*Папо́к1, ηοηόκ ’ступа’ (ТС). Этымалагічна тоеснае з поп (гл.); параўн. рус. дыял. поп ’цурка пры гульні ў рюхи, якая падае на мяжу’.

Папо́к2, папкі ’адуванчык лекавы, Taraxacum officinale Web.’ (Кіс.). Да поп (гл. папаўка).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

заганя́ць 1, ‑яю, ‑яеш, ‑яе.

Незак. да загнаць.

заганя́ць 2, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; зак., каго-што.

Разм.

1. Змарыць, давесці да стомы, прымушаючы многа хадзіць, бегаць і пад. Анісім Папок заганяў свайго Буланчыка, ездзячы ў раён. Сабаленка.

2. перан. Стаміць працай, шматлікімі даручэннямі, прыдзіркамі і пад. Мікіта. Шэпча сам сабе: «Добра, што хоць ніхто не ведае, а каб ведалі, заганялі б мяне людзі, затукалі б, а мо’ і яшчэ горай было б». Галавач. Свякроўка ж мяне заганяе, Ніколі мне не паспагадае. З нар.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пагадзі́цца, ‑гаджуся, ‑годзішся, ‑годзіцца; зак.

1. Выказаць сваю згоду з кім‑, чым‑н.; згадзіцца. Пагадзіцца з прапановай. □ — Так, нялёгкі быў час, — пагадзіўся.. [Понтус], намагаючыся стаць самавітым. Карпаў.

2. Разм. Даць згоду на што‑н., згадзіцца. З Іванам дамовіцца было не цяжка: ён адразу пагадзіўся быць правадніком. Новікаў.

3. Прыйсці да згоды, сысціся на чым‑н. Усе пагадзіліся ісці пехатою. □ Пагадзіліся на тым, што за старшыню будзе Анісім Папок. Сабаленка.

4. Памірыцца з кім‑н. Дзед Купрыян лічыць, што час Аўгініных прочак сышоў. Ёй трэба вярнуцца і пагадзіцца з Васілём. Колас. // Прымірыцца з чым‑н., прывыкнуць да чаго‑н. Камандзір усё не мог пагадзіцца, што людзей яму далі без выбару. Быкаў. Пра стажок ужо меней гаварылі, з горам-бядою пагадзіліся ў хаце. Колас.

5. Разм. Наняцца працаваць на пэўных умовах. Гаспадыня ўжо не рада была і той даплаце, за якую пагадзілася даглядаць Уладзіка. Марціновіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Пуп1 ’след ад пупавіны на целе’ (ТСБМ, Варл., ТС), ’пупавіна’ (Сл. ПЗБ, ТС, Шат.), ’страўнік у птушак’ (ЛА, 1; Сл. ПЗБ), ’ікра або малою ў рыбы’ (віц., Нар. лекс.; бяроз., Жыв. НС; полац., З нар. сл.), сюды ж пупо́к ’тс’ (Янк. 2), пуска́ти пу́па ’пускаць ікру, малою, нераставаць’ (Крыв.), пупарэ́зніца, пупарэ́зіца ’павітуха’ (Нас., Бяльк., Варл., Нік. Очерки), пу́пна ба́ба, пупы́ха, пупоре́зна баба, пупорэ́зка ’тс’ (палес., Зб. памяці Талстога, 2, 103); укр. пуп ’пуп’, пупо́к ’пуп, пупавіна; страўнік у птушак’, пупе́ць ’тс’, рус. пуп, пупо́к ’тс’, польск. pęp, pępek, в.-луж., н.-луж. pup, pupk, чэш. pupek, славац. pupok, серб.-харв. пу̑п, пу̏пак, балг. пъп, пъпо́к, макед. папок, дыял. pъmp (у розных значэннях). Прасл. *pǫpъ ’пупышка, прышч; пуп’, роднаснае літ. pam̃ti ’разбухаць’, лат. pàmpt ’набухаць, надувацца’, што разглядаецца як працяг і.-е. *pou‑, пашыранага элементам ‑m‑ (Фасмер, 3, 407; Шустар-Шэўц, 2, 1192; БЕР, 5, 854; Глухак, 512; Банькоўскі, 2, 538).

Пуп2 ’прылада, пры дапамозе якой робяць ганчарную пасуду’ (Жд. 2). Да пуп1 (з-за знешняга падабенства).

