пра́жка

назоўнік, агульны, неадушаўлёны, неасабовы, жаночы род, 2 скланенне

адз. мн.
Н. пра́жка пра́жкі
Р. пра́жкі пра́жак
Д. пра́жцы пра́жкам
В. пра́жку пра́жкі
Т. пра́жкай
пра́жкаю
пра́жкамі
М. пра́жцы пра́жках

Крыніцы: nazounik2008, piskunou2012, sbm2012, tsbm1984.

Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2025, актуальны правапіс)

пра́жка, ‑і, ДМ ‑жцы; Р мн. ‑жак; ж.

Тое, што і спражка. На пражках паясоў паблісквалі пад сонцам выбітыя літары. Лынькоў. Падышоўшы бліжэй, .. [Алёшка] ўбачыў звычайную папружку з заржавелаю пражкай. Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Пра́жка ’спражка’ (ТСБМ, Касп., Сл. ПЗБ. Сл. Брэс., Шатал., Ян.). Рус., укр. пря́жка, славен. préga ’засцежка’. Дэрыват з суф. ‑ка ад праслав. *pręgǫ, *pręgti (гл. запрэгці, упрэгці і г. д.); параўн. Фасмер (3, 394). Гл. таксама спра́жка.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

расшпілі́цца, ‑пілюся, ‑пілішся, ‑піліцца; зак.

1. Расшпіліць на сабе адзенне. — Не, я ненадоўга, — стрымліваючы гнеў, адказаў Пазняк, зняў кепку, расшпіліўся і стомлена сеў пры стале. Дуброўскі.

2. Раз’яднацца, расшчапіцца, вызваліцца ад засцежкі. Каўнер расшпіліўся. // Перастаць трымаць што‑н. Гузікі расшпіліліся. □ Расшпілілася і целяпалася ззаду пражка ад камізэлька. Скрыган.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

целяпа́цца, ‑аецца; незак.

Разм.

1. Матляцца, будучы слаба прымацаваным або прымацаваным за адзін канец. Расшпілілася і целяпалася ззаду пражка ад камізэлькі. Скрыган. Трэцяя [жанчына] несла за плячыма мяшочак, які пры бегу целяпаўся і біў па спіне. Мележ.

2. Звісаць, шчыльна не прылягаючы (пра адзенне). Стракаты пінжак целяпаўся на вузкіх плячах. Хомчанка. Адна калошка ў штоніках у хлопчыка падкасана да калена, а другая, што целяпалася па назе, была мокрая і ў жоўтым пяску. Пташнікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Спо́на ‘перашкода’ (Нас.), спо́нкі ‘запінкі’ (навагр., Нар. сл.), спо́нка ‘запінка’ (лях., Сл. ПЗБ), ‘кнопка’ (Сцяшк. Сл., Жд.), ст.-бел. спонъка ‘аплятанне’ (Ст.-бел. лексікон). З польск. spona, spina ‘засцежка, пражка’, якое працягвае прасл. *spona, параўн. укр. спона, спіна ‘тс’, чэш. spona да прасл. *sъpinati, дзеяслова з ступенню падаўжэння ў корані, польск. sponki ‘бранзалеты’ (Брукнер, 510). Да пяць, ‑пінаць, якое, напрыклад, у запінацца з чаргаваннем.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Спра́жка ‘засцежка’ (ТСБМ, Нас., Некр. і Байк., Шат., Стан., Пятк. 2, Сл. ПЗБ, ЛА, 4). Параўн. польск. sprzążka ‘тс’, славен. préga ‘тс’, балг. радоп. спрʼо̂га, спро̂жда ‘тс’. Узыходзіць да *pręgti, прадстаўленага ў спрагаць (гл.), запрагаць, выпрагаць і інш. Гл. пражка. Куркіна (Диал. структура, 69) узводзіць да *sъprǫdja/*sъprędja ад *sъprędti, роднасным літ. sprę́sti ‘абцягваць, вымяраць’, чаму пярэчыць балгарская форма з г. Гл. таксама Брукнер, 436; Фасмер, 3, 394.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кля́мар1 ’драўляныя пласціны, якія ставяцца з абодвух бакоў сцяны і сцягваюцца жалезнымі прутамі для яе выраўноўвання і мацавання’ (ТСБМ, Нас., Сл. паўн.-зах.). Укр. клямра ’скаба для драўляных дэталей’, рус. клямра ’тс’. Запазычанне праз польск. klamra з с.-в.-ням. klamer ’тс’ (Слаўскі, 2, 185; ЕСУМ, 2, 469).

Кля́мар2 ’ціскі’ (Нас., Шат., Мат. Гом., Сцяшк.). Гл. клямар1.

Кля́мар3 ’скаба’ (Касп., Нар. сл., Сл. паўн.-зах.). Гл. клямар1.

Кля́мар4 ’суцэльная пражка, якая зашпільваецца на кручок’ (Мат. АС). Гл. клямар3.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ба́нька1 ’медычная пасудзіна’ (гл. Нас.). Рус. ба́нка ’тс’. Лічыцца запазычаннем з польск. мовы (Брукнер, KZ, 45, 26; Кохман, Kontakty, 103, асабліва 48–49). Аргументы супраць (Бернекер, 43; Фасмер, 1, 121; Шанскі, 1, Б, 34) не пераконваюць. У польск. мове bańka засведчана значна раней, чым ва ўсх.-слав. мовах (Кохман, там жа). Польск. слова ад bania ’пузатая пасудзіна’ (значэнне ’пасудзіна’ ў слав. banʼa з’явілася ўпершыню, здаецца, у зах. славян, гл. Трубачоў, Ремесл. терм., 292–293).

