Ту́лап ‘кажух з роўнай спіной, без таліі’ (Шат., Сл. ПЗБ), тула́п ‘доўгі кажух’ (Сцяшк. Сл.), тулу́б ‘тс’ (Бес.), ту́лоб, ту́луб ‘вялікі доўгі кажух’ (ТС, зах.-палес., ЛА, 4), тулубо́к ‘кажушок’ (ТС), тулубе́ц ‘кароткая вопратка з аўчыны’ (Лекс. Бел. Палесся), ту́луб, ту́луп ‘доўгая вопратка з аўчыны’ (там жа), тулу́п ‘выпатрашаны труп жывёлы без унутранасцей’ (Кліх), ‘шкура (жабы)’ (там жа), тулу́пам ‘цалкам’: скура здымаецца з вангора цэлым тулупам (іўеў., Сл. ПЗБ), тулу́п ‘кажух’ (усх.-бел., ЛА, 4) ‘верхняя зімняя доўгая мужчынская вопратка з аўчын’ (Сцяшк., ПСл), тулу́пчык ‘кажушок’ (слонім., Шн. 3). Выглядае на тое, што лексема запазычана (для шэрагу форм, магчыма, праз пасрэдніцтва ід. tulep) з рус. тулу́п ‘кажух без таліі, які аблягае, як халат, усё цела, увесь стан’, якое, у сваю чаргу, запазычана з цюркскіх моў, параўн. крым.-тат., алт., казах. tulup ‘суцэльны скураны мех без швоў, зняты з адной жывёліны’, казах. тулып ‘чучала’, ‘шкура здохлага цяляці, набітая сенам (ставяць перад каровай, якую дояць)’, чагат. тулб ‘скураны мяшок’ (Міклашыч, 365; Фасмер, 4, 118; Анікін, 563–564). Дапускаецца збліжэнне з ту́лаб ‘тулава’ (кажух засцерагае стан, тулава чалавека) альбо магчымасць генетычнай сувязі з тул2, тулі́ць (ЕСУМ, 5, 673; Чарных, 2, 270; Куркіна, Этимология–1982, 21–24; Трубачоў, Этимология–1991–1993, 10–11). Гл. таксама тулуп.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ту́лаб (ту́лоб), то́луб, ту́луб ‘тулава чалавека’ (Дразд., ТС), ту́луб ‘цела мерцвяка без вантробаў’ (драг., З нар. сл.), ‘туша’ (Пятк. 3), ту́лоб ‘аснова лапця’, ‘аснова жака (венцера)’ (ТС), тулу́б ‘корпус жака’ (ПСл), ту́лап ‘тулава’ (Кал.), тулу́бішча ‘тс’ (асіп., Буз.), та́луб ‘вонкавая частка чаго-н.’: з гарбуза адзін талуб застаўся (Зайка Кос.), тулу́п ‘асноўная частка кашулі, без рукавоў’ (Лекс. Бел. Палесся), ту́луб ‘кажух’ (зах.-палес., ЛА, 4), ст.-бел. тулобъ ‘фігура, выява, балван’: тꙋлобъ его былъ з дерева мистерны​s рѣзаны​s (ГСБМ). Укр. ту́луб ‘цела чалавека або жывёлы’, а таксама ‘ствол, дрэва’; рус. дыял. тулубить ‘рашэціць сцены будынка дранкай і абмазваць іх глінай’; польск. tułub, tułup ‘тулава, корпус’, ‘цела чалавека без галавы і канечнасцей’ (запазычаны з усх.-слав. моў). Лексема, хутчэй за ўсё, паходзіць з прасл. *tulo/*tulъ ‘тулава, корпус’, параўн. стараж.-рус. туло ‘тс’, ст.-харв. (XVIII ст.) tulo ‘цела, тулава чалавека ці жывёлы’, чак. tûl, tulo ‘тс’, якое з першаснага *tou̯‑lo і ўзыходзіць да і.-е. асновы *teu̯(ə)‑/*tēu̯‑/*tū‑ ‘набрыняць, пухнуць’ (Покарны, 1, 1080; Борысь, 654). Гараеў (379) суадносіць лексему з тыл, гл. Праблему складае рэдкая суфіксацыя, параўн. кузуб і кузаў (гл.), што, згодна з Сабалеўскім (Лекцыі, 120) і Фасмерам (4, 118), дазваляе генетычна звязаць тулуб і тулаў, гл. наступнае слова.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)