Ту́ля ‘калчан, похва для стрэл’ (Ласт.), сюды ж, магчыма, перан. ту́ля ‘асоба, апранутая ў тоўстае, цёплае адзенне, выглядае непаваротлівай’ (драг., Лучыц-Федарэц, вусн. паведамл.). Да тул2 адносна семантыкі параўн. рэз’ян. tȗlast ‘у форме трубы, пусты’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

То́ўла ’няўмека, непаваротлівы’ (Юрч.), ’мажная, непаваротлівая жанчына’ (ушац., Нар. сл.), ’непаваротлівы, тоўсты чалавек’ (паст., Сл. ПЗБ), то́ўлін ’які належыць няўмецы, непаваротлівай асобе’ (Юрч. СНЛ). Паводле Грынавяцкене (Сл. ПЗБ, 5, 109), роднаснае літ. tūlóti ’цёпла апранаць’, параўн. яшчэ ту́ля ’апранутая ў тоўстае, цёплае адзенне, якая выглядае непаваротлівай’ (драг., Лучыц-Федарэц, вусн. паведамл.). Магчыма, генетычна звязана з тоўба (гл.), якое, як мяркуецца, можа паходзіць ад *toviti ’рабіць тучным’, тады ў аснове ўтварэння дзеяслоў тыпу балг. радоп. то̂вле̂м ’адкормліваць’, параўн. Куркіна, Этимология–1978, 40.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ту́ліць ‘вадзіць у гульні ў хованкі’: у хованкі гулялі, адзін ту́ліць, а ўсе хаваліса (гродз., Нар. словатв.). Магчыма, да тулі́ць (гл.) у значэнні ‘закрываць вочы’.

Тулі́ць ‘прыхіляць, гарнуць да сябе з ласкай, пяшчотай, шчыльна прыціскаць, гладзіць, прытульваць’ (ТСБМ, Гарэц.), ‘прымаць каго-небудзь пад заступніцтва, ахову (напр., сірату)’ (Нас.), ‘закрываць, затуляць’ (Яруш.), ‘утойваць, хаваць’ (ТС, Байк. і Некр., ТСБМ, Нас.), ‘служыць прытулкам для каго-небудзь’ (ТСБМ, Ласт.), перан. ‘гаварыць праўду ў вочы’: ён вока ня ту́ліць (Шат.); тулі́цца ‘хавацца, затойвацца’ (Нас., Байк. і Некр., Шат.), ‘размяшчацца дзе-небудзь у зацішным месцы, пад аховай чаго-небудзь’ (ТСБМ, Касп.), ‘гарнуцца, з любасцю прыхінацца’ (Некр. і Байк., Варл.), ‘хінуцца, прыязна адносіцца, песціцца, прыхіляцца’ (Касп., Сл. ПЗБ, ТС, Яруш.), тулі́тисʼе ‘прыціскацца, хавацца’ (Вруб.), тулэ́тысь ‘тс’ (драг., Лучыц-Федарэц, вусн. паведамл.). Укр. тули́ти, тули́тися ‘туліць, абдымаць’, рус. тули́ть ‘хаваць, закрываць’, тули́ться ‘хавацца, затойвацца’, польск. tulić (się) ‘чулліва прыціскаць, -цца’, ст.-польск. tulić ‘хаваць’, н.-луж. tuliś ‘гнуць’, ‘утаймоўваць’, ‘хаваць’, в.-луж. tuleć, tulić ‘прыціскаць, гнуць’, чэш. tuliti se ‘сціскаць’, ‘туліцца, прыціскацца’, славац. túliť sa ‘тс’, славен. дыял. tuliti ‘загортваць, звіваць у рулон’, ‘мяць’, túliti se ‘сціскаць’, ‘прыціскаць’, серб. дыял. ту́лʼит ‘гасіць полымя’, ‘згортваць, згібаць’, ‘схіляць галаву’, макед. тули ‘хаваць, прыкрываць’, тули се ‘хавацца’, балг. ту́ля (се) ‘тс’, ц.-слав. затулити ‘схаваць’. Прасл. *tuliti (sę) ‘прыціскаць, туліць, хаваць, утаймоўваць; заспакойваць’ суадносяць з *tulъ ‘калчан’ (гл. тул2), што сустракаецца з пэўнымі семантычнымі цяжкасцямі, гл. Фасмер, 4, 117. Трубачоў (Дополн., 4, 118) услед за Якабсонам (IJSLP, 1/2, 1959, 273) звязвае рус. тули́ть з тул, туловище, тулья (гл. тулава). Гл. таксама ЕСУМ, 5, 671–672; Арол, 4, 115–116. Борысь (653) бачыць у прасл. *tuliti (sę) адыменны дзеяслоў, утвораны ад прасл. *tulъ/*tulo ‘труба, трубка, калчан’, першасным значэннем якога было б ‘навіваць на трубку’. Значэннем і формай лексема *tuliti злілася з блізкім прасл. *toliti ‘заспакойваць, утаймоўваць’: ст.-польск. tolić ‘ахопліваць рукамі, гарнуць да сябе’, ст.-рус. толити ‘прысаромліваць, сарамаціць’, рус. толить ‘заспакойваць’, укр. толи́ти ‘стрымліваць, заглушаць, уціхамірваць’, серб. то̀лити, харв. tòliti ‘заспакойваць, суцяшаць, спатольваць’, бел. напато́ліць, пато́ля (гл.), якое ад і.-е. асновы *tel‑/*tol‑/*tl̥‑. Меркаванні аб запазычанні з польск. tulić się (Сл. ПЗБ, 5, 145) не маюць падстаў. Гл. таксама туляць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тул1 ‘задняя частка ў процілегласць пярэдняй, у тым ліку патыліца, спіна, азадак’ (Нас., Гарэц. 1, Яруш., Некр. і Байк., Бяльк., Байк. і Некр.); сюды ж ту́лом ‘задам, схіліўшы галаву’ (Нас.). Параўн. рус. фалькл. тул ‘тулава [?]’, смал., валаг. ту́ло ‘тс’ (СРНГ). У сувязі з арэальнай і функцыянальнай абмежаванасцю беларускай формы (першапачаткова фіксуецца ва ўсходняй Магілёўшчыне, пазней са слоўніка Насовіча трапіла ў слоўнікі літаратурнай мовы) з’яўляецца мясцовым варыянтам асноўвай формы тыл (гл.), паралельна з якой ужываецца на адзначанай тэрыторыі. Аб мене ы > у ў гаворках з дысімілятыўным аканнем гл. Нарысы дыял., 53; Крывіцкі, Дыялекталогія, 182. Па меркаванні Куркінай (Этимология–1982, 23), у асобных выпадках можна дапусціць уплыў асновы тулава (гл.). Звяртае на сябе ўвагу славянскае запазычанне ў беларускім ідышы tul ‘тулава, туша’ (Астравух, Ідыш-бел. сл., 807). Фурлан (Jez. zap., 11, 1, 115–124) разглядае як праславянскі анатамічны тэрмін *tȕlъ (далучаючы сюды рэз’ян. túlac ‘патыліца’), утвораны ад прыметніка *tȕlъ ‘тоўсты, тлусты’, што звязана з тыл, тыць (Фасмер, 4, 131). Прапанаваная Фурлан (там жа) далейшая сувязь з *tulъ вытворнага тэрміна харв. zȃtuljak ‘патыліца’ (*zatűlъkъ) з беларускім геаграфічным тэрмінам зату́лак ‘зацішнае месца, куды сонца рэдка заглядвае’ (Нас., ад затуля́ць, (гл. туліць) здаецца штучнай (“закрыта” пярэдняй часткай галавы?).