Пуп3 ’ручка касы’ (ДАБМ, камент., 831). Гл. пупок ’тс’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Поп1 ’праваслаўны святар’ (ТСБМ), ’святар’ (ТС); укр. піп, рус. поп, балг. поп, с.-харв. по̏п, славен. pòp, чэш., славац., польск., в.-луж. pop, палаб. püöp ’святар; настаўнік’. Са ст.-польск. pop < ст.-в.-ням. pfaffo ’святар; поп’ < познелац. papa ’тс’ < лац. papas ’настаўнік’ < грэч. πάππος ’дзед, продак’ (Фасмер, 3, 327; Чарных, 2, 56). Банькоўскі (2, 698) адмаўляе сувязь з апошнім, мяркуючы, што першапачаткова назва адносілася да паганскага святара, параўн. поп ’снегавік’ (ТС).

Поп2 ’адуванчык, Taraxacum’ (Мат. Гом.), папо́к, пупо́к ’тс’ (Кіс.), папы́, папкі́, папа́ўка ’нівянік, Leucanthemum (Кіс.), папы́, папакі́ ’скабіёза, Scabiosa’ (Кіс., ЭПБ), папкі́, по́пікі ’паўночнік, Knautia’ (Касп., Кіс.), папо́ўнік ’пірэтрум, Pyrethrum’ (ЭПБ), ’вятроўнік, Filipendula’ (Касп., Кіс.), ’баркун, Melilotus’ (Кіс., ЭПБ), папо́к ’канюшына, Trifolium’ (Бяльк.). Найбольш імаверна, названы гэтыя расліны так паводле вонкавага выгляду іх суквеццяў ад пуп (гл.) з пераходам у > o/а, параўн. яшчэ бел. пуп ’бацюшка’ (ЖНС), што, магчыма, звязана з уплывам лексемы поп (гл. поп1) і магло прывесці да ўзнікнення такіх назваў, як ксёндз ’адуванчык’ (Кіс.). Параўн. яшчэ рус. пупо́к ’кветкавая галоўка’, пуповник ’расліна, Scabiosa arvensis’, пупавка ’рамонак’, попо́к ’упрыгожанне спінкі ложка ў выглядзе шарыка’. Польск. pępawa ’адуванчык’. Банькоўскі (2, 538) таксама ўзводзіць да *pǫp‑ava < *pǫp ’пуп’. Па першасную матывацыю ’нешта пукатае, шарападобнае’ паказвае і назва бабок (гл.). Інакш гл. папаўка.

Поп3 ’пер’е цыбулі, часнаку’ (Мат. Гом.). Хутчэй за ўсё да пуп (гл.). Параўн. пупо́к ’калок, які мацуецца да касся’ (Жд. 3, Мат. Гом.), пупо́к ’зашпілька з кавалачка дрэва’, іншыя назвы для гэтай рэаліі цу́рка, па́лачка (ЛА, 4), пупны ’адросткі пер’яў’ (ЛА, 1), параўн. яшчэ ду́дкі, тру́бкі, па́лкі (ЛА, 1). Сюды ж, відаць, укр. піп ’вертыкальна пастаўленая цурка’, рус. поп ’цурка ў гульні, якую збіваюць палкамі’, ’прадмет, які стаіць старчаком’, попы́ ’гарадкі’, балг. по́пак, по́пок, по́пък ’пень’, по́покь, по́пук ’пуп’, чэш. popek ’жалезны калок для рэгуляцыі глыбіні арання’. Магчыма, ранейшае значэнне пуп ’прадаўгаваты кавалак пупавіны, які пакідаюць пры яе пераразанні’ > ’адсечаны кавалак дрэва, цурка, калок’ > ’старчак, цурубалка’. Параўн. пуп (гл.). Фасмер (3, 327) лічыць этымалагічна тоеснымі поп ’цурка’ і поп ’святар’, але не дае матывацыю. Паводле Будзішэўскай (SFPS, 26, 119–122), балг. поп ’слуп, на які апіраецца верх страхі’ — у выніку замены першапачатковага *dědъ ’тс’ пад уплывам хрысціянства (гл. поп1); паводле БЕР (5, 522), выводзіцца з попник, попницъ ’тс’ ад *pьnǫ, pęti, гл. пяць, што сумнеўна.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)