Аспе́кт. З рус. аспе́кт (Крукоўскі, Уплыў, 76), дзе з 1718 (Біржакава, 344) пачаткова ў астранамічным значэнні з лац. aspectus ’погляд’ непасрэдна ці праз французскую мову (Шанскі, 1, А, 159) або нямецкую.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Арха́равец. З рускай мовы, дзе ўтворана ад прозвішча маскоўскага генерал-губернатара пач. XIX ст. Архарава, слова пачаткова азначала ’паліцэйскі’, а потым перайшло на шалапутнага чалавека. Фасмер, 1, 90; Шанскі, 1, А, 152; у апошнім указваецца на рускую крыніцу беларускага слова.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Апялю́ха ’шырокая трэска’ (БРС, абл.). Параўн. укр. пелюстка ’капусны ліст’, а таксама ’шырокі зубец, што знаходзіцца па баках тонкіх зубоў у прадзільным грэбні’ і пеле́ха ти ’рваць нешта ў вялікай колькасці’. Магчыма, пачаткова пелюха (суч. укр. ’пялюшка’ побач з пелюшка ’тс’) азначала тонкі слой чагосьці, што здымаецца з якога-небудзь прадмета, напр. ліст з капусты, у тым ліку і шырокую трэску, якая аддзяляецца ад дрэва. Гл. пялюшка.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Аске́т. Новае запазычанне з рускай (Крукоўскі, Уплыў, 76), дзе аскет (гэта форма з сярэдзіны XIX ст., з канца XVII — аскит) усталявалася пад нямецкім уплывам (ням. Asket), у той час як аскит (як і нямецкае слова) з грэч. ἀσκητής пачаткова ’чалавек, які практыкуецца’. На грэчаскую першакрыніцу беларускага слова ўказваў Булахаў, Курс суч., 163. Польск. asceta адлюстроўвае іншую галіну пашырэння слова ў Еўропе праз лацінскую мову.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Асмалі́ць ’абпаліць’ (Яруш.). Пачаткова ’пакрыць смалой’, а потым, у сувязі з тым што пры гэтым дрэва часта трымаюць на адкрытым агні, пераносна на іншыя прадметы — напр. парсюка ці гусь. Пераход вядомы і ў іншых славянскіх мовах. Адсюль: асма́лак ’галавешка’, асмалёнкі ’бульба з прыгаркай’ (Сцяц.); асмалёнак ’пра смуглага чорнавалосага чалавека’ (Сцяц.) адлюстроўвае яшчэ сувязь з чорным колерам смалы і абсмаленых прадметаў. Магчыма, што ва ўзнікненні слоў асмалёнкі і асмалёнак ёсць сувязь з коранем смаг‑ (параўн. смажыць), а сувязь з смала — вынік пазнейшай народнай этымалогіі.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)