Росси́я Расі́я, -сі́і ж.;

Росси́йская Федера́ция Расі́йская Федэра́цыя.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

Расе́я ’Расія, Вялікаросія’ (Байк. і Некр.); сюды ж Расейшчына ’тс’, расе́йскі ’расійскі, рускі’ (Байк. і Некр.), росе́йка ’прыежджая з Расіі’ (ТС). Параўн. рус. дыял. Росе́я, сіб. росе́ец, росе́йцы ’людзі, прышлыя з цэнтральнай Расіі’. Магчыма, запазычана з рускіх дыялектаў, а не праз пісьмовыя крыніцы, бо ў апошніх амаль не сустракаецца, не выключае і самастойнае ўтварэнне. Не нясе абражальнай семантыкі. Лічылася на Русі першасным, “народным” словам у адрозненні ад штучнай назвы Расія (Россия), што распаўсюджваецца ў Масковіі з пачатку XVI ст. як слова высокага стылю непасрэдна пад уплывам грэч. Ρως, Ρωσσία ў асяроддзі, дзе валодалі грэчаскай мовай, з патрыяршай канцылярыі ў Канстанцінопалі (Фасмер, 3, 505). Чаргаванне е/і, імаверна, залежыла ад націску і адпавядала фанетычнаму чаргаванню, пазней знікламу, параўн. Еўла́мпіяЛампе́я, рус. ли́лиябел. ліле́я, падобна, як Індыяіндзеец, маглі ўтварыцца асабовыя формы Расіярасе́ец, расе́йка; параўн. таксама варажы́цьварожэ́я, варажэ́йка, падары́цьпадарэ́йка ’жабрак’ і інш. (Сцяцко, Афікс. наз., 36, 37). Пэўнай мадэллю маглі паслужыць жаночыя імёны тыпу Саламея, Пелагея, Надзея, суадносныя з мужчынскімі імёнамі на ‑ей, накшталт Цімафей, Аляксей. Гл. падрабязней Кур’ян, Роднае слова, 2005, 4, 24.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Не́тра1 ’цяжкадаступнае месца ў багністым балоце, трушчобы’ (парыц., Янк. Мат.), ’непраходныя зараслі на балоце’ (ТС), ’поле, якое ніколі не апрацоўвалася’ (Жд. 1), не́тры ’густыя зараслі’ (Гарэц.), niétry ’niedostępne chrapy, porośnięte łozą, trzciną, olchą і wszelakim wiszem’ (Маш.), hustýje łózy, niètry, hrùzkije bałota (Пятк. 2), паводле Карскага (Труды, 479), «только полесское»; беласт. ńétra, nétra ’непраходная багна, непраходнае месца; зараслі, гушчар, непраходнае месца ў лесе’ (Лапіч, Term. geogr., 123), укр. не́тра, не́трі ’непраходныя зараслі, лес; захалусце, трушчоба’, рус. не́тря ’запаведны гай, запаведнік’ (паўдн., зах., Даль), параўн. таксама: «В Мярэчах попадаются именно те непроходимые местности, где гибнут заблудившиеся люди, и которые носят название «нетры» (смал., Максимов, Живая Россия, 3, 444). Найбольш верагодныя версіі: з не і *ter‑ (гл. церці), параўн. рус. трогать ’рухаць, кранаць’ і зафіксаванае на Беларусі значэнне ’поле, якое ніколі не апрацоўвалася’ (параўн. не́руш, не́варуш і пад.), гл. Фасмер, 3, 69; або з не і церабіць ’вырубаць, вычышчаць хмызняк, рыхтаваць участак пад поле і пад.’ з зыходным значэннем ’месца, дзе нельга церабіць лес’ або ’месца, дзе не цярэбяць лес’, гл. Талстой, Геогр., 180, а таксама Лапіч, Term. geogr., 123 (прыводзяцца формы trepeza/trebeza ’гушчар, зараслі’, да церабіць). Сумніцельна вывядзенне смал. нетра ’дрыгва’ з літ. nendré ’чарот’, параўн. Буга, 1, 412; Лаўчутэ, Балтизмы, 146, паводле Ільінскага (Працы кл. філал., 1, 235), — гэта словы роднасныя; збліжэнне апошнім (там жа) смал. не́тра з грэч. νῆτρον ’самапрадка’ адмаўляецца Фасмерам (3, 69). Гл. таксама Пятлёва, ОЛА–72, 212 (< *ne‑tьra), Гаўлава, Slavia, 40, 82. Літаратурнае нетры ’зямныя глыбіні, паклады, радовішчы’ (Гарэц., Яруш., ТСБМ) на аснове значэння ’багна’ пад уплывам рус. не́дра ’унутранасці зямлі’.

Не́тра2 ’машкара’ (Сл. ПЗБ), ’незлічоная колькасць’ (жлоб., Нар. сл.), ’вош’ (Шатал.), нэ́тра ’напасць, неадчэпны чалавек’ (драг., Нар. лекс., З нар. сл., Сл. Брэс.). Няясна; магчыма, паралельнае да нетра1не і церці ’кранаць, чапаць’), параўн. рус. нетря ’недатыка’ (паўдн., зах., Даль). Менш верагодна з літ. netyrà ’нячысты дух (аб жывёле)’ (Арашонкава і інш., Весці АН БССР, 1969, 4, 129). Збліжэнне Клімчука з серб.-харв. дыял. на̀трчица ’задзірака, хуліган’ (З нар. сл., 145) адхіляецца Запрудскім (Серб.-хорв.-бел. яз. соответствия. АКД, Мн., 1989, 8).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)