Мальга́ ’дробная рыбка’ (брасл., бярэз., докш., Сл. ПЗБ), мальгва́, мыльгва́, мальгве́ча ’рыбныя маляўкі’, ’маладняк увогуле’, ’дробная неўрадлівая бульба, плады, ягады’, ’малеча, дзеці’ (Нас., Бяльк.; Яшк., З жыцця; слаўг., Яшк., Мат. Маг.), мальгоўка ’маляўка’ (Нас.), мальва́ ’тс’ (Ян., Растарг.), ма́льгва ’дробязь, глупства’ (Бяльк.). Укр. мільга́, паўн.-жытомірск. мо̂лʼга́ ’верхаводка, Alburnus alburnus L.’, ’малькі’. Рус. мальва́, мальга́ ’дробная рыба’, ’дзеці, малеча’, ’малодшы сын’, ’дробныя грошы’, мальга́вка, мальгва́ ’дробная рыба’. Усходнеславянскі балтызм. Параўн. літ. malė ’дробныя рыбкі’, лат. male ’рыба Blicca argyroleuca’ (Мюленбах-Эндзелін, 2, 557). Утвораны пры дапамозе суфікса ‑ʼга (напр., сіньга́ ’від рыбы’) і суфікса ‑ва (напр., дзятва́, братва́) або ў выніку кантамінацыі лексем мальга́ і мальва́. Параўн. таксама бел. моль3, молька, рус. моль, мольва, мольга́, молява ’малькі’, ’дробная рыбка’, моль ’моль’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сіня́к1 ‘грыб махавік жоўта-буры’ (гарад., дзятл., драг., Сл. ПЗБ; Жыв. сл.). Да сіні (гл.), паводле колеру, таму што грыб сінее на зломе. Параўн. таксама ўкр. синя́к ‘грыб Agarikus necator’, польск. siniak ‘грыб Boletus Cyanescens’ і г. д.

Сіня́к2 ‘лешч, Abramis brama L.’ (Жукаў), іншыя назвы — сіньга́, сіне́ц (Жыв. св.), параўн. укр. синя́к ‘верхаводка’, синьга́ ‘лешч’, рус. си́нька ‘верхаводка’, синьга́ ‘лешч’. Да сіні (гл.), колер рыб характарызуецца як “синеватый с зеленоватым отливом” (Каламіец, Рыбы, 27). Гл. таксама сінец.

Сіня́к3 ‘птушка попаўзень, Sitta europea L.’ (ПСл), іншая назва — сівы дзятлік (Жыв. св.), параўн. укр. синя́к ‘голуб, Columba oenas L.’. Паводле колеру апярэння, звычайна ‘цёмна-шэры’, параўн. сівак2 (гл.) і колеравую падмену ў сіваваронка/сіняваронка ‘сіваграк (ЛА, 1).

Сіняк4 ‘расліна Succisella Reck.’ (Кіс.), сюды ж сінякве́т, сі́ні цвет ‘расліна Echium vulgare L.’ (Кіс.), параўн. укр. синя́к ‘тс’, рус. синя́к ‘тс’. Да сіні (гл.), што абумоўлена звычайна колерам кветак.

Сіня́к5 ‘сіняя неўрадлівая зямля’ (Мат. Гом.), ‘балотная глеістая зямля’ (Сл. ПЗБ), ‘ворная неўрадлівая зямля на нізкім месцы’ (Сцяц.). Да сіні (гл.), параўн. сівак1 (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)