Страка́ ‘пятля (вушка) у лапцях’ (глыб., паст., Сл. ПЗБ, Мат. Гом.), стро́кі ‘вушкі ў лапцях’ (Жд. 3, Мат. Маг.; барыс., Шатал.), “доўгія вяроўчатыя валокі, якія працягваюцца праз сярэднія вушкі і ўтвараюць па абодвух бакох пяткі пастолу вялікія петлі — строкі” (Серб. Вічын), сюды ж стро́чанікі ‘лапці (лепшага вырабу)’ (Мат. Гом.), стро́чка ‘стужка’ (Ян.). Параўн. укр. строка́ ‘рант у пасталах’, строчаки́ ‘шнуркі для прывязвання лапцей’, стрічка ‘стужка, тасёмка’, дыял. стри́чка ‘пятля для лоўлі птушак’, рус. строка́ ‘радок лыка пры пляценні лапцей’, польск. дыял. stroka, strzoka ‘паласа’, ст.-польск. stroka ‘пояс, паласа, кропка’, в.-луж. tšoka ‘шрам, след ад апёка’. Бязлай (3, 332) адносіць сюды ж славен. stróka ‘слой, нізка’ і серб.-харв. стро̏ка ‘кароста ў авечак’, štroka ‘нейкая хвароба ў свіней’. Літ. strakà ‘слой, нізка’ запазычана з славянскай. Слова роднаснае строк ‘авадзень’ (гл.), яго першаснае значэнне меркавалася як ‘укол; кропка’ (Міклашыч, 325; Траўтман, 284; Фасмер, 3, 780; Шустар-Шэўц, 1548), параўн. строк3 (гл.). Паводле ЕСУМ (5, 444, 447–448), частка ўкраінскіх слоў лічыцца запазычанай з польскай і далей з ням. Strick ‘вяроўка, завязка’, што не выключае кантамінацыі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Стро́чка ‘стужка’ (Бяльк., Ян., Мат. Гом.). Укр. стрі́чка ‘тс’. Да страка (гл.); як мяркуюць аўтары ЕСУМ (5, 448), “паколатая” стужка.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Страчо́к ‘грыб, які мае карычневую шапку, часткова зрослую з ножкай’ (ТСБМ, ЛА, 1), ‘глузд веснавы, Gyromitra esculenta Fr.’, ‘смаржок, Morchella’ (Сярж.–Яшк.), старчо́к, тарчо́к ‘тс’ (там жа), стро́чка ‘грыб Gyromitra’ (петрык., там жа). Параўн. укр. строчо́к ‘грыб Gyromitra esculenta Fr.; лісічка звычайная, Cantharellus cibarius Fr.; грыб сядловіца, Helvella Fr.’, рус. строчо́к ‘грыб Gyromitra esculenta’, строчёк ‘від смарчка, Helvella mitra’, польск. stroczek ‘лісічка’, ‘грыб Merulius’, чэш. stroček ‘лісічка’, паводле Махэка₂ (582), з польск. stroczek. Не вельмі ясна, фармальна да страка́ (гл.), але падставы намінацыі не зусім зразумелыя; магчыма, звязана з строчка ‘стужка, фальбона’ (гл.), польск. stroka ‘галун, шляк, абрамленне, фалда’, што адпавядае знешняму выгляду грыбоў. ЕСУМ (5, 450) прапануе рэканструкцыю прасл. дыял. *stročьkь, што звязана з *strokъ са значэннем ‘укол’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Стры́каць ‘утвараць нажніцамі гук стрыгання’, ‘рабіць рэзкія папрокі’, ‘рабіць непрыемныя выхадкі, дабівацца чаго-небудзь’ (Нас.), ‘пстрыкаць’ (ТС), стры́кнуць ‘стрыгануць, выцяць; зрабіць рэзкі папрок’ (Нас.), стрык ‘пстрычка’ (Нас.). Борысь (584) адрознівае прасл. *strěkati ‘калоць; пячы крапівою’ (гл. стрыка́ць) і прасл. дыял. *strikati, якое працягваюць укр. дыял. стри́кати ‘скакаць; пырскаць’, польск. strzykać ‘выцякаць; цячы перарывістым моцным струменем, пырскаць’, в.-луж. třikać ‘кідаць’, чэш. střikat ‘пырскаць’, славац. дыял. strihac ‘балець з перапынкамі; торгаць’, а таксама, відаць, серб.-харв. stȑcati, štrcati ‘пырскаць’, балг. щра́кам ‘пстрыкаць, стукаць’, макед. штрака ‘шчоўкаць’; сюды ж ён уключае і беларускае стры́каць (гл.). Далей этымалогія няясная. Стры́кнуць, магчыма, звязана з стры́гнуць (гл.) як “глухі” варыянт з гукапераймальнай (імітацыйнай) асновай.

