Ле́два, ле́дво, ле́двя, ле́дзьве, ле́дзьвя, ле́дзьві, віц., лях. ледзва ’насілу, з вялікімі цяжкасцямі’, ’амаль, чуць не’, ’ледзь’ (Нас., ТСБМ, Гарэц., Шат., Бяльк., Касп., Сцяшк., Яруш., Сл. паўн.-зах.; лях., Янк. Мат.; уздз., Жд. 2; калінк., З нар. сл.; паўд.-усх., КЭС). Укр. ледве, ледві, ледво, ледви, ледве‑ледве, ст.-укр. і єдва, рус. смал. ледва пры паўсюдна пашыраным едва, паўн. одва, ст.-рус. одъва//одва, польск. ledwo, ledwie, але ў XV ст. ужывалася значна часцей з пачатковым j‑ (чым з l‑): jedwo, jedwa, jedwe, каш. ledwie, ledwö, н.-луж. lědba, lěbda, lebda, lědom, lědym, в.-луж. lědy, lědma (< *lědva), ledom, чэш. ledva, мар. ledvé, ляш. ledvem, ст.-чэш. ledva, ledvy, а таксама ст.-чэш. і дыял. jedva, jedvy, славац. ledva, ledvaj, ledvoj, ledvy, усх. ľedvo, славен. jèdva і odvaj, серб.-харв. јѐдва, једва̏, једвај, макед. одвај, едвај, балг. едва(м), одвай, ст.-слав. ѥдва/ѥдва. Прасл. jedъva. Другаснасць le‑ ў параўнанні з je‑ сцвярджаюць Бернекер, 452; Брукнер, 293; Копечны ESSJ SG, 2, 246–247. Звычайна этымолагі ў лексеме jedъva бачаць два элементы: першы атаясамліваецца з jed‑ьnъ; другі (‑ъva) звязваецца генетычна з літ. vōs ’ледзь’ (< і.-е. *u̯as, параўн. са ст.-інд. узмацняльнай часціцай vāi і ’або’). Гл. яшчэ Фасмер, 2, 9; Скок, 1, 769; Махэк₂, 220; Слаўскі, 4, 105–108; Шустар-Шэўц, 820). Кюнэ (71) выводзіць бел. ледва (‑е, ‑і) з польск. ledwie, ledwo.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Прале́дві ’ледзь-ледзь’ (Нас.). Да пра- і ледва (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ле́дво-ніле́дво ’з вялікай цяжкасцю’, ’нарэшце-такі’ (шчуч., Нар. лекс.), калінк. ледзьві‑неледзьві ’ледзь-ледзь’ (З нар. сл.), маг. ледва‑няледва (КЭС), укр. ледві(о)‑не‑ледві(о), рус. арх. едва не едва ’тс’. Па форме суадносяцца з літ. vosnevōs ’ледзь- ледзь, з цяжкасцю’ (літ. vös ’ледзь’).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ля́дзвя ’сцёгны’ (свісл., Сцяшк. Сл.), укр. лі́дви, лі́двиці, рус. кастр., вяц. ля́двея, наўг. ля́два ’тс’, польск. lędźwie ’крыж’, ’ныркі’, н.-луж. laźwjo ’тс’, в.-луж. ledźba ’сцёгны’, чэш. ledví ’тс’, ’унутранасці’, славац. ľadvie ’тс’, ľadvy ’ныркі’, славен. lędvije ’тс’, ledovjȅ ’крыж’, lę́dje, lédja ’тс’, серб.-харв. леђа ’спіна’, чак. ледва ’крыж’, ’ныркі’, ст.-слав. лѧдвиѭ ’крыж’. Прасл. lęd‑v‑ьja і lędva або lędvo (Слаўскі, 4, 203–204), якім адпавядаюць і.-е. *londh‑u̯‑ і *lendh‑u̯‑: лац. lumbus ’сцёгны’, ст.-ісл. lend, ст.-в.-ням. lentî, ням. Lende, і з другой ступенню чаргавання: нарв. lund ’сцягно’ (Бернекер, 1, 705–706; Траўтман, 157; Брукнер, 297; Фасмер, 2, 550; Махэк₂, 324; Скок, 2, 284–285; Бязлай, 2, 130–131; Шустар-Шэўц, 11, 809–810). Роднаснае з ля́жка, ля́га1 (пры чаргаванні суфіксальных d/g) (Аткупшчыкоў, Из истории, 133, 137, 157, 158).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)