пішчо́м

прыслоўе

станоўч. выш. найвыш.
пішчо́м - -

Крыніцы: krapivabr2012, piskunou2012, prym2009, sbm2012, tsbm1984.

Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2025, актуальны правапіс)

пішчо́м нареч., разг. насты́рно;

п. ле́зці — насты́рно лезть

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)

пішчо́м, прысл.

У выразе: пішчом лезці гл. лезці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыстасава́нец, ‑нца, м.

Чалавек, які прыстасоўваецца да абставін, утойваючы свае сапраўдныя намеры, погляды. У аповесці «Здрада» В. Быкаў непрымірыма, страсна выкрывае «філасофію» шкурніка і прыстасаванца Блішчынскага, аднаго з тых, хто ў першыя дні вайны перабягаў на бок ворага. Гіст. бел. сав. літ. — А Сашка таксама добры прыстасаванец! Пішчом лезе туды, дзе выгодней. Трэба пайсці іх разагнаць. Паслядовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Пішч1 ж. р. ’ежа’ (пін., гродз., Сл. ПЗБ; Бяльк.; Юрч. СНЛ), пі́шча ’тс’ (шальч., Сл. ПЗБ). Разам з рус. пища, балг. пи́ща ’тс’, з ц.-слав., якое са ст.-слав. пища < прасл. *pitʼja са значэннем ’корм, ежа для скаціны’ (гл. Мартынаў, Этимология–1968, 16–18): польск. pica ’правіянт’, н.-луж., в.-луж. pica ’ежа, корм’, чэш. píce, славац. pica, славен. píča, серб.-харв. пи̏ћа ’тс’. Да прасл. *pitati, роднаснага літ. piẽtūs ’абед’, ’поўдзень’, ст.-інд. pitú‑ ’ежа’, авест. pitu‑ ’блюда’, piϑwā ’частка ежы’ < і.-е. *poi̯‑, *pi‑ (Міклашыч, 247; Фасмер, 3, 270; Бязлай, 3, 44, ESJSt, 11, 647). Сюды ж рагач. пішчаві́к ’стрававод’, шчуч. пішчаво́я горла ’тс’ (Сл. ПЗБ; ЛА, 1). Адсячэнне канчатка ў пішч, магчыма, пад уплывам назоўніка корм.

Пішч2 ’рагавы стрыжань пяра’ (лях., івац., пін. ЛА, 1), ’адростак новага пяра’ (клец., лях., івац., там жа). Чэш. pisk ’тс’, славац. piski ’пер’е’, серб.-харв. пи̏ска ’кароткі кол, якім штурхаюць цяжкія прадметы’, pȉska ’абрубак дрэва, пень’, ’трэска’, балг. пы́ска ’клін, які ўстаўляецца ў дышаль’, пы́сек ’сошка, што ўстаўляецца адным канцом у дышаль, другім — у перадок пасада’. Прасл. *piskъ (для бел. формы — *piskjь) /*piska, якія, паводле Варбат (Этимология–1976, 35–38), узыходзяць да *pьx‑ ’калючы, востры (абрубак)’ > ’адростак новага пяра’ і ’кол’; сюды ж, магчыма, і пішчом лезці ’клінам’?), хаця народная этымалогія звязвае пішч з піскам: ’з піскам, з крыкам’ (ТСБМ, Янк. БП, Шат., Стан.), параўн. народны выразі пішчыць, а лезе = настойліва, нахабна прабіраецца, прэцца. Зрэшты, апошняе можна параўнаць з рус. дыял. пишшой ’гвалтоўна, сілком’, якое Мяркулава (Этимология–1976, 100) адносіць да *pisti ’напіхваць’, што выводзіцца на падставе рус. наўг. пища́ ’густы лес’, з *pistъ ’густы’, роднаснае *pьxati, гл. піхаць, пішчу́га.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ле́зці, лезу, лезеш, лезе; пр. лез, ‑ла; заг. лезь; незак.

