Субо́р ’натоўп, зборышча’ (маст., Нар. сл.), ’сходка’: субор дзеўкам; ’сабор’, ’куча камення’ (Станк.), субо́рна субо́та ’першая субота ў вялікі пост’ (ТС). Гл. субар; да апошняга параўн. збо́рна (збо́рава) субо́та ’тс’: идуть у цэркву люди, паминають радителяу (Талстая, Полес., 220), ад *sъ‑borъ, гл. браць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сабо́р1 ’у дарэвалюцыйнай Расіі — сход службовых ці выбарных асоб’, ’сход ці з’езд прадстаўнікоў вышэйшага духавенства хрысціянскай царквы’, ’галоўная або вялікая царква ў горадзе, манастыры’ (ТСБМ), ’царква’ (Сцяшк.). З рус. собо́р ’тс’ (Крукоўскі, Уплыў, 56), якое запазычана з царкоўнаславянскай, параўн. ст.-рус. съборъ, ст.-слав. съборъ, першапачаткова ’сход духавенства’ < прасл. *sъbrati. Калька з грэч. συναγωγή ’сход’. Гл. Фасмер, 3, 704 з літаратурай.

Сабо́р2 ’куча’ (Сл. ПЗБ), ’набор’ (Нар. лекс.). Гл. субор.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Су́бар ’сумесь збожжавага насення’ (Нас.; парыц., Янк. Мат.; Мат. Гом.; асіп., Сл. ПЗБ; маг., гом., ЛА, 4), ’зерневыя адходы пры веянні збожжа’ (Мат. Маг.; рагач., асіп., Сл. ПЗБ; Шатал., Ян.; ЛА, 2), су́бырь, су́барь ’розная мука, сабраная ў млыне ад дзесяціны’ (Шымк. Собр.), ’высеўкі, вотрубі’ (Растарг.), субо́р ’куча дробнага камення, сабраная на полі’ (Касп.; полац., Нар. лекс.), ’мука, атрыманая ад памолу сумесі ячменю і грэчкі’ (Ян.), ’натоўп, зборышча’ (Станк.; маст., Нар. сл.), сюды ж су́барны: субарная мука ’мука з сумесі рознага збожжа’ (глыб., Сл. ПЗБ; ЛА, 4), суба́рніца ’сумесь рознага збожжа’ (глыб., Сл. ПЗБ), суба́рніна ’бязглуздзіца, кавардак’ (Касп.). Рус. суба́р ’адходы, сумесь’, пск. субо́р ’каменне, сабранае з поля і складзенае ў кучу’. З су- і браць, гл. (Фасмер, 3, 791–792). Параўн. аналагічнае славен. sọbra ’крупы’ < *sǫ‑bьra (Сной у Бязлай, 3, 282), што дае падставы для рэканструкцыі *sǫ‑borъ (Куркіна, Этимология–1994–1996, 206). Значэнне ’куча камення на полі’ не звязана з бор ’узвышэнне, пясчаны бугор’ (Талстой, Геогр., 40). Борысь (Prefiks., 93) узнаўляе прасл. *sǫborь/*sǫborъ < прасл. *sъ‑berǫ, *‑bьrati з адпаведнікамі ў балцкіх мовах: літ. súmbaris ’ссыпанне, складванне разам’, sǫ́barios ’дажынкі’, лат. suobara ’сумесь розных гатункаў збожжа’. Варбат (Слав. языкозн., VII, 110–111) больш позняй праславянскай лічыць і *sǫbarъ з падаўжэннем апафанічнага *o ў корані аналагічна *udarъ.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)