4), ст.-бел. туръ ‘тс’ (ГСБМ). Як назва рэальнай жывёлы даўжэй захоўвалася ў раёне, які прымыкае да сучаснай Белавежскай пушчы, параўн. siedzić, jak tur ŭ harè (слонім., ваўк., Федар. 4, 275: hara ‘лес’?); у песні: Не ўгінайся, буковый мосце, / Через тебе ідут туры і елені (брэсц., Д.-Хадак., 346). У Бельскім павеце запісана гульня «У тура», што можа адносіцца да паганскага культу, гл. БНТ, Гульні₂, 39. Укр. тур, рус. тур, польск., н.-, в.-луж. tur, палаб. täur, чэш. tur, славац. tur, славен. túr (захоўваецца ў тапонімах Turjak, Turja glava), балг. тур, макед. тур, ст.-слав. тоуръ ‘дзікі бык’. Прасл. *turъ роднаснае ст.-прус. tauris ‘зубр’, літ. taũras ‘тур, бык’, ст.-грэч. ταυρος ‘бык’, лац. taurus, ірл. tarb ‘тс’, авест. staōra ‘буйная рагатая жывёла’, гоц. stiur ‘бык’, ‘цялё’, што да і.-е. *tə̯uro‑ < і.-е. *teu̯h₂‑ ‘ацякаць, распухаць, павялічвацца’ (Сной₂, 792; Фасмер, 4, 122; Брукнер, 584; Скок, 3, 524; Буга, Rinkt., 2, 634; Борысь, 654; ЕСУМ, 5, 677–678). Існуе магчымасць меркаваць пра настратычныя сувязі з прасеміц. tauru‑ ‘бык’ (Покарны, 1083; Арол, 4, 118; ESJSt, 17, 998). Сюды ж астронім ст.-бел. Туръ, Телець, Юнець, Бычокъ, што адпавядае лац. Taurus ‘тс’ (XVI ст., Бел. лекс., 112), тур ‘маўчун, маўклівы чалавек’ (пін., ЛА, 3); туры́ца ‘дзікая карова’, ‘мажная здаровая кабета’ (Нас.), туры́ця ‘самка тура’ (драг., Сл. ПЗБ), магчыма, мянушка каровы туро́ля (мёрск., Нар. лекс.).

Тур2 ‘адзін круг танца; асобны этап якой-небудзь гульні, конкурсу, спаборніцтва, мерапрыемства’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Вруб.), ‘падарожжа, турыстычная паездка’ (Улас.). Праз рускую мову (тур) з франц. tour ‘круг, абарачэнне, абарот, абход, аб’езд’, ‘чарга’, ‘ганчарны круг’, якое з с.-лац. turnus > лац. tornus ‘такарны варштат’ < ст.-грэч. τόρνος ‘прылада цесляра для вывядзення контураў кола, паўкола’, ‘долата, такарны разец’ < τείρω ‘тру’ (Фасмер, 4, 122; Даза, 716; ЕСУМ, 5, 678). Значэнне ‘падарожжа’ пад уплывам англ. tour ‘паездка, экскурсія’ (Арол, 4, 118), параўн. турнэ, гл.

Тур3 ‘апорны слуп пасярэдзіне святліцы старажытнага дома’ (Ласт.), ‘слуп каля печы ў курных хатах’ (дзісн., Яшк.). Магчыма, да тур1 (гл.) у пераносным значэнні ‘найбольш значны канструкцыйны элемент’, бо апорны слуп называлі «турам» побач з «князем», «князьком», «канём» (Ласт., 143).

Тур4 ‘купальнік горны, Arnica montana L.’ (гродз., Кіс., ТС), тур‑зелье, зелье‑тур ‘тс’ (ТС). Да тур1 (гл.); параўн. польск. дыял. tura альбо trawa turowa, turówka, żubrówka ‘зуброўка, Hierochloë odorata (L.)’, што можна разглядаць як аналаг зу́брава трава́ ‘тс’ (брэсц., Кіс.) — ежа зуброў у Белавежскай пушчы (Коласава, Лексика, 60; адносна іншых раслін гл. ЕСУМ, 5, 680). Аднак не выключана метафарычнае ўжыванне назвы тур1 — тое, што прыносіць здароўе і сілы, параўн. фразеалагізм здаровы як бык.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)