1. Хапаючыся рукамі і чапляючыся нагамі, карабкацца, узбірацца, падымацца ўверх або спускацца ўніз. Лезці на дрэва. □ Немцы лезлі ўгару па ўсходах. Чорны. [Яначка] ідзе ў хату, лезе на печ і лажыцца плячыма на чарэнь. Крапіва.

2. Забірацца куды‑н., у што‑н., пранікаць унутр чаго‑н. Андрэй хапае каласнік і зноў лезе ў паравозную кабіну. Васілёнак. Уся белая, лезла ў акно чаромха. Васілевіч. // Паўзком, сагнуўшыся, пранікаць куды‑н., а таксама выбірацца адтуль. Лезці пад стол. Лезці з пограба. □ Адзін за адным [рабочыя] з вялікімі перасцярогамі лезлі пад падлогу. Лынькоў. // Уступаць, улазіць у што‑н.; забірацца. [Мірон:] — Эх, не хочацца зноў лезці ў сцюдзёную ваду! Маўр. [Тата] збірае грыбы і ўсё лезе туды, дзе густа стаяць калючыя ёлачкі. Брыль. // Глыбока апускацца, ўлазіць у што‑н. мяккае; грузнуць. Ногі [быкоў] у зямлю лезуць. Колас. Мох прарваўшы, коні капытамі Лезлі ўсё глыбей у глей густы. Бялевіч. // Пранікаць куды‑н. Дым з камінка лезе ў вочы. Колас. З балот хмарамі плылі камары і надакучліва лезлі ў вочы, вушы, упіваліся ў лоб, абсядалі рукі. Новікаў. // перан. Пранікаючы, назойліва дакучаць (пра гук, пах і пад.). Акрамя шуму ветру, больш нічога не лезла ў вушы. Дамашэвіч.

3. Пранікаць, уваходзіць куды‑н. тайком, крадучыся (з мэтай грабяжу, забойства). Усю ноч [Койферу] трызнілася, што хтосьці паўзе да дома, рэжа вартавых і лезе праз акно да яго. Шамякін.

4. Забірацца рукой унутр чаго‑н. Лезці за пазуху. Лезці ў кішэню.

5. (звычайна з адмоўем). Уваходзіць, змяшчацца. Грэбень не лезе ў валасы. Шафа не лезе ў дзверы. Кнігі не лезуць у партфель. // Надзявацца, быць якраз (пра абутак, адзенне). Чаравік не лезе на нагу. □ Рука гарэла, як у агні, набухала, не лезла ў рукаў сарочкі. Лынькоў. Абяцаная шапка на вушы не лезе. Прыказка.

6. Прабівацца, выбівацца наверх. Глядзелі мы, як з моху лезе За грыбам грыб у летні час. Бялевіч. У гародчыку пад акном лезуць з-пад прызбы зялёныя парастачкі дзікай вяргіні. Пташнікаў. // перан. Настойліва ўзнікаць, з’яўляцца (пра думкі, пачуцці і пад.). Лезла ў грудзі крыўда, Матчын стогн і крык. Бядуля. Баязліваму страх у вочы лезе. Прымаўка.

7. Насоўвацца, налазіць. З грукатам і звонам адна на адну лезлі цыстэрны. Федасеенка. [Вецер] сагнаў хмары ў адно месца, і яны лезлі адна на адну, ачышчаючы неба. Чорны. // Спускацца, спаўзаць, дрэнна трымацца. [Хлапчук] вёў за сабой старога, выглядаючы дарогу з-пад шапкі-кучомкі, што лезла на вочы. Ракітны. / Пра валасы, кудзеркі. Чорныя кольцы валасоў растрапаліся, прыліпалі да лба, лезлі ў вочы. Васілевіч.

