Таранта ’звычайны воз’ (петрык., Яшк. Мясц.). Параўн. рус. таранта́ ’балбатун’, таранти́ть ’балбатаць’. Утворана на базе гукапераймання, параўн. таранда, тарандзіць, гл. (параўн. Фасмер, 4, 21). Паводле Махэка₂ (649), у іх аснове прасл. *tratoriti (гл. тараторыць) з новымі экспрэсіўнымі суфіксамі, параўн. укр. дыял. тарамти́ти ’з брынчаннем кідаць’ і пад.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Таранда́ ’беларускі воз’ (Шпіл.), ’балбатун або балбатуха, што стракоча не змаўкаючы’ (ашм., Стан.), таранда́с, тарында́ ’воз з высокімі драбінамі для перавозкі сена’ (Шатал.), тарандо́ха ’жанчына, якая хутка і шмат гаворыць’ (драг., Нар. лекс.). Вытворныя ад тарандзіць (гл.), параўн. таранта, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тарата́йка ’лёгкая павозка на двух колах’ (ТСБМ, Некр. і Байк.), ’разбітая, старая брычка’ (Скарбы), ’лёгкая выязная каляска’ (Сцяшк.), тарата́йка ’балбатун’ (жытк., Жыв. НС). Укр. тарата́йка ’лёгкі вазок на двух колах’, дыял. ’расхістаная мэбля; дзіцячая цацка’, рус. тарата́йка ’лёгкі вазок’, балг. разм. і дыял. тарата́йка ’старая павозка’, макед. таратайка ’тс’. Мяркуюць, што можа быць звязана з таранта́с, гл. (Фасмер, 4, 23; ЕСУМ, 5, 518); аднак, несумненна, звязваецца з гукапераймальнымі па паходжанні словамі тарата, таранда, таранта і пад., гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Таранта́с ’дарожная павозка на чатырох колах, звычайна крытая; каламажка’ (ТСБМ, Некр. і Байк.), ’вялікі воз для перавозкі сена і снапоў’ (Касп.; в.-дзв., Шатал.), ’чатырохкалёсная гаспадарчая павозка’ (в.-дзв., паст., брасл., лудз., глыб., Сл. ПЗБ). Укр., рус. таранта́с, польск., чэш., славац. tarantas, славен. tarantás, серб.-харв. тарантас, балг. таранта́с. Магчыма, цюркізм, параўн. тат. тарантас ’тс’ (ЕСУМ, 5, 519). У якасці вытворнай асновы называлася таксама рус. таранти́ть ’трашчаць, стракатаць’, тарато́рить ’трашчаць’ (Гараеў, 360). На магчымае гукапераймальнае паходжанне ўказвае Фасмер (4, 22), параўноўваючы з таратайка (гл.) пры наяўнасці ў апошняга значэння ’балбатун’. Параўн. таранта, таранда, гл. Ластоўскі для рус. таранта́с ’павозка на доўгіх зыбучых планках’ прыводзіць уласныя адпаведнікі зы́баўка, го́йдаўка (Ласт.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)