Ска́ла1 ‘прылада, пры дапамозе якой наматваюць цэўкі’ (докш., Янк. Мат.). Рус. скала́, ска́ло, ска́лка ‘тс’. З *съкало, першапачаткова назоўнік з суф. ‑dlo ад *sъkati (рус. скать); з інш. ступенямі чаргавання гл. сукно, сукаць, сучыць (Праабражэнскі, 2, 293; Фасмер, 3, 631). Параўн. сукала (гл.). Сюды ж, відаць, ска́ла ‘скрутак лубу, дубовай кары’: здымалі кару, скручвалі ў трубу — “скалу” і затаплялі “ў мачышчах” (Лакотка, Борыс, Сцежкамі дзядоў. Мн., 1986, 124). Параўн. аднак скала́ ‘бяроста’ (гл. наст, слова), дзе больш прымальным здаецца паходжанне ад *skal‑ ‘сячы, калоць’.

Ска́ла2 ‘бяроста’ (Бломкв.). Параўн. рус. скала́, ска́ла ‘тс’, разам з скала́ ‘каменная глыба’ звязваецца з ска́лить ‘трэскацца’, што да *skel‑/*skal‑, роднаснага літ. skélti ‘расколваць’, skalà ‘лучына, трэска’, лат. skals ‘тс’ (Фасмер, 3, 630), насуперак Тапарову (Балтийские яз., 46), які лічыць падмаск. скала́ ‘бяроста’ субстратным балтызмам. Гл. спецыяльна Анікім, Опыт, 278.

Скала́1 ‘каменная глыба, гара з крутымі схіламі, вострымі выступамі’ (ТСБМ, Ласт., Байк. і Некр., Др.-Падб.; ашм., Стан.), ‘вельмі цвёрдая гліністая глеба’ (Касп.; астрав., Ск. нар. мовы), ‘вапняк’ (Касп., Сл. ПЗБ), ‘камяністая глеба’ (ЛА, 2), ‘буры балотны жалязняк, якім выкладаюць сцены скляпоў, ям у зямлі’, ‘празрысты лёгкі мінерал, т. зв. “чортаў палец”’ (Яшк.), “скалою зовутся и кремень, и кремневые орудия каменного века — «перуновы стрелы»” (Рам. 5, 176), ‘выемка ў прырэчным камені’ (лях., Архіў БЭЛА), ст.-бел. скала ‘каменная гара’ (XVIII ст., Карскі 2-3, 459), укр. скала́ камень’, рус. скала́ ‘каменны ўцёс, каменная глыба’, ст-рус. скаласкала’, польск. skałaскала; камень’, старое ‘расколіна’, в.-луж., н.-луж. skałaскала’, чэш. skálaскала; камень’, славац. skala ‘камень’, славен. skálaскала’, ‘трэска’, балг. скала́ ‘камень’, макед. скала ‘каменны выступ’. Прасл. *skala. Бліжэйшыя адпаведнікі ў літ. skeliu, skelti ‘расколваць’, skílti, skįlù ‘трэскацца’, skalà ‘шчапа, лучына’, лат. skala ‘тс’, ст.-ісл. skilja ‘расчляняць’ і г. д.; гл. Фасмер, 3, 630; Махэк₂, 545, Траўтман, 264. Усё да і.-е. кораня *(s)kel‑ ‘калоць, рэзаць’. Першаснае значэнне слова ‘востры камень, камень, які атрымаўся ў выніку расколвання ў адрозненне ад каменя ў глебе, рачной гальцы і да т. п. Борысь (550) *skala разглядае як дэрыват ад прасл. *skolili з рэгулярным падаўжэннем галоснага ў корані o → a, параўн. рус. дыял. осколить ‘абцясаць вакол, ачысціць’, якое далей да *(s)kel‑. Гл. яшчэ БЕР, 6, 718; Сной₂, 570 (*skala лічыць дэрыватам ад *skaliti, гл. скаліць).