Ба́нька2 ’пасудзіна з вузкім горлам’ (Дразд., Вярэн.), ба́нка ’бляшанка для адстойвання смятаны’ (Сцяц.). Ст.-бел. банка (гл. Булыка, Запазыч.). Укр. ба́нька ’гліняная або шкляная вузкагорлая пасудзіна’, рус. ба́нка. Як і назва медычнай пасудзіны, запазычанне з польск. мовы (гл. банька1, там і літ-pa). Гл. яшчэ Трубачоў, Ремесл. терм., 289–293.

Ба́нька3 ’(цыліндрычнае) кольца, якім замацоўваецца каса на касільне’ (Шат., Касп., Нас., Бяльк., Янк. I, Янк. Мат., Юрч., Лысенка, ССП), таксама ба́нка (Лысенка, ССП), ба́начка, ба́нічка, ба́нечка (ДАБМ, 832). Далей сюды належыць ба́нька ’вялікае металічнае кольца (у дзвярах або сцяне); шпора’ (Гарэц.), ба́нька ’жалезная частка рэменя, пражка’ (Сакал., КЭС). Відавочна, усё да ба́нька1, 2 ’пасудзіна, бурбалка і г. д.’ (так ужо ў Даля). Развіццё значэнняў; ’штосьці круглае’ → ’(круглае, цыліндрычнае) кольца’, ’круглая пражка (пражка-кольца)’. Значэнне ’жалезнае кольца на касільне’ мае і рус. дыял. (заходняе) ба́нька.

Ба́нька4 ’расліна Nuphar luteum Sm., гарлачык жоўты’ (Бейл.). Ад банька ’пасудзіна’. Назва дадзена расліне па форме кветак. Параўн. яе рус. назву кубышка желтая, укр. глечики, кубишка, кувшинчик, збанок (Макавецкі, Sł. botan., 243). Іншыя бел. назвы: глечыкі, кушынкі, гарлачыкі, жбанкі (Кіс., 87–88).

Банька5 ’яма на сухім месцы, напоўненая вадой, дзе расце лотаць’ (Яшкін). Мабыць, метафара да банька ’пасудзіна’. У слав. і іншых мовах даволі частая з’ява, калі назвы рознага посуду ўжываюцца для абазначэння глыбокіх месц, ям, выбоін. Параўн. бел. бале́я (гл.), укр. казано́к, ми́ска, яндила́, яндола́, баде́ня (*bdьnь ’бодня’, гл. Балейкі, SSlav., 4, 399–400), славен. bédenj, čeběr (Безлай, SR, 5–7, 125, 141, 143). Гл. і геаграфічныя значэнні слав. слоў kadъlbъ, kazanъ, kotьlъ, krina, makotьra, lonьcь, bъdьnь (Талстой, Геогр.). Але, магчыма, звязана і з ба́ня2 (гл.).

Ба́нька6 ’бэлька’ (Шат., Янк. I). Значэнне слова развілося ў бел. мове (у суседніх мовах, здаецца, такой семантыкі няма) на аснове *banʼa, *banʼьka ’купал; скляпенне; столь’ (гл. баня1). Першапачатковае значэнне, відаць, было *’столевая бэлька’, *’бэлька скляпення’. Але можна ставіць пытанне аб паходжанні слова ад ба́нта, бант жэрдка, перакладзіна і да т. п.’ (гл.). Памяншальнае *бантка (> *банка) магло потым зазнаць уплыў (фанетычны!) слова ба́нька ’пасудзіна і да т. п.’ Гл. Краўчук, БЛ, 1975, 65.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Смаржо́к ‘ядомы грыб з маршчыністай шапкай, Morchella esculenta (Pers.) Fr.; Morchella conila Perg.’, смарчо́к ‘тс’ (ТСБМ), смаржо́к, смаршо́к, смаршчо́к, смарчо́к ‘тс’ (ЛА, 1, Сярж.–Яшк.), сморжкы́ ‘грыбы Morchella’ (Бейл.), а таксама сморж ‘тс’ (малар., Сярж.–Яшк.), ст.-бел. сморщкы ‘тс’ (Скарына). Укр. сморж, смо́ржій, змо́ршка, сморч, рус. сморчо́к, польск. smarz, smardz, в.-луж. smorž, smorža, н.-луж. smarž, чэш. smrž, славац. smrž, серб.-харв. смр́чак, славен. smȓček, макед. смрчка. Прасл. *smъrčь, smъržь (потым з другасным суф. ‑ъk‑). Фасмер (3, 692) звязвае з смаркаць і сморгаць (гл.), што да прасл. *smъrkati, *smъrgati. Мяркулава (Очерки, 168 і наст.) мяркуе, што гэтыя словы з’яўляюцца вымаўленчымі варыянтамі аднаго дзеяслова, магчыма, з экспансіўнай менай заднепаднябенных ‑к‑ і ‑g‑, а семантычна яны выступаюць як сінонімы са значэннем ‘тузаць, шморгаць’ і, не выключана, мелі адценне значэння ‘сцягваць, сціскаць, мяць, моршчыць’, адкуль у аснове назвы грыба магло быць уяўленне як аб нечым памятым, зморшчаным. На карысць гэтага сведчыць сморжкы́ ‘сукруткі’: пэрэкручэная пражка, збыраюцца сморжкы (Уладз.). Рэйзак (586), узводзячы назвы да тых жа праславянскіх дзеясловаў, першасным значэннем лічыць ‘слізкі грыб’, параўн. лат. smur̃gat ‘мазаць, пэцкаць’, літ. smùrgas ‘соплі’, што не ўзгадняецца з вонкавым выглядам грыба, ён таксама звяртае ўвагу на падобнасць славянскіх назваў да ням. morchel ‘смарчок’. Махэк₂ (562) мяркуе, што слова мае “праеўрапейскае” паходжанне.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)