*Пу́ліць, пулы́ты ’тужыцца’ (палес., Бел.-укр. ізал.), пу́лытысь ’напружвацца з усіх сіл’ (драг., З нар. сл.), пу́лятысь ’тс’ (кобр., Сіг.). Клімчук (Бел.-укр. ізал.) параўноўваў з укр. закарп. упу́лити (очи) ’уставіцца’; Супрун (Веснік БДУ, 1974, 2, 20–25) уключае палескае слова ў гняздо *pul‑/*bul‑ разам з балг. пу́ля ’выпучваць (вочы)’, макед. пули ’ўгледзецца, уставіцца’, чэш. vypouliti оčі ’тс’, серб.-харв. дыял. испу́љити ’высунуць’ і пад.; акрамя дыял. рус. пу́литься ’глядзець упарта’. Чумакова (Этимология–1984, 222) дадае сюды разан. упу́литься ’глядзець у адну кропку’, пу́литься ’сіліцца, тужыцца’, поднапу́литься ’прывесці сябе ў стан напружання ўсіх фізічных сіл’; больш сумнеўным з-за семантычных цяжкасцей уяўляецца ўключэнне сюды рус. пуля́ть, пульну́ть ’кінуць, стрэльнуць’, в.-луж., н.-луж. pulać ’піхаць’, славен. púliti ’шчыпаць, біць’ і інш., гл. пуляць. Прасл. дыял. (?) *puliti ’высільвацца, напружвацца, выпучваць (вочы)’, далейшыя сувязі якога няясныя (Шустар-Шэўц, 2, 1190); параўнанне з літ. púlti ’падаць’ (Трубачоў, Серболуж. сб., 169), англ.-сакс. pullian ’цягнуць’ (Мацэнаўэр, 284) ненадзейныя, параўн. Бязлай, 3, 135; Сной, 514; Скок, 3, 73; гл. таксама Трубачоў, Зб. памяці Талстога, 1, 308: ідэнтыфікуе словы са значэннем ’выпучваць, напружвацца’ і ’шчыпаць, піхаць’, якія, спасылаючыся на Талстога (Избр. тр., 1, 254), узводзіць да экспрэсіўнай пары прасл. *puliti/*buliti. Гл. таксама ЕСУМ, 4, 630.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

*Пу́ляцца, пу́лятысь ’напружвацца з усіх сіл’ (кобр., Сіг.; Нар. лекс.). Шматкратны дзеяслоў ад пу́ліць (пу́лыты) ’тужыцца’ (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пуля́ты ’зіркала’: пуляты маліц (ушац., докш., барыс., ЛА, 3), ’з вялікімі вытарашчанымі вачыма’ (докш., Янк. Мат.; Варл.), ’вірлавокі’ (докш., барыс., Сл. ПЗБ), пулькаты ’тс’ (барыс., ЛА, 3), параўн. у Барадуліна: пуляты кілім, г. зн. ’яркі, выразны, які кідаецца ў вочы’. Ад пу́ліць ’тужыцца’, пуляцца ’напружвацца з усіх сіл’ (гл.), у тым ліку ’з папругай углядацца’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пуля́ць1 ’шпурляць, кідаць, страляць’ (ТСБМ; карэл.; Жыв. НС; Сцяц.), пуля́цца ’тс’ (Касп.), рус. пуля́ть ’кідаць; сварыцца’, пуляться ’тс’. Няясна, магчыма, да пу́ля ’куля’, параўн. Фасмер, 3, 405; аднак гл. Шустар-Шэўц, 2, 1190, які ўслед за Супруном (адносна рус. пульну́ть ’кінуць’ гл. Веснік БДУ, 1974, 2, 20–25) уключае названыя словы разам з в.-луж., н.-луж. pulać ’праганяць, адпіхваць’, польск. pulać ’цяжка несці’, славен. púliti ’шчыпаць; біць’ і пад. у агульнае гняздо слоў, што ўзыходзяць да прасл. *puliti, у аснове якога і.-е. pou‑ ’выстаўляцца, выпучвацца’; гл. таксама Сной, 514, які збліжае славен. puliti з літ. piáuti ’рэзаць, жаць, калоць’, лац. pavīre ’таўчы, таптаць’ і інш., што ўзыходзяць да і.-е. peu̯‑ ’таўчы’. Параўн. пуліць (гл.).

Пуля́ць2 аргат. ’купляць’ (Рам.). Узводзяць да грэч. πουλω ’прадаваць’ (гл. Лукашанец, Сацыялекты, 73), параўн. польск. аргат. pulać ’тс’. Змена семантыкі пад уплывам прыстаўкі пра- (про-), параўн. укр. пропу́льовати = про‑давати (Горбач, Арго, 27).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)