Скала́2 ‘маланка’ (капатк., ДАБМ, камент., 901; малар., іван., лях., пін., стол., лун., мазыр., Архіў БЭЛА). Фармальна, як і скала1, да кораня *(s)kel‑, г. зн. ‘якая расколвае (неба)’. Але магчыма і непасрэдна звязаць гэтыя два значэнні праз фальклорна-міфалагічныя ўяўленні славян, паводле якіх скала ‘страла Перуна (каменная)’; такія скалы́, таксама як гром і маланка, адносіліся да арсенала Перуна (аб чым падрабязна Іванаў–Тапароў (Иссл., 85 і наст.), якія параўноўваюць з палескімі назвамі кавалкаў крэменю, якія знаходзяць на полі: перуно́выя стрэ́лы, перуно́ў па́лец. Скал(к)а ‘перуновая страла’ адпавядае хец. perun‑скала’ (= камень = пярун), гл. Іванаў–Тапароў, Бел. лекс., 59, што аспрэчваецца Страхавым (Palaeoslavica, 12, 2, 251) як занадта аддаленае.

Скала́3 ‘каляровае рэчыва чырвонага колеру ў гліне ў ганчароў’ (бабр., Нар. словатв.), скалі́стая гліна ‘гліна з такім рэчывам’ (там жа). Скала́ інакш называецца кра́сная іржа́ (там жа). Міхайлаў (вусн. паведамленне) адносіць слова да скала1, таму што гэта праслойка звычайна больш цвёрдая, чым гліна. Сюды ж, відаць, скала́ ‘вялікія плямы ржаўчыны на вадзе’ (ТС), гл. скалка2.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скаля́, скала́ ‘жабурынне’ (пін., ЛА, 1). Няясна; магчыма, звязана з скала́ ‘іржавыя разводы на вадзе’ (гл. скала4) або дэвербатыў ад скаляць ‘забрудзіць’ (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скаль ж. р. ‘перадавы атрад пчол, які перад раеннем вылятае шукаць, выбіраць новае месца для новага роя’ (гродз., дзятл., баран., свісл., Сл. ПЗБ, Сцяшк. Сл., Сл. Брэс., Анох., Янк. 2, Байк. і Некр., Нар. сл.), скала́ (Анох., Сцяшк., Сцяц.), ска́льлі (Нар. сл.), ска́лля (Анох.), скалля́, ска́ля (З нар. сл.), скалі (Інстр. 1; мазыр., Архіў БЭЛА), ска́ло н. р. (Сл. Брэс.) ‘тс’, скалява́ць ‘шукаць, выбіраць (пра пчол — новае месца перад раеннем)’ (Байк. і Некр., Янк. 2, Анох., Маш., Нар. сл.), скалі́ць (Некр., З нар. сл.), ско́ліваць (Нар. сл.) ‘тс’. Укр. скаль м. р., ска́ла ‘тс’, дыял. палес. скаль ‘пчала-разведчык’, рус. скалья́ зборн. ‘перадавы атрад пчол; пчолы-разведчыкі’, польск. skal м. р. ‘скаль’, skała, skarły ‘скаль’, н.-луж. дыял. skal ‘пчаліная матка’. Прасл. *jьskalь, дэрывата суф. ‑(a)lь ад дзеясл. *jьskati, гл. іскаць, параўн. іншыя назвы: іск, іска́, по́іск, по́іска (ЛА, 1). Гл. Ніканчук, БЛ, 6, 68 і наст.; Борысь, Etymologie, 225–227; ЭССЯ, 8, 237–238.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ска́лка1 ‘крэмень, кавалак крэмень дня крэсіва’ (ТСБМ, Шымк. Собр., Нас., Ласт., Касп., Гарэц., Бяльк., Др.-Падб., Байк. і Некр., Мядзв., Маш., Янк., Шат., Пятк. 2, Мат. Гом., Сцяшк., Сл. ПЗБ, віц., паўн.-маг., паўн.-гродз., ЛА, 4), ‘цвёрды камень, крэмень, які ідзе на выраб млынавых камянёў, а раней скарыстоўваўся для здабывання агню’ (БРС), ска́ліца ‘тс’ (віц., Яшк.). Улічваючы спецыялізацыю значэння, хутчэй за ўсё, з польск. skałka ‘востры асколак крэменю для выкрасання агню, які ўжываўся раней у агнястрэльнай зброі’, якое ад skała (гл. скала́1) (Брукнер, 493; Варш. сл. 6, 127). Сюды ж і ўкр. ска́лка ‘крэмень у стрэльбе’. З другога боку, параўн. адлюстраванне ў фальклоры вераванняў, што кавалкі крэменю, якія раней выкарыстоўваліся для здабывання агню — гэта асколкі двух жорнаў, з дапамогай якіх Пярун здабывае агонь (Іванаў, Тапароў, Иссл., 86 і наст.), параўн. польск. skałka piorunowa (Варш. сл.). Гл. таксама Страхаў (Palaeoslavica, 12, 2, 251).

