Радно́, радні́на ’тоўстае палатно з пянькі або льняной пражы, а таксама выраб з такога палатна’ (ТСБМ), ’грубае саматканае палатно’ (Арх. Федар.), ’саматканая посцілка з грубай пражы’ (Сцяшк.), ’палатно, тканае ў чатыры ніты’ (Варл.), ’тканіна з рыззя, посцілка’ (гродз., ваўк., беласт., чэрв., Сл. ПЗБ), ’грубае ільняное палатно, рэдка вытканае; прасціна або накрыўка на ложак з такога палатна’ (Федар.), ’атрэп’е’ (чэрв., Сл. ПЗБ), родно́ ’тс’ (ТС; драг., ЖНС), радні́на, радны́на ’грубае, даматканае палатно’ (Сл. ПЗБ, Касп.), радня́ны ’зроблены з радна’ (ТСБМ), радня́ны, радніно́вы ’зроблены з грубага палатна’ (пін., паст., Сл. ПЗБ), радня́ніца ’ніткі з адходаў ільну’ (Сцяшк.), сюды ж, відаць, радавы́ ’зроблены з грубай ільняной пражы’, радаво́е ’тканіна, вытканая ў рады’ (Сл. Брэс.), радаво́я ’пачаскі’ (баран., Сл. ПЗБ), ст.-бел. рядно, редно, рѧдно ’тоўстае палатно з ільняной або канаплянай пражы’, рус. дыял. редно́, рядно́, редни́на, редови́на, рядови́тина, редчи́на ’грубае палатно на рэдкай аснове для посцілак, мяшкоў’, польск. дыял. radno ’тканае ў рады палатно з дрэнных нітак’ (з беларускай мовы). Існуе некалькі версій паходжання слова. Даль звязвае назву са словам рэдкі (Даль, 3, 1763), гл. Праабражэнскі (2, 230) падае як утварэнне ад рад (гл.). Чумакова сцвярджае, што слова з’яўляецца назвай складанага спосаба ткання ўручную, пры якім атрымліваецца тканіна з перапляценнем у выглядзе касых прыступкавых радкоў, параўн.: рядны́й — тканый нарочито рядами (Нас., 571). Улічваючы гэта, яна прапануе разглядаць слова радно як субстантываваную форму прыметніка ра́дны, які быў утвораны на базе назоўніка рад, звязанага з абазначэннем асобай тэхнікі ткання і асобай фактуры тканіны. Такое тоўстае і шчыльнае палатно выкарыстоўвалася для гаспадарчых патрэбаў — на посцілкі, мяшкі, і з часам набыло значэнне ’грубая саматканая тканіна для гаспадарчых патрэбаў’. Замацаванню утварэння на ‑но (радно) спрыяла тое, што ў групе назваў саматканак ужо былі тэрміны тыпу сукно, палатно (Чумакова, Этимология–1968, 171–175). Аднак формы тыпу радаво́я ’пачаскі’ і асабліва радно́ ’атрэп’е’, параўн.: як трапаеш — атходзіць радно (чэрв., Сл. ПЗБ), сведчыць пра першаснае аднясенне назвы да працэсу апрацоўкі ільну або пянькі для аддзялення матэрыялу больш высокай якасці ад звычайнага, радавога, параўн. ст.-слав. издрѧдьнъ ’надзвычайны’, рус. из ряда (вон) ’вышэйшай якасці, выдатны’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сі́ні ‘колер, сярэдні паміж блакітным і фіялетавым’, (ТСБМ, Ласт., Некр. і Байк., Бяльк., Стан., Сл. ПЗБ, ТС), ‘цёмны’ (Ян.): сіня хмара (ТС), ‘бесталковы’ (шчуч., Сл. ПЗБ), сюды ж сіні камень ‘купарвас’ (Байк. і Некр., Бяльк.), сіні лён ‘нямочаны лён’ (астрав., Сл. ПЗБ). Укр. си́ний, рус. си́ний, ст.-рус. синь, рус.-ц.-слав. синь ‘сіні колер’, польск. siny, чэш., славац. siný, харв. sȋnj, серб. си̑њӣ ‘шэраваты, сіні’, славен. sínji ‘шэры, шэраваты, сіняваты’, балг., макед. син. Махэк₂ (543) прасл. форму ўзнаўляе як *sinь, але заўважае, што заканчэнне n‑jь не мае аналогіі ў назвах колераў. Прасл. *sinь, *sinьjь. Роднаснае сіяць і сівы, гл. (Фасмер, 3, 624; Скок, 3, 239–249; Брукнер, 492; Сной₁, 568); а таксама літ. šývas ‘светлай масці’, šėmas, šė̃mas ‘попельнага колеру, шэраваты’, ст.-інд. śyāmáh ‘чорны, цёмнага колеру’ і інш., гл. Траўтман, 306; Персаў 32; Майргофер, 3, 383; Ерне, Die slav. Farbenbenennungen, Uppsala, 1954, 81 і наст.; БЕР, 6, 655–663. Мяркуецца, што слова роднаснае таксама ст.-іран. axsaena, асец. œxsīn, афг. sīn ‘цёмна-шэры’, што было прадстаўлена ў першай частцы скіф. Axšaina‑ у назве Чорнага мора (раней Сіняе мора, грэч. Πόντος Ἅξεινος), што можа быць і крыніцай для *sinь (гл. Абаеў, 1, 220; Глухак, 548; Мартынаў, Язык, 52; Лома, Пракосово, 40). Да і.-е. кі‑ ‘цёмна-шэры’ з суф. *‑ńь (Борысь, 548). Параўн. сівы. Інакш Сной₁ (568), які звязвае з прасл. *sьjati ‘ззяць’ < і.-е. кораня *skei̯‑ ‘свяціцца, блішчэць’, адкуль першаснае значэнне славянскага слова ‘колер ззяючага неба’. Талстыя (Полес. сб., 9) звярнулі ўвагу на палеска-сербска-харвацкую ізасему си́не редно́ ‘суровае палатно’ — си̑њ ‘жаўтаваты, попельна-шэры’ (акрамя значэнняў ‘сіні’ і ‘чорны’), што дае падставы для рэканструкцыі зыходнага значэння як ‘цёмна-шэры, шэры’ (Іванова, Зб. Бархудараву, 288).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)