Туле́йкі ‘лыка для пляцення лапцяў’ (Растарг.). Параўн. укр. туле́йка ‘дэталь у возе (колца, што злучае вось з насадам)’ (Нікан., Трансп.), тулі́йки ‘дробнае пер’е ў курэй, якое цяжка выскубаць’; тулі́йка ‘ніжняя частка рога’; рус. туле́йка ‘верхняя частка лапаты, куды ўстаўляецца чаранок’, ‘унутраная частка шапкі’ (СРНГ), польск. tulejka, tuleja ‘трубка’, ‘лейка’, чэш. tulejka, tulajka ‘трубчатая частка прылады для ўстаўкі чаранка’, славац. tuľajka ‘абойма, насадка’, серб. ту́лајка ‘трубачка’, ‘жалезны абруч, які злучае часткі возу’, балг. туле́йка ‘частка сякеры, куды ўстаўляецца тапарышча’. Вытворнае ад прасл. *tulěja/*tulьja ‘трубка’, якое генетычна звязваецца з прасл. *tulъ ‘калчан’, *tuliti ‘гнуць, прыціскаць’, гл. тул2, туліць. У канкрэтным выпадку гутарка ідзе пра скрутак лыку ў выглядзе трубкі, параўн. в.-луж. tulawa ‘дудачка з вярбы’, славен. tuljáva ‘катушка, шпулька, цэўка’, ‘кароткая трубка’ і інш. (Махэк₂, 648; Борысь, 653; Басай-Сяткоўскі, Słownik, 401; Скок, 3, 520–521; Шустар-Шэўц, 1557; Бязлай, 4, 246; ЕСУМ, 5, 672).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ту́лка1 ‘жалезная трубка ў коле, у якую ўстаўляецца вось’ (лудз., Сл. ПЗБ). Да тул2, гл. утулка. Параўн. таксама тулейкі (гл.).

Ту́лка2 ‘паляўнічая стрэльба’ (Мат. Гом.; Цярохін, Охота). Ад назвы горада Тула (месца вырабу).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ту́ліка ‘дэталь калаўрота — кавалачак скуры з адтулінай, куды ўстаўляецца жалезны шпянёк з адтулінай, праз якую праходзіць спрадзеная нітка, перш чым яна трапіць на шпульку’ (гом., Шатал.), тулі́ка ‘тс’ (Уладз.; малар., Сл. Брэс.). Параўн. рус. тули́ка ‘кавалачак скуры з адтулінай, праз якую праходзіць спрадзеная нітка перш чым трапляе на шпульку’, славен. tulika ‘шпулька ў калаўроце’. Лічыцца таго ж паходжання, што і тулейкі (гл.); іншая назва дэталі калаўрота — тру́бка ‘металічная пласцінка з дзірачкай, праз якую праходзіць нітка і далей накручваецца на шпулю’ (Трух.), што, магчыма, сведчыць пра сувязь з ням. Tülle ‘трубка (падсвечніка), утулка, насадка’ як тэхнічным тэрмінам, адносна ролі якога ў якасці магчымага этымона групы слоў з зыходным тул2 выказваюцца процілеглыя меркаванні, гл. Шустар-Шэўц, 1557 (магчымая крыніца некаторых слоў), Махэк₂, 648 (паходзіць са славянскіх моў), Сной у Бязлай, 4, 246 (выпадковае падабенства да славянскіх слоў).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)