Ска́лка2 ‘кропля тлушчу ў вадкай страве’ (ТСБМ, Шат., Бяльк., Янк., Байк. і Некр., Янк. 2, Некр., Мат. Гом., Мат. Маг., ТС, Сл. ПЗБ, Сцяц., З нар. сл., паўд.-зах., ЛА, 4), ска́лька ‘тс’ (Вешт.), skałka ‘плямка ў супе’ (беласт., Лапіч, Term. geogr.). Укр. ска́лка, польск. skałka ‘тс’. Ад таго ж кораня скала́1 (гл.), што да і.-е. кораня *skel‑ ‘біць, расчляняць’, г. зн. ‘нешта аддзеленае, адбітае’, аналагічна набору значэнняў у іншых гнёздах слоў з коранямі *sker, *skab‑, параўн. скабка; гл. Пятлёва, Этимология–1972, 84 (мяркуе, што значэнне развілося на базе параўнання ‘як лускавінка’, ‘як скурка’, ‘як плёнка’). З іншым вакалізмам параўн. ско́лька: жырные сколькі (Куч.), што да прасл. *skoliti ‘расшчапляць’, параўн. Борысь, Etymologie, 402. Першаснае значэнне ўсё ж, відаць, ‘пырска, пена’, ‘водбліск’: А як пеніцца вада! Як гуляе на ёй скалка! (Я. Колас); параўн. у Шымкевіча ўкр. прыснули на сине̂мъ морѣ скалки.

Ска́лка3, ска́лька ‘рачныя ракавіны, чаропкі’ (Дразд.), ‘слімак з ракавінай’, ‘ракавіна слімака’ (драг., Нар. лекс.), скал ‘бяззубка (ракушка)’ (ТС), скаль, ска́лка ‘слімакова ракавіна’ (Сл. Брэс.). Укр. ска́лка, рус. ска́лка, ска́лька ‘тс’. Да скала́1 (гл.) (Праабражэнскі, 2, 221–222; Фасмер, 3, 631). З іншай ступенню каранёвай галоснай параўн. укр. скойка ‘ракавіна бяззубкі’, балг. ско́лка ‘рачная мідзія, Anadonte cygnea’, скойка ‘мідзія, ракавіна мідзіі’, серб.-харв. сколка, скољка ‘тс’, славен. skoljka, ст.-слав. сколька, сколъка ‘ракавіна’ (БЕР, 6, 771; Фасмер, 3, 647).

Ска́лка4, ска́лька ‘від рыбалоўнага снараду’ (Касп.). Фармальна да скалька ‘ракавіна’ (гл. папяр. слова), але матывы намінацыі няясныя.

Ска́лка5 ‘бяльмо на воку’ (беласт., Лапін, Term. geogr.). Укр. ска́лка, польск. skałki (na oku) ‘тс’. Лапін (там жа, 32) тлумачыць ‘плямка на воку’ > ‘плямка ў супе’ і мяркуе, што апошняе значэнне запазычана з польскай мовы, што малаверагодна, параўн. архаічную палеска-карпацкую ізасему, гл. Дзендзялеўскі, Бел.-укр. ізал., 26. Да *skala (гл. скала́1); асабліва параўн. ска́ла ‘бяроста’, серб.-харв. ска̏ласкала; кавалачак; скепка’ і г. д. У якасці семантычнай паралелі можна прывесці польск. łupież ‘скурка, плеўка ў воку’ < слав. кораня lup‑ (гл. лупіць). Падрабязна гл. Пятлёва, Этимология–1972, 81 і наст.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

узні́кнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. узнік, ‑ла; зак.

