Немярэ́ча (німяреча) ’непраходнае балота’ (Яруш.), не́мярэч (немеречь) ’непраходнае месца ў лесе; балоцістае месца сярод лесу, заваленае ламаччам’ (Нас.), не́мерача, не́міріч, німярэ́ч, німярэ́чча ’непралазныя зараслі ў лесе’ (Бяльк.), німярэ́ч ’нетры’ (Яруш.), немарэ́ча ’гушчар лесу’ (Сцяшк. Сл.). Этымалагічна звязана з мярэ́ча ’непраходнае балота, багна; нетры’ (гл.), з якім можа выступаць як сінонім, параўн. нимяреча, мяреча ’балота’ (Максимов, Смол.); для этымалогіі слова паказальна смал. немере́чча ’непраходнае месца ў лесе’ і ’дрэннае надвор’е’ (Дабр.), што дазваляе звязаць яго з мо́рак ’змрок’ з іншай ступенню вакалізму (Талстой, Геогр., 187–188), параўн. немарач (гл.). Пачатковае не- тлумачыцца як паказчык адмоўнай прыкметы (Талстой, там жа) або як словаўтваральны элемент ці «пусты» прэфікс, параўн. рус. не́клен ’чарнаклён’ і пад. (Фасмер, 3, 60; 2, 447).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Не́тра1 ’цяжкадаступнае месца ў багністым балоце, трушчобы’ (парыц., Янк. Мат.), ’непраходныя зараслі на балоце’ (ТС), ’поле, якое ніколі не апрацоўвалася’ (Жд. 1), не́тры ’густыя зараслі’ (Гарэц.), niétry ’niedostępne chrapy, porośnięte łozą, trzciną, olchą і wszelakim wiszem’ (Маш.), hustýje łózy, niètry, hrùzkije bałota (Пятк. 2), паводле Карскага (Труды, 479), «только полесское»; беласт. ńétra, nétra ’непраходная багна, непраходнае месца; зараслі, гушчар, непраходнае месца ў лесе’ (Лапіч, Term. geogr., 123), укр. не́тра, не́трі ’непраходныя зараслі, лес; захалусце, трушчоба’, рус. не́тря ’запаведны гай, запаведнік’ (паўдн., зах., Даль), параўн. таксама: «В Мярэчах попадаются именно те непроходимые местности, где гибнут заблудившиеся люди, и которые носят название «нетры» (смал., Максимов, Живая Россия, 3, 444). Найбольш верагодныя версіі: з не і *ter‑ (гл. церці), параўн. рус. трогать ’рухаць, кранаць’ і зафіксаванае на Беларусі значэнне ’поле, якое ніколі не апрацоўвалася’ (параўн. не́руш, не́варуш і пад.), гл. Фасмер, 3, 69; або з не і церабіць ’вырубаць, вычышчаць хмызняк, рыхтаваць участак пад поле і пад.’ з зыходным значэннем ’месца, дзе нельга церабіць лес’ або ’месца, дзе не цярэбяць лес’, гл. Талстой, Геогр., 180, а таксама Лапіч, Term. geogr., 123 (прыводзяцца формы trepeza/trebeza ’гушчар, зараслі’, да церабіць). Сумніцельна вывядзенне смал. нетра ’дрыгва’ з літ. nendré ’чарот’, параўн. Буга, 1, 412; Лаўчутэ, Балтизмы, 146, паводле Ільінскага (Працы кл. філал., 1, 235), — гэта словы роднасныя; збліжэнне апошнім (там жа) смал. не́тра з грэч. νῆτρον ’самапрадка’ адмаўляецца Фасмерам (3, 69). Гл. таксама Пятлёва, ОЛА–72, 212 (< *ne‑tьra), Гаўлава, Slavia, 40, 82. Літаратурнае нетры ’зямныя глыбіні, паклады, радовішчы’ (Гарэц., Яруш., ТСБМ) на аснове значэння ’багна’ пад уплывам рус. не́дра ’унутранасці зямлі’.

Не́тра2 ’машкара’ (Сл. ПЗБ), ’незлічоная колькасць’ (жлоб., Нар. сл.), ’вош’ (Шатал.), нэ́тра ’напасць, неадчэпны чалавек’ (драг., Нар. лекс., З нар. сл., Сл. Брэс.). Няясна; магчыма, паралельнае да нетра1не і церці ’кранаць, чапаць’), параўн. рус. нетря ’недатыка’ (паўдн., зах., Даль). Менш верагодна з літ. netyrà ’нячысты дух (аб жывёле)’ (Арашонкава і інш., Весці АН БССР, 1969, 4, 129). Збліжэнне Клімчука з серб.-харв. дыял. на̀трчица ’задзірака, хуліган’ (З нар. сл., 145) адхіляецца Запрудскім (Серб.-хорв.-бел. яз. соответствия. АКД, Мн., 1989, 8).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)