Страмі́на ‘драбіна’ (ТС), страмы́на ‘прыстаўныя драбіны’ (Кольб.; брэсц., пін., стол., Нар. лекс.), страбы́на, страмы́на, страмэ́на, стромы́на ‘тс’ (Сл. Брэс.), страмя́нка ‘лескі; драбіна’ (Сцяшк. Сл.), страмы́нка ‘зрубленае маладое дрэва з сукамі, па якім паднімаюцца на дрэва да вулля’ (Анох.). Параўн. укр. дыял. стра́мина, страми́на ‘драбіна’. Да стром, стромы, гл.; першаснае значэнне адлюстравала ў страмынка (Мяркулава, Этим. иссл., 4, 6–7). Паводле Борыся (Czak. stud., 125), узыходзіць да прасл. *strama/*stramъ ‘вертыкальны ці гарызантальны слупок як апора’, дэрыватаў з падаўжэннем каранёвага галоснага ад прасл. *stromiti, старога каузатыва да *strъměti, гл. страміць.

Страміна́ ‘круты схіл, абрыў, круча’ (Нас., Скарбы). Параўн. укр. стре́мʼя ‘абрыў, моцнае цячэнне’, строми́на, стромина́ ‘абрыў, круча’, рус. дан. стре́мя ‘цячэнне, ток ракі’. Да стро́мы, гл. стромкі (Міклашыч, 325; Праабражэнскі, 2, 396; Фасмер, 3, 775; ЕСУМ, 5, 437–438).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Стрэ́м’е ‘незамёрзлае месца на ледзяной паверхні рэчкі’ (ПСл). Гл. страміна.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Стро́мкі ‘круты, абрывісты’, ‘роўны, высокі, стройны’ (ТСБМ, Ласт.), ‘роўны і высокі’ (Нас., Байк. і Некр.), ‘абрывісты’ (Касп.), ‘тонкі, высокі, стройны’ (Бяльк., Нар. Гом.), ‘круты (аб страсе)’ (Варл., Сл. ПЗБ), стро́мы ‘вельмі круты; круты, стромкі’ (ТСБМ, Сцяшк., Сл. ПЗБ, ЛА, 2), стро́мкі ‘круты; высокі і тонкі’ (ТС), стро́мка ‘тонка і высока, стройна’ (Гарэц.), стро́мкость ‘круцізна’, стромчы́на ‘тс’ (ТС). Укр. стрімкий ‘круты, абрывісты’, стромый ‘тс’, рус. стромкий ‘высокі, круты’, ст.-рус. (XV ст.) стромый ‘тс’, польск. stromy ‘круты’ (з усх.-слав. моў — Борысь, 580). Прасл. дыял. *stromъ, паводле Борыся (там жа), аддзеяслоўны дэрыват ад прасл. *strъměti ‘тырчаць, выпінацца’; прыметнік страмны́ ‘круты, абрывісты’ (воран., Сл. ПЗБ), разам з рус. стрёмый, стрёмный ‘хуткі’, чэш. strmý ‘круты’, славац. strmý ‘тс’, ‘інтэнсіўны, моцны, хуткі’, славен. stŕm ‘круты, абрывісты’, балг. стръ́мен ‘тс’, макед. стрм ‘тс’, ст.-слав. стрьмъ ‘тс’, адлюстроўваюць прасл. *strьmъ, *strьmenъ, прыметнікі, што захоўваюць зыходны вакалізм дзеяслова *strьměti (Борысь, Etymologie, 180; Глухак, 589; Варбат, Этимология–1994–1996, 39). Параўн. стро́ма ‘абрыў’, гл. страміна́. Звязана чаргаваннем галосных з стрымгалоў (гл.); гл. яшчэ Фасмер, 3, 781.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Стрэ́мя1 ‘сукаватая яловая падстаўка, па якой падымаюцца на “падкур” (прыстасаванне, якое абараняе борць ад мядзведзяў)’ (Рам. 8). Гл. страмі́на.

Стрэ́мя2, Р. скл. стрэ́мя і стрэ́мені ‘прыстасаванне для ўпору нагі конніка’ (ТСБМ, Байк. і Некр.), стрымена ‘тс’, мн. л. стрэмена́ ‘тс’ (Бес., Шымк. Собр.), стрэмянё ‘стрэмя’ (Сцяшк.), стримоно ‘тс’ (Турэцка-беларускі размоўнік, 1836 г., Нью-Ёрк., 1995). Параўн. укр. стре́ме́но́, стре́мін, рус. стре́мя ‘стрэмя’, стараж.-рус. стремень, стрьмень, польск. strzemię, в.-луж. třmjeň, н.-луж. tśmjeń, чэш. střmen, славац. strmeň, славен. stréme, серб.-харв. стр̏ме̑н, балг. стре́ме ‘тс’, макед. стремен ‘тс’. Прасл. *stremę, як мяркуюць (гл. Бязлай, 3, 327 з літ-рай), ідэнтычна грэч. στρέμμα ‘нешта скручанае, нітка; выгін’, якое з’яўляецца nomen actionis ад дзеяслова στρέφω ‘віць, плесці’, і.-е. корань *strebh‑ ‘тс’, параўн. яшчэ грэч. στρόφο ‘вяроўка, паласа’. На думку Сноя₁ (613), славяне да VI ст., ві даць, страмёны мелі плеценыя з нейкіх матэрыялаў, напрыклад, з рамянёў. Гл. аналагічна Борысь, 584. Супастаўлялі таксама з рус. пастро́мка ‘пастронак’ і *strъmъ (гл. стромкі); гл Фасмер, 3, 775; Брукнер, 522; Праабражэнскі, 2, 397.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)