такаві́шча, -а, мн. -ы, -ві́шч і -аў, н.

Месца, дзе такуюць птушкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

такаві́шча

назоўнік, агульны, неадушаўлёны, неасабовы, ніякі род, 1 скланенне

адз. мн.
Н. такаві́шча такаві́шчы
Р. такаві́шча такаві́шчаў
такаві́шч
Д. такаві́шчу такаві́шчам
В. такаві́шча такаві́шчы
Т. такаві́шчам такаві́шчамі
М. такаві́шчы такаві́шчах

Крыніцы: krapivabr2012, nazounik2008, piskunou2012, sbm2012, tsblm1996, tsbm1984.

Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2025, актуальны правапіс)

такаві́шча I ср., охот. ток м., токови́ще

такаві́шча II ср. (для молотьбы) токови́ще, ток м.

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)

такаві́шча 1, ‑а, н.

Месца, дзе такуюць птушкі. Прыляцелі, сабраліся [глушцы], дзівакі, Дзе было такавішча, на ўзбярэжжы ракі. Лукша.

такаві́шча 2, ‑а, н.

1. Тое, што і ток ​2 (у 1 знач.).

2. Месца, дзе быў ток ​2 (у 1 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

токови́ще охотн. такаві́шча, -шча ср.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

токII м., охотн. такаві́шча, -шча ср.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

квакта́нне і квахта́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. квактаць, квахтаць, а таксама гукі гэтага дзеяння. З усіх бакоў чуцён быў мышыны піск, квактанне жаб, шапаценне. Мурашка. Падыходзячы да сасняку, мы пачулі квахтанне глушцоў, пачулі, як яны пералятаюць з месца на месца — верныя адзнакі такавішча. Гавеман.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ты́рла ‘месца на пашы, дзе стаіць жывёла (авечкі, каровы, коні) у час гарачыні або ноччу’ (ТСБМ), ‘месца збору і адпачынку касцоў’ (Ян.), тырло ‘месца, дзе ў поўдзень дояць кароў’ (П. Місько). Параўн. укр. ти́рло, те́рло, ти́рво ‘месца на пашы для збору жывёлы’, ‘такавішча’, рус. ты́рло ‘агароджанае месца, стойла для скаціны’. Паводле Фасмера (4, 132) і ЕСУМ (5, 572), запазычанне з рум. tîrlă ‘загон для авечак’, якое ўзыходзіць да серб. тр́ло ‘зімовае памяшканне для жывёлы’, дыял. трла̀ ‘тс’, харв. tŕlo ‘тс’, балг. тъ́рло, макед. трло ‘летні загон для авечак’, генетычна звязаных з прасл. tьr̥ti ‘церці’ > це́рці (гл.); мяркуемая зыходная форма *tьrdlo (Куркіна, Этимология–1976, 30). Сюды далучаюць таксама формы аналагічнага паходжання са значэннем ‘нераст, нерасцілішча’, ‘цёрла, церніца’ і інш., што ўзводзяць да прасл. *tŕ̥dlo (Борысь, 627) або да прасл. *tŕ̥lo, параўн. ст.-слав. тръло (ESJSt, 16, 991).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Такава́ць ’падклікаць спевам і рухамі самку ў перыяд спарвання (пра глушца і цецерука)’ (ТСБМ, Ласт., Некр. і Байк.; віц., Яшк. Мясц.), токова́ць ’тс’ (ТС). Укр. токува́ти, рус. токова́ть, польск. tokować ’тс’ (з XVIII ст.), каш. tokowac ’праяўляць жаданне супакоіць праявы хцівасці (пра суку)’, в.-луж. tokać (з чэшскай мовы: Шустар-Шэўц, 1512), чэш. tokat ’прывабліваць самку (пра цецерукоў)’, старое tokovati, славац. tokať ’тс’. Выводзіцца паходжанне слова ад гукаў, якія самцы ўтвараюць падчас любоўнай узбуджанасці (Міклашыч, 358; гл. таксама Махэк₂, 646; Рэйзак, 665); гукі самца-глушца параўноўваюць са шчоўканнем пазногця аб няпоўны пачак запалак (Федз.–Доўб., 37–38, 44). Параўн. акрамя чэшскіх і славацкіх дзеясловаў рус. пск. то́кать ’тукаць, стукаць, пастукваць’, таксама ’(пра цецерукоў) такаваць’, укр. то́кот ’сэрцабіццё’, токота́ти, токоті́ти ’мерна і часта стукаць’ і н.-луж. пераноснае tokotaś, tokontaś ’увесь час спатыкацца, хістацца’. Словаўтварэнне, як у кукаваць (гл.); адносіны да ток5 ’такаванка, такавішча (птушак)’ (гл.), з якога выводзілі дзеяслоў Брандт (РФВ, 25, 29–30) і Брукнер (573), застаюцца нявысветленымі. Гл. таксама Борысь, 637.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ток1 ’струмень, цячэнне, плынь’ (Ласт., Некр. і Байк.), ’электрычны зарад у правадніку’; ’электрычная энергія’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ), ст.-бел. токъ ’плынь’ (1535 г., КГС); часцей у спалучэннях выток, паток, атока (гл.). Параўн. рус. ток старое ’цячэнне’, ’электрычнасць’, польск. tok ’цячэнне, ход’, чэш. tok ’цячэнне, струмень’, славац. tok ’цячэнне’, н.-луж. tok ’рэчка’, славен. tok ’плынь, цячэнне’, серб.-харв. то̑к ’цячэнне; ход, напрамак’, балг. ток ’электрычнасць’, рэдка ’цячэнне’, макед. ток, тек ’цячэнне, ход’, ст.-слав. токъ ’цячэнне, плынь, струмень’. Прасл. *tokъ, роднаснае літ. tãkas ’сцежка, дарожка’, лат. taks ’тс’, што да і.-е. *tek‑ ’ісці, рухацца’ (Фасмер, 4, 69; Бязлай, 4, 191; Борысь, 637; Шустар-Шэўц, 1512), гл. цячы.