8. перан. Разм. Настойліва ісці, праходзіць, пранікаць куды‑н., нягледзячы на забарону, перашкоды, цяжкасці. Дзянікінцы лезлі назойліва, лезлі ўпарта, як раненыя драпежныя звяры, і нічога не магло іх стрымаць, бо тая пазіцыя, якую займалі чырвоныя, была незвычайна важная. Колас. // Імкнуцца прыняць удзел, умяшацца (у бой, бойку, сварку і пад.). Лезці ў спрэчку. □ Меў .. [Кулага] гонар ці быў такі сарамлівы, але ў гутарку ніколі не лез, а ўсё толькі слухаў. Шахавец. // Неадабр. Умешвацца (у чыё‑н. жыццё, чужыя справы і пад.). [Шмульке:] — Ты слесар, Бруно, там твая і работа. У другое не ўмешвайся, не лезь, не заўважай. Лынькоў. — Не лезь не ў свой клопат, — скрывіўся Сева і .. сціснуў кулакі. Карпаў. // Настойліва, назойліва звяртацца з чым‑н. да каго‑н., прыставаць, дакучаць. [Саламон:] — Перастань! Не лезь з глупствам! Бядуля.

9. Разм. Імкнуцца стаць, зрабіцца кім‑н., заняць больш высокае становішча, пасаду. Лезці ў начальнікі. □ Я — салдат, радавы і ў страі і ў паэзіі. Да высокіх пасад не імкнуся, не лезу я. А. Вольскі.

10. Выпадаць (пра валасы, поўсць). Валасы лезуць.

11. Разм. Распаўзацца, рвацца (пра тканіну, скуру і пад.). Сукенка лезла па швах.

•••

Аж вочы на лоб лезуць гл. вока.

З горла лезе (валіцца, прэ) — мець вельмі многа чаго‑н. Пільнуй панскае дабро, а ў князя Радзівіла яно і так з горла лезла, не вартуючы. Лужанін.

Кусок (кавалак) у горла не лезе гл. кусок.

Лезці к чорту ў зубы — рашацца на што‑н. небяспечнае для жыцця.

Лезці (перціся) на ражон — рабіць што‑н. рызыкоўнае, загадзя асуджанае на няўдачу.

Лезці на сцяну — моцна раздражняцца, злавацца.

Лезці не ў сваё карыта — умешвацца не ў свае справы.

Лезці пад рукі каму — перашкаджаць каму‑н. працаваць, займацца чым‑н.

Лезці (вылузвацца) са скуры — старацца з усіх сіл.

Лезці сляпіцаю (асою) у вочы — назойліва прыставаць; дакучаць. Была, толькі адна бяда — машкара. І ўдзень і ўночы стаяла яна над галавою, лезла сляпіцай у вочы... Капыловіч.

Лезці ў бутэльку — раздражняцца, злавацца на каго‑н. (часта беспадстаўна).

Лезці ў бяду — апынацца ў цяжкім, крытычным становішчы.

Лезці ў вочы — а) старацца быць увесь час на віду, назойліва тырчаць перад вачыма; б) быць асабліва прыкметным, кідацца ў вочы. У .. [Мікуця] усё замітусілася ў ваччу, і ён толькі ўвесь час, пакуль хадзілі па ўсіх прамысловых, індустрыяльных і тэхнічных павільёнах выстаўкі, без плана і сістэмы азіраўся на ўсё адразу, што лезла ў вочы навокал яго. Чорны; в) назаляць чым‑н. [Сухалета:] — Што ты мне з гэтым мяшком у вочы лезеш? Вітка.

Лезці ў галаву — неадчэпна з’яўляцца ў памяці.

Лезці ў душу чыю — умешвацца ў чые‑н. асабістыя справы, пачуцці, перажыванні.

Лезці ў пятлю (вяроўку) — рызыкаваць жыццём; шукаць на сябе згубы.

На вочы лезці — імкнуцца быць заўсёды на віду.

Не лезе ў галаву — тое, што і не ідзе ў галаву (гл. ісці).

Не лезці ні ў якія вароты — быць ні на што не падобным.

Пішчом лезці — намагацца з усяе сілы, магчымасці.

У горла (у рот) не лезе што — няма ніякага жадання з’есці што‑н.

Хоць у пятлю лезь — аб пачуцці адчаю, бяссілля ад немагчымасці што‑н. зрабіць, каб выйсці з цяжкага становішча.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)