со́кал, -а, мн. -ы, -аў, м.

Драпежная птушка з моцнай дзюбай і доўгімі вострымі крыламі.

Палёт сокала.

|| памянш. сако́лік, -а, мн. -і, -аў, м.

|| прым. сакалі́ны, -ая, -ае.

С. зрок (як у сокала).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

со́кал, а, м.

1. Драпежная птушка сямейства сакаліных з моцнай дзюбай і доўгімі вострымі крыламі. // звычайна мн. (со́калы, ‑аў). Высок. Пра лётчыкаў, касманаўтаў. Чалавек у космасе! Як гэта здорава, сябры! Крылом кранае зоры Наш, савецкі, сокал. А. Александровіч.

2. Пра смелага, прыгожага юнака, мужчыну. — Сын мой? І адкуль ты? Сокал ясны! — Да грудзей прыпала галавой. Астрэйка. І плакала Хрысця, што іх разлучылі, Што сокалу крылы Звязалі, скруцілі. Арочка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Со́кал ‘драпежная птушка сямейства сакаліных, Falco’ (ТСБМ, Байк. і Некр.), часцей сако́л ‘тс’ (Гарэц., Федар., Ласт., Стан.). Укр. со́кіл, рус. со́кол, дыял. соко́л, польск. sokół, в.-луж., н.-луж. sokoł, чэш., славац. sokol, серб.-харв. со̀ко̑, славен. sókol, балг. соко́л, макед. сокол ‘тс’. Прасл. *sokolъ ‘птушка Falco’. Лічаць роднасным ст.-інд. çakunas, çakúnis ‘нейкая птушка; вялікая птушка’ (гл. Фасмер, 3, 708–709 з літ-рай). Міклашыч (313), Брукнер (506), Шустар-Шэўц (1332) звязваюць з гукапераймальным сакатаць, а Борысь (566) мяркуе, што *sokolъ — дэрыват ад прасл. *sočiti (гл. сачыць), таму што гэта драпежнік высочвае і даганяе птушку. Паводле Пятлёвай (Этимология–2000–2002, 21–22), першасным значэннем магло быць ‘рассякаючы, раздзіраючы’, што ўзыходзіць да дзеяслова з семантыкай ‘рэзаць, сячы, рваць’, якая захавалася ў соколі́ць ‘мярэжыць’ (ТС); пра корань сок‑ са значэннем ‘рэзаць’ гл. Куркіна, ОЛА, Исследов., 1994–1996, 202. Ускосным пацверджаннем такога развіцця можа служыць дэрыват сакольнік у цытаце: “… жыў гэты дзед больш за сто гадоў. Так усе і клікалі — сакольнік. <…> калі пасавалі найлепшыя хірургі, звярталіся да сакольніка” (Я. Колас), — які, відаць, быў амонімам да сако́льнік ‘той, хто даглядае лоўчых птушак, трэніруе і палюе з імі’, першасна звязаным з дзеясловамі тыпу славен. sókati, sókniti ‘ўкалоць (напр., нажом)’ і рус. дыял. соко́лик, соколе́ц, сокола́к ‘чорная жыла вялікага пальца рукі, vena pollicis; у коней жыла на назе, з якой пускаюць кроў’. Тады да *sěkti (гл. сячы), параўн. варыянтнасць галоснага ў сякера/сакера. Іншыя версіі гл. Пятлёва, там жа.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

сапса́н, -а, мн. -ы, -аў, м.

Драпежная птушка сямейства сакаліных, сапраўдны сокал.

Паляванне з сапсанам.

Развядзенне сапсанаў у вальерах.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

сако́лік, -а, мн. -і, -аў, м.

1. гл. сокал.

2. Пяшчотная назва юнака, дзіцяці, мужчыны (звычайна ў звароце і нар.-паэт.)

Сынок, с. мой дарагі!

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

сапса́н, а, м.

Драпежная птушка сямейства сакаліных, сапраўдны сокал. У Венгрыі правялі вопыты па выкарыстанню сокалаў-сапсанаў як вартаўніком. Матрунёнак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сако́лік, а, м.

