Млін ’млын’ (Нас., Мал., Чуд., Янк. 1-2, Бес., Сцяшк., ТС, Ян., Сл. ПЗБ; слонім., Арх. Бяльк.; касцюк., паўд.-усх., КЭС; зэльв., Жыв. сл.). Укр. млин, рус. кур., омск. млин, ст.-рус. млинъ, млинь, млынь, польск. mlyjno, młen, н.-, в.-луж. młyn, чэш. mlýn, славац. mlyn, славен. mlȋn (málin, mélin), серб.-харв. мли̏н, ма̏лин, ме̏лин, балк. ст.-слав. млинъ, мълинъ. Прасл. mъlinъ запазычана са ст.-в.-ням. mulī, mulīn ’тс’ (Чартко, Бел. лінгв. зб., 147; Жураўскі, Бел. мова, 62) або з нар.-лац. malīnum, molīna ’вадзяны млын’ (Міклашыч, 186; Мее, MSL, 14, 373; Рэшатар, AfslPh, 36, 541; Фасмер, 2, 632; Бязлай, 2, 189). Махэк₂ (369) ст.-в.-ням., з якога прасл. mъlinъ, выводзіць з с.-лац., а саму рэалію лічыць вынікам распаўсюджання рымскай культуры. Шальч. млінок ’флюгер’ (Сл. ПЗБ) з млін ’вятрак’ (паводле падабенства крылаў).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пустамлі́н ’балбатун, несур’ёзны чалавек’ (слонім., Жыв. сл.), пустамлён ’тс’ (ашм., Стан.). Ад пусты (гл.) і млін ’млын’, да ўнутранай формы параўн.: лапочаш, як пусты млын (стаўб., Матуе.); другасна збліжанае з млён ’кій у жорнах, якім іх прыводзяць у рух’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Млён, млін, млюн, млю͡он, кам. млёныч ’дзяржанне, якім круцяць верхні камень у жорнах’ (Сл. ПЗБ, ТС, В. В., Дразд., Федар. 4, Выг. дыс., Янк. БФ; дзісн., Дзмітр.; КЭС, лаг.; Сл. Брэс.; лук., стол., ЛАПП; гродз., слуц., КЭС). Паўн.-укр. мльон, млін, млʼӱн; рус. ме́лен, для якога Фасмер (2, 595) выводзіць прасл. melenъ; польск. mion, серб.-харв. mlán ’тс’, Прасл. mel‑nъ/mol‑nъ, і.-е. адпаведнікамі якіх будуць літ. milinỹs, malinỹs, лат. milna, milns ’тс’. Да прасл. melti > бел. малоць (гл.) (Бернекер, 2, 34; Брукнер, 340; Дзендзялеўскі, Бел.-укр. ізал., 22). Аднак для бел. мелін, мёлін ’млён’ (Касп., Нікіф.). Блесэ (SB, 5, 1935–6, 15), Лаўчутэ (Балтизмы, 55) выводзяць у якасці крыніцы лат. miļens, літ. milinỹs ’тс’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Млын ’будынак з прыстасаваннямі для размолу збожжа’, ’машына для здрабнення розных прадметаў’ (ТСБМ, Гарэц., Грыг., Сцяшк., Булг., Бес., Яруш., Шат., Касп., Бяльк., Янк. 2, Растарг., Сл. ПЗБ). З млін (гл.) пад уплывам польск. młyn ’тс’. Паводле Кюнэ (Poln., 74) — бел. млын і Булыкі (Лекс. запазыч., 97) — ст.-бел. млынъ (XIV ст.) запазычаны са ст.-польск. młyn.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Блін1 ’блін’. Рус. блин, укр. блине́ць. Слова ў гэтай форме пераважна ўсх.-слав. Зыходзячы з такіх форм, як ст.-рус. млинъ, укр. млине́ць, балг. млин, серб.-харв. мли̏нац, в.-луж. blinc//mlinc, н.-луж. młync і да т. п., звычайна лічаць, што першапачаткова было mlinъ (да прасл. melti ’малоць’), якое дысімілявалася (m–n > b–n). Так Сольмсен, KZ, 37, 589 і наст.; Міклашыч, 186; Праабражэнскі, 1, 30; Фасмер, 1, 175; Рудніцкі, 146. Ільінскі (РФВ, 61, 239 і наст.) разглядае форму блін асобна (яго рэканструкцыя: *бълинъ, якое быццам роднаснае ням. Beule ’шышка’), але гэта не пераконвае. Не пераконваюць таксама версіі пра запазычанне (аб гэтым Фасмер, 1, 175).

Блін2 ’млын’ (Сцяц.). Мабыць, дысіміляцыяй (м–н > б–н) з млін (гл. млын).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)