Сняце́й, снэтэ́й ‘сажа (хвароба хлебных злакаў)’ (бяроз., Шатал.), сніце́й ‘тс’ (івац., Нар. сл.), снытэ́й ‘тс’ (пін., Кольб.; стол., Нар. лекс.), сняты́й, сніт ‘тс’ (палес., гл. Выгонная, Лекс. Палесся, 76 і наст.), смяце́й, смяця́й ‘тс’ (гродз., Сл. ПЗБ), снітэ́й, снэтэ́й ‘тс’ (Сл. Брэс.). Укр. снить, сніті́й, сміті́й ‘тс’, польск. дыял. śnieć, в.-луж. sněc, snjeć, н.-луж. sněś, чэш. sněť, snět, серб.-харв. сни̏јет ‘тс’, смѐтлика ‘галаўня ў кукурузы’, славен. snẹ̑t, smet, smetljaj ‘галаўня ў збожжы’, балг. сне́тей ‘тс’. Прасл. *snětь, *snětъ ‘сажа’ Махэк₂ (564) лічыць звязаным з чэш. nítiti ‘распальваць агонь’, прасл. *gnětiti ‘запальваць’; гл. яшчэ Мяркулава (Очерки, 64), якая падкрэслівае натуральнасць семантычнага развіцца; ‘запаліць агонь’ → ‘абпаленае палена, галавешка’ → ‘раслінная сажа’; да семантыкі параўн. са́жа, рус. головня́, серб.-харв. га́ра, нова-в.-ням. Brand (ад brennen ‘гарэць’) ‘тс’. Менш верагодныя супастаўленні Шустара–Шэўца (1326–1327) з прасл. *snetъ ‘калода’ (гл. снет), а таксама рэканструкцыя прасл. *sъ‑gnětъ (Скок, 3, 297), супраць чаго Бязлай, 3, 279–280; гл. яшчэ Фасмер, 3, 698–699; Будзішэўска, Słown., 300; Міклашыч, 312; ЕСУМ, 5, 336–337.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Смяце́й ‘спарыння’ (Сцяшк., Нар. словатв.), ‘галаўня (хвароба раслін)’ (Сл. ПЗБ), смяце́нь (сметэ́нь) ‘тс’ (Шатал.). Гл. сняцей.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сні́тка1 ‘расліна, Aegopodium L.’ (ТСБМ, Ласт., Касп., Меер Крыч., Сцяшк.; мін., віц., Кіс.; ашм., бярэз., мін., шчуч., навагр., Сл. ПЗБ; ЛА, 1), сны́тка ‘тс’ (Нас., Бяльк.; маг., Кіс.; Дэмб. 1; бялын., Нар. сл.; круп., Сл. ПЗБ, ЛА, 1), сніць, шныць ‘маладыя лісточкі агароднай расліны’ (Гарэц.). Укр. сні́тка, снить, снит, сни́тка, рус. снить, сни́тка, сныть, сны́тка. Дыял. прасл. (усх.-слав.) *snětь/*snitь — рэканструкцыя Мяркулавай (Очерки, 62 і наст.), якая супастаўляе іх з польск. śniat ‘ствол дрэва’ (XVII ст.), чэш. snět ‘галіна’, snítek, snítka ‘калода’, славац. дыял. snět ‘ствол дрэва’, sneto ‘галіна’, а таксама ўкр. закарп. snit, snita ‘калода’, якія ўзводзяцца да і.-е. *snoi̯t‑, суадноснага з *snei̯t‑ ‘рэзаць’. Параўн. гоц. sneiꝥan, ст.-в.-ням. snīdan, ням. schneiden ‘рэзаць’. Матывацыя — тоўсты ствол расліны (“дудка”). Гл. Махэк₂, 564. Іншая версія — параўнанне з прасл. *snětъ ‘галаўня (у збажыне)’ (гл. сняцей), што не супадае па значэнні; гл. Фасмер, 3, 698–699 з літ-рай.

Сні́тка2 ‘птушка пліска’ (ПСл). Да сі́тка (гл. сітаўка) з устаўным ‑н‑.

Сні́тка3 ‘невялікая луста, скібка’ (Скарбы). Няясна. Магчыма, да сніт ‘дошка’ (гл. снет) або непасрэдна з ням. Schnitt ‘разрэз’, Schnitz ‘кавалак, скрыль’, сюды ж, відаць, і выраз выстругало его, як снітку (пра бягунку) (Федар. 4, 345).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)