Ток2 ’гумно’ (ТСБМ, Касп., Варл., Сл. ПЗБ; леп., Яшк. Мясц.; ПСл, ТС; астрав., Ск. нар. мовы), ’будынак, дзе малоцяць’, ’гумнішча’, ’прыгуменне’ (полац., віл., арш., талач., ельск., ЛА, 4), ’месца ў гумне для малацьбы’ (Нас., Шат., Некр. і Байк., ПСл, Ян., Сцяц. Сл., Сцяшк., Бяльк.; ашм., Стан.; Мат. Гом.), ’пляцоўка для абмалоту збожжа’ (ТСБМ; ст.-дар., Нар. ск.), ’свабоднае роўнае месца, пляц, плошча’ (Ласт.), ’глінабітная пляцоўка’ (ТС, ЛА, 4), ’земляная падлога (звычайна гліняная)’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ, Сцяшк., Сцяц. Сл., Мат. Гом., Ян., ПСл; палес., Шатал.), ’под у печы, чарэнь’ (Сцяшк., Сл. ПЗБ, Сцяц., Гіл.; палес., Шатал.; ЛА, 4), істо́к ’тс’ (ЛА, 4), ток ’цвёрдае дно (вадаёма, ракі)’ (лун., Шатал.), тэк ’земляная падлога’ (там жа), тык ’пляцоўка для малацьбы ў гумне’ (кам., Сл. ПЗБ), тӥк ’тс’, ’глінабітная падлога’ (Горбач, Зах.-пол. гов.), тік ’тс’ (Сл. Брэс.), сюды ж токо́ваты, токо́васты ’цвёрды, утоптаны, выбіты’ (ТС), ст.-бел. токъ ’ток, пляцоўка для абмалоту збожжа’ (1559 г., КГС). Укр. тік ’памяшканне для малацьбы’, рус. ток ’расчышчанае месца, пляцоўка для малацьбы, ачысткі і прасушкі збожжа’, польск., славац. дыял. tok ’тс’, балг. дыял. ток ’гумно, месца малацьбы’, ст.-слав. токъ ’тс’. З прасл. *tokъ ’утаптанае для малацьбы месца’, а літаральна — ’месца, дзе бегаюць коні ці іншая жывёла, з дапамогай якіх малоцяць (пры старым спосабе малацьбы)’. Роднаснае (з чаргаваннем галосных) да прасл. *tekti ’бегчы, цячы’ (Фасмер, 4, 69, 70; Брукнер, 573; Махэк₂, 646; ЕСУМ, 5, 578).

Ток3 ’растоплены, вытаплены тлушч’ (Мат. Гом., ТС; брагін., Нар. словатв.; жытк., Жыв. сл.; мазыр., ГЧ), ’тлушч’ (Шатал., ПСл), ’тук’, ток, тук ’тлушч’, ’тлушч са смажанага сала’ (Сл. Брэс.). Укр. дыял. ток, тік ’растоплены тлушч’. З іншым вакалізмам роднаснае да цячы < прасл. *tekti. Параўн. тук, гл.

Ток4 ст.-бел. ’утулка з дном, у якую укладалі задні канец гусарскай дзіды, каб павялічыць сілу удару’ (Arche, 2008, 1–2, 85). Параўн. укр. точо́к ’похва для бруска ў касароў’, польск. tok ’трубчастая падстаўка, у якую ўстаўляецца канец дзіды’, ст.-польск. tok ’карыта, жолаб’, ’кадаўб’, славен. tok ’калчан’, серб.-харв. ток ’тс’, то̀чир ’пасудзіна з рога для бруска ў касароў’, ст.-слав. токъ ’калчан’. Этымалогія няпэўная. Борысь (637) лічыць аддзеяслоўным назоўнікам ад *tekti (гл. цячы) са значэннем ’тое, што робіць мажлівым цячэнне, напр., карыта’. Акрамя магчымага запазычання з венгерскай і румынскай моў (Скок, 3, 479), што цяжка давесці, прапануецца сувязь з *tъkati (Бязлай, 4, 148–149) (гл. тыкаць) або з *točiti ’вастрыць’ (ЕСУМ, 5, бі 1), гл. тачыць.

Ток5 ’шлюбныя гульні глушцоў, цецерукоў і іншых птушак, такаванне’, ’месца, дзе такуюць цецерукі, глушцы, бакасы’ (Некр.), на таку́ ’падчас такавання’ (Пятк. 1), ст.-бел. токътакавішча (цецерукоў)’ (1663 г., КГС). Гл. такаваць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)