пільнава́цца, -ну́юся, -ну́ешся, -ну́ецца; -ну́йся; незак.

1. чаго. Знаходзіцца паблізу чаго-н., не адыходзіцца.

П. хаты.

2. каго. Хадзіць следам за кім-н., трымацца каго-н.

П. бацькі.

3. чаго. Удзяляць увагу чаму-н.

П. гаспадаркі.

4. чаго. Прытрымлівацца чаго-н., кіравацца чым-н.

П. правіл, дысцыпліны.

5. Асцерагацца, быць уважлівым.

Пераходзячы дарогу, трэба п.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

пільнава́цца

дзеяслоў, непераходны, незакончанае трыванне, зваротны, 1-е спражэнне

Цяперашні час
адз. мн.
1-я ас. пільну́юся пільну́емся
2-я ас. пільну́ешся пільну́ецеся
3-я ас. пільну́ецца пільну́юцца
Прошлы час
м. пільнава́ўся пільнава́ліся
ж. пільнава́лася
н. пільнава́лася
Загадны лад
2-я ас. пільну́йся пільну́йцеся
Дзеепрыслоўе
цяп. час пільну́ючыся

Крыніцы: dzsl2007, krapivabr2012, piskunou2012, sbm2012, tsblm1996, tsbm1984.

Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2025, актуальны правапіс)

пільнава́цца (каго, чаго) несов.

1. не отходи́ть;

п. ха́ты — не отходи́ть от до́ма;

2. (не упускать из виду) сле́довать; держа́ться, приде́рживаться;

п. даро́гі — держа́ться доро́ги;

п. ба́цькі — сле́довать за отцо́м;

3. сле́довать (чему), приде́рживаться; соблюда́ть, блюсти́;

4. не оставля́ть без внима́ния, без забо́ты;

п. гаспада́ркі — не оставля́ть без внима́ния хозя́йства;

5. (и без доп.) бере́чься, остерега́ться;

каб пільнава́ўся, то не захварэ́ў бые́сли бы берёгся (остерега́лся), то не заболе́л бы;

6. страд. охраня́ться, стере́чься, сторожи́ться; подстерега́ться; см. пільнава́ць 1, 2

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)

пільнава́цца, ‑ну́юся, ‑ну́ешся, ‑ну́ецца; незак.

1. Знаходзіцца паблізу чаго‑н., не адыходзіцца. Коні ішлі паціху, а мужчыны ззаду пільнаваліся вазоў. Чарнышэвіч. Ужо вось з тыдзень, як пан Богут Свайго пільнуецца двара І толькі выйдзе на дарогу, Калі надарыцца пара. Колас.

2. Хадзіць следам за кім‑н., не выпускаць з поля зроку; трымацца каго‑н. Дарэмна .. [Лісавета] старалася не хадзіць адна з вячорак або з вечарынак і заўсёды пільнавалася Алены Сташэвічавай. Чарнышэвіч. Вера ўжо раней, як толькі яе разлучылі з Нінай, вырашыла пільнавацца гэтай жанчыны. Мікуліч.

3. Удзяляць увагу чаму‑н. [Ціток:] — [Кандрат] толькі п’е ды ў карты гуляе, а гаспадаркі не пільнуецца. Лобан.

4. Прытрымлівацца чаго‑н., кіравацца чым‑н. — Мы больш за вас на свеце пражылі і ніякіх гэтых правілаў надта не пільнаваліся. Кулакоўскі. [Мірон:] — Як партызанам, так і падпольшчыкам трэба асабліва пільнавацца дысцыпліны, і не звычайнай дысцыпліны, а жалезнай. Лынькоў.

5. Асцерагацца, быць уважлівым. На станцыі трэба пільнавацца, каб не трапіць на вока гаспадару. Лынькоў. — Хіба ж бо гэта канечне трэба было яму пад тое дрэва лезці? Каб пільнаваўся, дык і не папаў бы, во што я вам скажу. Галавач.

6. Зал. да пільнаваць (у 1 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыгразі́цца, ‑гражуся, ‑грозішся, ‑грозіцца; зак.

Разм. Тое, што і прыгразіць. Пільнавацца трэба, калі Яўхім прыгразіўся!.. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

охраня́ться страд.

1. ахо́ўвацца, засцерага́цца;

2. ахо́ўвацца, вартава́цца, пільнава́цца; см. охраня́ть.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

стере́чься

1. прост. сцерагчы́ся; (остерегаться) асцерага́цца; (беречься) берагчы́ся;

2. страд. сцерагчы́ся, пільнава́цца; см. стере́чь.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

прытрымлівацца, трымацца, трымаць, пільнавацца

Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў, 2-е выданне (М. Клышка, правапіс да 2008 г.)