1. Памянш.-ласк. да сокал (у 1, 2 знач.).

2. (звычайна ў звароце). Нар.-паэт. Ласкавая назва юнака, дзіцяці, мужчыны. А, дзядзька! дзядзечка, саколік! Насып мне ягад у прыполік! Колас. Грэйся, саколік! Я не шкадую. К коміну бліжэй сядай! Чарот.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

галубя́тнік, а, м.

1. Чалавек, які займаецца дрэсіроўкай галубоў; любіцель галубоў. [Віктару] таксама хацелася пахваліцца, што ён перабудаваў галубятню, нечакана пазнаёміўся з галубятнікам з суседняй вёскі, тутэйшым настаўнікам, і выменяў у яго пару рэдкіх паштавікоў. Шамякін.

2. Лоўчая птушка (ястраб, сокал), якую выпускаюць на галубоў.

3. Разм. Тое, што і галубятня.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прывіта́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. прывітаць.

2. Словы, рух, жэст, звернутыя да каго‑н. пры сустрэчы, як знак добразычлівасці, дружалюбнасці. — Дзень добры, рабяты! — Вучні дружна адказалі на прывітанне. Гамолка. Пасля першых прывітанняў абодва знайшлі агульную тэму. Васілевіч. Паперадзе Ігнат Струміла — кіўком галавы абменьваецца прывітаннем. Гартны. // Разм. Зварот да блізкага знаёмага пры сустрэчы. — Прывітанне, Анёлак! — засмяяўся Кастусь, успомніўшы ўчарашняе. Ваданосаў. А-а, масквічкі! Ну, прывітанне, прывітанне! Рады вас бачыць на беларускай зямлі. Шчарбатаў.

3. Вусны або пісьмовы зварот да каго‑н., у якім выказваецца адабрэнне, добразычлівасць, пахвала. Прывітанне юбіляру. Прывітанне з’езду камсамола. □ Ка мне ў госці з прывітаннем шчырым І з песнямі калгаснікі прыйшлі. Купала. [Паўтарак:] Я перадам гэта пісьмо і ваша гарачае прывітанне будаўнікам Волга-Дона. Крапіва.

4. Сяброўскае пажаданне каму‑н. ад каго‑н. [Камандзір] перадаў мне прывітанне ад сяброў і знаёмых. Краўчанка. Ляці, мая песня, як сокал крылаты, Нясі прывітанне заходняму брату. А. Александровіч.

•••

З (камуністычным, сяброўскім і г. д.) прывітаннем — заключная форма ліста да каго‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

малаці́ць, ‑лачу, ‑лоціш, ‑лоціць; незак.

1. што і без дап. Выкалочваць, выбіваць зерне з каласоў, стручкоў і інш. цапамі, пры дапамозе малатарні ці камбайна. Малаціць ячмень у гумне. Малаціць гарох. □ Тут [на полі] камбайны і жнуць, І малоцяць услед... Журба.

2. перан.; чым, па чым, у што. Разм. Удараць, стукаць. Нехта адчайна малаціў жалезным крукам па буферы. Лынькоў. [Барташэвіч] раз’юшыўся і стаў малаціць нагамі і рукамі куды папала. Карпюк. // каго і без дап. Біць, збіваць, наносячы частыя ўдары. «Біць [маці] будзе, — падумаў Лёня Сокал.. — Як пачне малаціць, дык уцячы не паспееш». Нядзведскі.

3. перан.; што. Разм. Разбіваць, ламаць. Юзік ухапіў дзеравяны малаток і пачаў малаціць вокны. Мурашка. // каго. Забіваць, знішчаць. І пайшлі воіны ў атаку, рынуліся калоць, малаціць цемрашалаў. Бялевіч.

4. перан. Разм. Хутка гаварыць, лапатаць. Пачаў [старшыня гаварыць] ціха, спакойна, а потым як пайшоў, як пайшоў малаціць! Здатны на гаворку! Савіцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)