Тул2, ст.-бел. тулъ ‘калчан, чахол для стрэл’ (XVI ст., ГСБМ, Скарына, Альтбаўэр, ПГС, Ст.-бел. лексікон), ту́ля ‘похва для стрэл’ (Ласт.). Захавалася як архаізм стараж.-рус. тулъ (тоулъ), ст.-рус. тулъ, у XVIII ст. — туло ‘тс’, ст.-рус. маск. тулъ ‘похва для лука’. Найбольш працяглы час словы тул, ту́ло і вытворныя ад іх ужываліся ў стараўкраінскай мове і ўкраінскай мове пачатку XIX ст.: тульник ‘той, хто вырабляе калчаны’, ‘які носіць калчаны і стрэлы’, тульникі́вна ‘дачка тульніка’, тульниче́нко ‘сын тульніка’, тульничка ‘жонка тульніка’ (гл. ЕСУМ, 5, 671; Адзінцоў, Этимология–1973, 98–101). Польск. tuł, tół, tula, tuleja ‘калчан’ (Варш. сл.), ст.-польск. tuł (да XVII ст.) ‘тс’, чэш. toul, toulec, ст.-чэш. túl ‘калчан’, славац. tulec, славен. tul̑, tul̑ec, tul̑ičeh ‘тс’, ст.-харв. tul̑, харв. tuljac, серб. ту̑л, ту́лац, балг. тул ‘тс’, радоп. ‘скрынка з кары’, макед. тул ‘скураная похва для стрэл’, ст.-слав. тоулъ ‘тс’. Прасл. *tulъ ‘калчан, похва, чахол, футарал’ развілося з і.-е. *tu̯ah₃‑ul‑o, параўн. ст.-інд. tūn̥a‑, tūn̥í, tū́n̥iras ‘тс’ (Фасмер, 4, 117), інд. tūn̥ava ‘дуда’, ст.-грэч. σωλήν ‘труба, жолаб, канал’ (Сной₂, 791). Захаваныя вытворныя ў народных мовах, параўн. туле́йка (гл.), рус. вту́лка ‘трубка, затычка’, балг. дыял.туле́шник ‘жалезная скрынка на свечкі’, ту́ли́ще ‘кошык на арэхі’, макед. охрыд. тулина ‘жывот’ і інш., схіляюць да версіі пра першаснае значэнне ‘покрыва, накрыўка, схоў’ і сувязь з туліць ‘утойваць, хаваць’ (гл.). Агляд і абгрунтаванне версій у ESJSt, 17, 997; Куркіна, Этимология–1982, 21–23; Басай-Сяткоўскі, Słownik, 400; Анікін, РЭС, 9, 95.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)