Пеляні́ца ’цеста (з пшанічнае мукі)’ (рэч., Мат. Гом.). Відаць, няправільнае тлумачэнне ў арыгінале: Што мы захацелі, тое і зрабілі: із мукі пеляніцу, а із дзеўкі — маладзіцу. У такім выпадку — да паляніца (гл.). Пе‑ замест па‑, магчыма, пад уплывам пеклява́ная мука ’мука дробнага памолу’. Пелені́ца ’праснак’ (ТС). З пале́ніца ’праснак з кіслага цеста’, спечаны перад полымем (там жа). Параўн. пале́нік ’тоўсты блін’ (Касп.), паляні́ца ’праснак’ (Касп.), пазней — ’булка з пшанічнай мукі’ (Бяльк.), подполо́нык, пудполо́нэк ’тоўсты блін з хлебнага цеста (Сл. Брэс.), подпа́ленік, подпа́льнік (ТС), ополонык ’корж з хлебнага цеста, які пяклі ў печы пры полымі’ (драг., Вешт.), параўн. подпалок: напэкла подпалків пэрэд полумнем на сніданне (малар., Сл. Брэс.). Усе — да по́лымя (⁺поломніца/пламеніца, ⁺подпламеннік, о‑поломнык, подполомнік > подпаленік) і пад.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

По́пел ’рэшткі згарання, спальвання чаго-небудзь’ (ТСБМ), ст.-бел. попелъ (1269 г.), у іншых славянскіх мовах варыянты з пачатковай альтэрнацыяй по‑/пе‑: укр. по́піл, рус. пе́пел, рус. дыял. по́пел, ст.-рус. пепелъ/попелъ, польск. popiół, каш. popʼół, в.-луж. popjeł, н.-луж. popʼeł, палаб. püpél, чэш. popel, славац. popol, славен. pepêl, славен. дыял. popȇl, харв. pèpeo, серб. пѐпео, серб. дыял. попео, балг. пѐпел, ст.-слав. пепелъ/попелъ ’тс’. Найбольш пашыраная этымалогія (Міклашыч, 235; Брукнер, 431; Фасмер, 3, 234; Махэк₂, 429; БЕР, 5, 157–159) выводзіць слова з варыянтаў кораня *‑pel‑/*‑pol‑, прадстаўленых у палена, паліць, полымя з агульным семантычным кампанентам ’гарэць, паліць’, параўн. ст.-прус. pelanne ’попел, парахно’, літ. pelenaĩ (мн. л.), лат. pęlni ’тс’. Зусім верагодна, што прасл. *po‑pelъ літаральна ’спаленае рэчыва’ — аддзеяслоўнае ўтварэнне з прыстаўкай по- з семантыкай выніковасці дзеяння. Банькоўскі (2, 699) разглядае *pepelъ як старэйшую рэліктавую форму, а *popelъ‑ — у якасці паўн.-слав. інавацыі, выводзячы рэдуплікаванае прасл. *pe(l)‑pel‑ъ ’пыл’ ад *pol‑nǫ‑ti ’палымнець’. Паводле Карскага (2–3, 87), пачатак слова з падваеннем кораня зменены пад уплывам прыстаўкі *po‑. Іншая версія ўзводзіць слова да і.-е. *pel‑ ’парахно, пыл’, ’мука́’, ’нешта сцёртае ў муку’ (Голуб-Копечны, 286; Сной, 436), што прадстаўлена ў лац. pellō ’біць, капаціць’, pollen ’пыл, мука’, грэч. πάλη, таксама з рэдуплікаваным пачатковым элементам παι‑πάλη ’дробна змолатая мука’, ст.-інд. pálala ’працёртае зерне, каша’. Адсюль прасл. *po‑pelъ азначае ’нешта дробнае, стоўчанае, сцёртае ў муку’. Назіраецца таксама сумяшчэнне ў слав. мовах семантыкі ’падгарэлы, спечаны’ і ’выраб з мукі’, параўн. бел. падпалак ’блін, ляпёшка’, падпалонік ’тс’, польск. podpłomyk ’тс’, а таксама паляніца/ пеляніца (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)