Лукно ’кошык’ (Гарб.). Зах.-укр. лу́кно ’калонія баброў’; рус. ніжнегар., наўг., пск., прыбалт. лукно́ ’кошык’, ’кошык з кары, бяросты’, ’лубок’, ’бочачка’, ’мера зерня, мукі’, ст.-рус. лукъно, лукно ’кадка’, ’ліпаўка’, ’мера сыпучых і вільготных прадуктаў’, польск. łukno ’пасудзіна’, ’мера мёду’, каш. Lukno — назва возера; н.-луж. łuknaško ’века ў прыскрынку’, в.-луж. łuknješko ’акно ў сельскім гаспадарчым будынку’, ст.-чэш. lukno ’пасудзіна для мёду і сыпучых цел’, славац. lukno ’кошык з бяросты’, ’даўняя мера для збожжа’; славен. lukno і lǫ̑kno ’ахвяраванне для ксяндза’, серб.-харв. лу̏кно ’тс’, ’мера для збожжа’, ц.-слав. лукно ’пэўная мера’. Прасл. lǫk(ъ)no ’пасудзіна з бяросты, лубу’ ’мера для збожжа, мёду’ (Слаўскі, 5, 307–308). Да прасл. lękti ’гнуць, выгінаць’, lǫčiti ’лучыць, злучаць’ (Фасмер, 2, 532; Махэк₂, 343; Шустар- Шэўц, 11, 788; Скурат, БЛ, 8, 11). Гл. таксама лук1. Паводле Трубачова (Ремесл. терм., 164), заўвага Махэка аб няяснасці паходжання слова з’яўляецца недарэчнай.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лукошка ’кош, лубянка’ (в.-дзв., Сл. ПЗБ), ’міса’ (Анік., Грыг.). Прымыкае да рус. моўнай тэрыторыі, параўн. рус. лукошко ’кошык з бяросты, лубянка’, ’кошык з лазы’, іркуцк. ’глыбокая міса’. Паводле Фасмера (2, 532), роднаснае да лукно (гл.). Словаўтваральная мадэль лук‑ошка: лукно, як рус. око‑шко: окно.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Калу́пашак ’плецены кош на воз’ (Сцяшк.), колупушок ’кош для перавозкі бульбы’ (Мат. Гом.), ’плецены кораб на сані або воз’ (ТС). Рэгіянальная інавацыя, зах.-бел. форма, магчыма, і незалежная. Утворана метатэзай з палукашак, які, відаць, да *палукош, дзе кош‑ назва вялікага кораба на воз. Менш верагодна думаць пра сувязь палукашак з вядомым у рус. мове лукошко і лукно. Таксама нельга лічыць зыходнай разглядаемую лексему, якая магла быць аддзеяслоўным утварэннем ад калупаць ’плесці’, параўн. смал. колупаць ’плесці лапці’. Апошняе — лакальная інавацыя, параўн. бел. калупаць ’вязаць’ (карункі), утворанае на базе калупаць ’марудна вазіцца’. Адносна ўкр. бойк. параўн. колупінок і колупіток < полукіпок.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лу́нка1, лу́нька ’ямка, невялікае паглыбленне’ (ТСБМ; лёзн., Яшк.), ’вада пасля дажджу на дарозе, лужына’ (там жа), ’палонка’ (Гарэц., Нас., Дразд., Др.-Падб., Нік., Оч.; брасл., докш., Сл. ПЗБ; віц., Маш.; лёзн., Касп.). У выніку распадабнення лм > лн з лумка > луміна (гл.). Сюды ж і слаўг. лу́нка ’града’ (Мат. Гом.), параўн. рус. ярасл. луне́ние ’прыставанне ямак для пасадкі гароху і інш.’, урал. луна́ть ’рабіць лункі (ямкі) для пасадкі агародніны’. Крукоўскі (Уплыў, 38) мяркуе аб запазычанні бел. лексемы з рус. мовы. Няма падстаў.

Лу́нка2 ’драўляная каробка для вымярэння збожжа ≈ 1 пуда’ (гродз., Нар. сл.). Відавочна, з лукно (гл.) у выніку перастаноўкі ‑кн‑ > ‑нк‑.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лакно ’гарлачык жоўты, Nuphar luteum (L.) Sm.’ (Бейл.), локно́ ’гарлачык белы, Nuphar alba L.’, ’падалешнік еўрапейскі, Asarum europeum L.’ (Нар. лекс.), Локна — возера і сенажаць в. Ласіцк (Бел. анам., 1985, 125), укр. палес. локно́), лукно́ ’гарлачык’. Польск. Łekno, Łukna (назва возера ў Пазнанскім ваяводстве, з XII–XIII стст.), сярэдневяковыя тапонімы і гідронімы з палабскай, паморскай, лужыцкай і славенкай тэрыторый ў формах: *lъkno, *lъкniса і з басейна Прыляці і Дзясны: Локна, Локнея, Локніца, Локня, Локнянка; чэш. lekno, leknin ’гарлачык белы’, славац. lekno, lekno biele ’тс’, lekno žlt ’гарлачык жоўты’, leknovec ’німфейнік шчыталісты, Nymphoides peltatum (S. G. Gmel.)’, магчыма, в.-луж. łuknadź, łoknadź. u̯óknač ’лотаць, Caltha palustris L.’ Прасл. (паўн.-прасл.) дыялектызм lъkno, які служыў для называння водных раслін на балотах, азёрах і звязаных з імі мікратапонімаў. Адпаведнікі ў балт. мовах: літ. lùknė, лат. lùkne ’гарлачык жоўты’, Lùknas (возера), Lùknė (рака), лат. Lukna (рака). Аналагічна параўн. семантычную паралель ’расліна’ ⟷ ’балота’: локвањ ’гарлачык’, локвањача ’тс’ < лӧква ’лужа’, ло̀кањ ’невялікая лужа’ (а раней ’балота, дрыгва’ < ’возера’) ці ’балота’ ⟷ ’лес’ (гл. Талстой. Геогр., 244). Балта- паўн.-слав. ізалекса (Непакупны, Связи, 34–36). Прасл. lъkno звязваецца этымолагамі з і.-е. *leu̯k‑/*lou̯k‑ ’блішчэць, ільсніцца’ (Слаўскі, 5, 99; Слаўскі, SP, 1, 115; Брукнер, 309; Трубачоў, Этимология–1968, 24–32; Фрэнкель, 389–390).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)