Пе́тра-паўла ’божая кароўка, Coccinella septempunctata’ (брасл., ЛА, 1), Пётра–Паўла (міёр., брасл., З жыцця, 169). Другасна збліжаная з імёнамі апосталаў Пятра і Паўла назва, якую нельга адрываць ад бедрык ’тс’ (гл.) (Трубачоў, Этимология–1975, 12). Сюды ж пе́транка ’божая кароўка, Coccinella’ (Сцяшк. Сл.). Суфікс ‑ка, як у іншых ласкальных назвах насякомага: кароўка, андрэйка, бедарка, матрунка, кандратка і інш. (гл. Шаталава, З жыцця, 166–178). Параўн. пе́трык (гл.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
◎ Па́цярка ’божая кароўка’ (ваўк., Сцяшк. Сл.). Ад імя Пётр, Петра, Пятрук, + Петарка, параўн. аналагічныя назвы ў Шаталавай (З жыцця, 166–178). Назва відазменена паводле знешняга падабенства божых каровак да пацерак, ці нават да пацерак у пацерах (ідэя боскасці).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Пе́дарка ’божая кароўка’ (ст.-дар., Жыв. НС), педу́рка‑се́дурка (кам., Шатал.; З жыцця, 166; ЛА, 1) — вынік трансфармацыі асновы *bedr‑, першапачаткова прыметніка *bedrъ, утворанага ад дзеяслоўнай асновы *bed‑/*bod‑ ’калоць’, гл. бадаць 1; у адносінах да божай кароўкі можна гаварыць пра значэнне ’наколаты, пакрыты сямю кропкамі’. Лексема ўзнікла ў выніку другасных асэнсаванняў у сувязі з імёнамі людзей — у дадзеным выпадку Фёдар/Пётр і Сідар. Гл. таксама федарка, петра-паўла (Трубачоў, Эт. сл., 1, 180–182).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Андрэ́йка, андрэй, андручок, андрэйка‑калода, андрэйка‑канарэйка, андрэйка‑купарэйка, андрэйка‑лябёдка і інш. ’божая кароўка, Coccinella septempunctata’ (Шаталава, Веснік БДУ, 1970, 3, 65). Упадабненне імені — другасная з’ява, як і ў шэрагу іншых назваў насякомых, напр.: хвэдорко, пятрушачка, пэтрык, федарка, федрык, матрунька, пятрок, пэтрычок, пятрук, петрачка, петра, пытро і інш. Магчыма, назва паралельная да бэдрык, бэндрык, едрайко, едранец, вэдрык, ветрык, вадрык, відрык, параўн. польск. biedronka і wiodrunka. Напярэдадні дня св. Андрэя (29 лістапада) у палякаў моладзь варажыла пра будучага жаніха (andrzejki), а ў рускіх з гэтым днём звязаны народныя (павер’і аб надвор’і зімой (Даль, 1, 17); цікава адзначыць у сувязі з гэтым наўрад ці выпадковае выкарыстанне адной з назваў божай кароўкі ўкр. ведрик або бедрик у зімовых каляндарных песнях-шчадроўках. Але зімой, звычайна, андрэйкі не лятаюць, таму адзначым, што другі Андрэй святкаваўся 4 ліпеня. Усё гэта дае падставу для пераносу ўласнага імя Андрэй на насякомае і семантычных кантамінацый. Гл. ведрык.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)