Стрыка́ць ‘апякаць крапівою’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Касп., Бяльк., Байк. і Некр., Др.-Падб., Янк. 3.), ‘кусаць, джыгаць’ (Нас.), стрыкну́ць ‘апячы крапівою, джыгнуць; узбудзіць, падбухторыць’ (Нас., Гарэц.), стрыка́цца ‘пячыся (аб крапіве)’ (Жд. 2, Мат. Гом.). Укр. стрика́ти, рус. стрека́ть, стараж.-рус. стрѣкати ‘калоць, джаліць’, ц.-слав. стрѣкаты ‘калоць’, польск. strzykać ‘калоць’, серб. дыял. стре́кнути ‘укалоць’, макед. штрекне ‘кальнуць’, ст.-слав. стрѣкати ‘калоць, джаліць’. Прасл. *strěkati; звязана чаргаваннем галосных з страка́, стро́кі (Траўтман, 289; Фасмер, 3, 773). Адносна фанетыкі беларускіх слоў (ы < е) гл. Карскі, 1, 188. Бязлай (3, 326) аб’ядноўвае папярэдні дзеяслоў і *strěkati у адной праформе *strḗk‑ і адносіць да і.-е. базы *ster‑k‑ ‘зацвярдзець’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Строк1 ‘авадзень’ (Маш., Дразд., Сцяц. Сл., Скарбы; кіраў., Нар. сл.), ‘здрок, Gasterophilidae’ (Федар. 4, Сцяшк. Сл.; брэсц., гродз., шчуч., ЛА, 1), строк, стрэк ‘авадзень’ (гродз., свісл., шчуч., баран., асіп., пін., гарад., Сл. ПЗБ; ЛА, 1), страк, стрэк ‘страказа’ (дзятл., шчуч., Сл. ПЗБ). Рус. строка́, стрёк ‘авадзень, сляпень’, ц.-слав. стръкъ, чэш. streček, славац. streček, н.-луж. stśak, в.-луж. ćělčk, серб.-харв. штр̑к ‘тс’, балг. щръ́клица. Прасл. *strěkъ (рэканструкцыя Махэка₂, 585). Вытворнае ад *strěkati, гл. стрыка́ць. Шустар-Шэўц (1367–1368) як праславянскае ўзнаўляе *strečьkъ. Арашонкава і інш. (Весці, 1969, 4, 129) бел. строк параўноўваюць з літ. straglỹs//straklys ‘страказа’, stràkas ‘бойкае дзіця’, strakùs ‘здольны высока падскочыць’, straksėti ‘падскокваць’, што, магчыма, датычыць толькі значэння ‘страказа’, гл. Астрэйка, АКД, 8. Фасмер (там жа), прынамсі параўнанне з strakùs лічыць ненадзейным, а Махэк₂ (там жа) у якасці паралелі прыводзіць ням. stechen ‘калоць’ з ‑к‑ замест g і ўстаўкай ‑r‑.

Строк2 ‘тэрмін’ (Бяльк., Пятк. 2, ТС; беласт., Сл. ПЗБ; Жд. 1, Ян.; в.-дзв., Шатал.). З рус. срок ‘тс’ з устаўным т (паходзіць ад *sъrekti ‘дамовіцца’, гл. рэкнуць).

Строк3 ‘від шва’ (Сл. рэг. лекс.), стро́чка ‘шво’ (Мат. Гом.). Узыходзіць да прасл. *strokъ ‘укол, пракол’, звязанага чаргаваннем з прасл. *strěkati ‘калоць’ (ЕСУМ, 5, 448). Адсюль страчы́ць ‘шыць, вышываць суцэльным швом’ (ТСБМ), ‘шыць уручную’ (мядз., Сл. ПЗБ). Параўн. страка (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)