Та́ліць ’прасці вельмі тонкай ніткай, высакаякасна’ (мёрск., Ск. нар. мовы). Гл. талька.

*Талі́ць1, толы́ты ’насычаць, карміць’ (драг., Бел.-укр. ізал.), часцей у прыставачных утварэннях наталіць (гл.): яго нічым ні наталіш (Сержп. Прымхі), утолі́ць ’задаволіць, насыціць’ (ТС). Параўн. укр. толи́ти ’заспакойваць’, палес. толи́ть ’раскормліваць, пічкаць’, рус. толи́ть ’тс’, ст.-польск. tolić ’тс’, славац. táliť sa ’добра харчавацца’, серб.-харв. то̀лити ’заспакойваць’, славен. toliti ’сунімаць, супакойваць’. Прасл. *toliti/*taliti, каўзатыў ад *tьlěti (гл. тлець), параўн. літ. tìlti ’стаяць моўчкі’, лат. tilinât ’распешчваць (дзіця)’, ст.-ірл. tuiti ’спаць’, магчыма, ст.-в.-ням. stilli ’ціхі’ (Фасмер, 4, 71; Бязлай, 4, 194; Варбат, Этимология–1970, 59; ЕСУМ, 5, 593). Гл. таксама уталяць.

*Талі́ць2, толі́ць ’збіраць, хаваць’: толіць тые грошы (ТС), та́лыты ’сцягваць у адно месца; траціць’ (Арх. Вяр.), сюды ж дзеяслоў шматкратнага дзеяння талаваць, гл. Лічыцца адаптаваным запазычаннем з цюркскіх моў, у якасці крыніцы прапануецца крым.-тат. тала ’дзерці, рабаваць’, роднаснае манг. tala ’рабаваць’ і пад. (Фасмер, 4, 15; ЕСУМ, 5, 509).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Наталі́ць ’насыціць; задаволіць’ (ашм., Сцяшк. Сл.), ’насыціць (у ядзе, адзенні)’ (Янк. 3.), натолы́ты ’тс’ (Клім.). Гл. талі́ць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Паталі́ць ’наталіць’, ’насыціць’, паталя́ць ’насычаць вадой’, ’спачувальна адносіцца да больш слабых’ (ТСБМ). Да талі́ць, наталі́ць, патоля (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ста́ліць ‘спрасці вельмі тонкай ніткай, высокаякасна’ (мёрск., Ск. нар. мовы). Уяўляе прыставачнае ўтварэнне ад талі́ць ‘прасці вельмі тонкай ніткай, высакаякасна’ (там жа), параўн. та́лька ‘тонкая нітка пры прадзенні; маток нітак’, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Талава́ць ’вытоптваць, вытраўляць; утоптваць, трамбаваць’ (Гарэц., Юрч.), ’мучыць, цягаць’ (Сцяшк. Сл., Янк. 1), та́ловаць ’таптаць, мяць’ (ТС), та́ловать ’знішчаць’ (Альп.), та́ловаты ’цягаць, сцягваць у адно месца’ (Арх. Вяр.), талава́цца ’тоўпіцца’ (Юрч., Ян.). Параўн. укр. талува́ти ’таптаць, утоптваць; нядбала ставіцца’, рус. талова́ть ’красці’, иста́ловать ’знішчаць’. Згодна Вярэнічу (Арх. Вяр., 452), палеская форма суадносіцца з та́лыты ’сцягваць у адно месца; траціць’. Гл. таліць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

То́лаг ’падонкі, буза’ (Ласт.). Няясна; відаць, звязана са славац. talug ’гной у ране’, н.-луж. taług, tałog ’гной, гнойная маса’, серб.-харв. та́лог, tolȏg ’асадак, падонкі’, балг. та́лог ’асадак, ціна, іл’, макед. талог ’тс’. Прасл. *talogъ ’асадак’, якое звязваюць з *talъ ’талы, бясснежны’ (Шустар-Шэўц, 1496, гл. талы) і, магчыма, з *toliti ’паміраць; супакойваць’ (Бязлай, 4, 151), параўн. таліць1, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тлець, тле́цца ’гніючы, разбурацца’, ’гарэць без полымя’, ’гніць, трухлець, парахнець’ (ТСБМ, Гарэц., Некр. і Байк.), ’гарэць без полымя’; ’гніць’, (Ласт., ТС), tly ’бедаваць, цярпець нястачу’ (Федар. 4), тлі͡еті ’гніць, слаба гарэць’ (Вруб.), ст.-бел. тлети ’тс’ (XV ст., КГС), сюды ж тліць ’ператвараць у прах’ (Нас.). Укр. тлі́ти ’гнісці, распадацца, разбурацца’, рус. тлеть ’тс’, ’гарэць без полымя’, польск. tleć ’тс’, н.-луж. tłaś ’гнісці, разбурацца’, в.-луж. tłać ’тс’, чэш. tlít ’гнісці; павольна гаснуць’, славац. tlieť ’павольна гаснуць, тлець’, славен. tléti ’ціха без полымя гарэць; гнісці, распадацца’, макед. тлее ’гаснуць’, балг. тле́я ’гарэць без полымя; гнісці’, ст.-слав. тьдѣти ’тлець, гнісці, псавацца, гінуць’. З прасл. *tьlěti ’тлець’, звязанага з *tьliti ’губіць, псаваць’ і роднаснага да лат. tilt ’мякчэць, выбельвацца (пра лён)’. Лічаць верагоднай і сувязь з літ. tìlti ’сціхаць, замаўкаць’, tylė́ti ’маўчаць’, tylùs ’ціхі, маўклівы’, грэч. τέλμα ’калюжа, балота’, τελμίς ’гніль, твань’, арм. tełm, tiłm ’глей, гразь’, і.-е. *tel‑ ’быць ціхім’. Мартынаў (Язык, 30–31, 88) лічыць прасл. *tьlěti роднасным да *tьlo ’апрацаваная (выпаленая) зямля’, якое параўноўваецца з прагерм. tila, гоц. til ’урадлівая зямля’, асец. tillaeg ’ураджай’; паводле Куркінай (Этнолингвистика, ономастика, этимология. Екатеринбург, 2009, 151), *tьlo ’тс’ ад *tьlěti ’гарэць без полымя’, параўн. рус. дыял. тлиль ’выпаленае месца ў лесе’, ’выпалены ўчастак ў лесе, што засяваецца і дае добры ўраджай’, якое суадносіцца з серб.-харв. тљати ’спаць’, адсюль развіццё прыметы ’слабое праяўленне дзеяння, працэсу’ ў ’гарэць без полымя’. Фурлан (Бязлай, 4, 187) на падставе тло н. р., да тла: дровы догорѣли до тла (Нас.), ст.-слав. тьло, тьлꙗ ’цвёрдая зямля’, стараж.-рус. тьло ’зямля; под’ выводзіць адназоўнікавыя дзеясловы прасл. *tьlěti, *tьliti, роднасныя прасл. *toliti ’заміраць, супакойваць’ (гл. таліць1). Гл. яшчэ Фасмер, 4, 64; Махэк₂, 645; ЕСУМ, 5, 583; Борысь, 634 (адназоўнікавы дзеяслоў з семантыкай ’ператварацца ў зямлю’); Жураўлёў, Язык и миф, 110–111.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)