Пі́льна, пі́льня, пі́льно, пі́лна, пілне, пілно ’вельмі, настойліва’, ’неаслабна’, ’уважліва’, ’тэрмінова’, ’не адрываючыся, не паднімаючыся з гнязда’, ’старанна’, ’абавязкова’ (ТСБМ, Нас., Гарэц., Мядзв., Юрч., Яруш., Мал., Варл., Касп., Бяльк., Сл. ПЗБ, ТС; бялын., Янк. Мат.; Карскі, Труды; Мат. Маг.; Бяльк.), пі́льненечка ’ўважліва’ (Ян.); пільнава́ць, пілнава́ць, пільнява́ць, пільнува́ць, пільнова́ті, пільнува́тэ, пілмава́ць ’наглядаць, вартаваць, сцерагчы, сачыць, падпільноўваць, падсцерагаць’, ’старацца’, ’пасціць’, ’няньчыць’, ’марудзіць’; ’старанна працаваць’, ’трымацца гаспадаркі’ (ТСБМ, Шн. 1, Мядзв., Гарэц., Мал., Яруш., Нас.; барыс., Шн. 2; Бір. Дзярж.; Сцяшк. Сл., Шат., Касп., Варл., ТС, Сл. ПЗБ); пільнава́цца ’асцерагацца’ (Варл.), ’прытрымлівацца чаго-н.’ (Шат.), пільнява́цца ’тс’ (шальч., Сл. ПЗБ); пільнува́ння ’падсцераганне’, пільнасць ’асцярожнасць’ (Варл.), ’уважлівасць’ (шальч., Сл. ПЗБ), ’нагляд’ (Скарбы); пільноўка ’вартаванне, нагляданне за чым-н.’ (Нас.); пільны ’неадкладны, тэрміновы’ (навагр., Нар. словатв.), ’акуратны’, ’патрэбны, неабходны’, ’старанны’ (Нас., Шат.) — утворана ад дзеяслова *piliti (Насовіч, 414) > пілі́ць2 (гл.): прасл. *pil‑ьnъ(jь) > укр. пи́льний, рус. пил́ьный, пи́лен, польск., н.-, в.-луж. pilny, чэш., славац. pilný, ц.-слав. пильнъ; *pil‑ьnъ > *pilьno; *pil‑ьnъ > *pil‑ьn‑ova‑ti: укр. пильнува́ти, рус. паўд. пильнова́ть, польск. pilnować, pilować, н.-луж. pilnowaś se, чэш. ляш. piľovať, славац. pilnovať; не выключана магчымасць запазычання з польск. pilnować (Цвяткоў, Запіскі, 60; Мядзведскі; Булыка, Лекс. запазыч., 185). Тэдэска (Language, 27, 18) мяркуе, што прасл. pil‑ьnъ узнікла шляхам рэдукцыі з *pri‑lьg‑ьnъ, параўн. рус. приле́жный ’які старанна прыкладаецца да чаго-н., аддана прысвячаецца чаму-, каму-н.’ Міклашыч (246) супастаўляе pilьnъ з літ. pil̃nas ’старанны, уважлівы’, якое, аднак, з польск. pilny (Фрэнкель, 1, 591). Ондруш (SlW, 1975, 119) узводзіць прасл. *pil‑ьnъ(jь) ад незахаванага дзеяслова *piti ’рэзаць’ з наступным развіццём семантыкі ’баявы, змагар’ > ’настойлівы, старанны’; Шустар-Шэўц (14, 1064) звязвае лексему з літ. pìlti ’ліць, сыпаць’ > ’хутка цячы’ > ’хуткі, імклівы’; Станкевіч (Зб. Бірнбаўму, 1985, 412) выводзіць прасл. *pilьnъ ад *piliti, а апошняе — ад *pil‑/*pyl‑ ’певень’ (пры першаснай сувязі дзеяслова з семантыкай сексуальнага ўзбуджэння). Прымаючы пад увагу канкрэтныя значэнні ў некаторых слав. прыметнікаў: польск. pili ’свой, родны’, niepili ’чужы, незнаёмы, няродны’, чэш. pile ’клопат’, якое Шаўр (Etym. Brunensia, 109 і наст.) уводзіў у і.-е. гняздо *pei̯t‑ ’клапаціцца’, в.-луж. pilny ’тоўсты, тлусты’. Варбот (БСИ–1998–1999. М., 2000, 24–26) уключае ў кола вытворных гняздо і.-е. *pei̯(ə)‑/*pī̆‑ ’тлусцець’, ’знаходзіцца ў вялікай колькасці’ і прасл. *pilъ(jь), пазней — pilь(jь) са значэннем ’тлусты, тоўсты’ = ’адкормлены’, адсюль — ’свой, родны’. Ад *pilъ(jь) паходзіць дзеяслоў *piliti ’клапаціцца, старацца’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)