Пачацца, зарадзіцца; быць створаным. На сухім грудку цяжка ўзнікнуць жыццю, бо вельмі часта любяць тут прыпыняцца падарожныя. Навуменка. Узбярэжжа акіяна, на якім узнік горад, — гэта магутная велізарная скала. Новікаў. Франты адгрымелі, прайшла небяспека, І ў вёсцы Зацішак узнікла ячэйка. Хведаровіч. Мастацкая проза ў беларускай літаратуры ўзнікла яшчэ ў мінулым стагоддзі. Пшыркоў. // З’явіцца, паказацца. З боку шашы, на дарозе, узніклі дзве невыразныя постаці. Быкаў. [Студэнт:] — Раптам, на нечаканым павароце сцежкі, мы адразу спыніліся на месцы, нібы зачараваныя дзіўным відовішчам, якое ўзнікла перад намі. В. Вольскі. / Пра пачуцці і пад. І мацней за адчуванне болю, мацней за крыўду ўзнікла [у жанчыны] ўпартасць — адрэзаць дарогу яму [мужчыну] да пабегу. Мікуліч. // З’явіцца, вынікнуць, выявіцца (пра рашэнне, пытанне і пад.). План дзеяння ўзнік нечакана. Шамякін. [У Дзіміна] ўзнікла неадольная патрэба перадаць свае думкі другім, пагаварыць з кім-небудзь. Карпаў. / Пра ўяўленні, успаміны. Танкіст сумеўся, і ў хвілінку Прад ім узнік той час-пара, І ён сказаў: — Мо ты — сястра? Я помню добрую Марынку. Колас. // Пачацца; здарыцца, адбыцца. На сцэне пагасла святло і ўзнік пажар. Скрыпка. Сам сабою ўзнік лятучы мітынг. Харкевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Пры́печ1, прі́печь, пры́печак, пры́пэчэк, пры́пэчка, прэ́пічок, прі́пачак, пры́печча, пры́пяшнік ’прыпек’, ’выемка для вуголля, попелу ў печы’ (ТСБМ, Нас., Гарэц., Яруш., Бяльк., Сл. ПЗБ, Сл. Брэс., Янк. 1, Янк. 2, Ян., Стан., Растарг., Шат., ЛА, 4). Рус. при́печь, припе́чек, припе́чье ў аналагічных значэннях, укр. припі́чок ’прыпек; ляжанка на печы’, польск. przypiecek ’ляжанка на печы’. Прэфіксальная (пры́печ) і конфіксныя (пры́печак і пад.) дэрываты ад печ (гл.).

Пры́печ2 ’пясчаныя берагі; пляж’ (Жучк., Стан.), ’пясчаны спадзісты бераг’, ’пясчаны нанос каля берага ракі’ (Яшк.); відаць, сюды ж прыпічак ’тоня (участак вадаёма)’ (віл., Сл. ПЗБ), пры́печок ’абрыў’ (ТС), ’выступ (не абавязкова каля печы)’ (Ян.). Рус. пск. при́печь ’пясчаны бераг ракі (без расліннасці)’, ’пясчаны нанос’, волжск. ’уступ, прыпечак на дне ракі ўздоўж берага’. Этымалагічна тое ж, што і прыпеч1, першапачаткова ’абрыў, спадзісты бераг у выглядзе прыпечка’. Інакш Куркіна (Этимология–1985, 15), якая лічыць, што ў падобных утварэннях, параўн. яшчэ рус. опе́чь ’пясчаная мель у рацэ’, опе́чек ’вал пяску, каменняў, намыты вадой’, захоўваецца першапачатковае значэнне *pektьскала, камень’ (гл. печ, пячына), бо прымітыўная печ мела форму ачага, складзенага з каменняў.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скула́ ‘гнойны нарыў, фурункул’ (Нас., Шымк. Собр., Байк. і Некр., Касп., Бяльк., Сцяшк., Сержп., ЛА, 3), ‘нарыў, фурункул’, ‘залатуха’ (Сл. ПЗБ), ‘нарыў’, ‘нарасць на дрэве’ (ТС), скула ‘гнойны нарыў, фурункул’ (ТСБМ, Ласт., Растарг.; ашм., Стан.; Варл., ЛА, 3, Клім.), ‘рожа (хвароба)’ (Бес.), ‘нарыў’, ‘залатуха’, ‘трахома’, ‘прыступ эпілепсіі’ (Сл. ПЗБ), ‘выступ на твары, ягадка’ (ТСБМ, Сцяшк.). Укр. ску́ла ‘скула, шышка на целе’, рус. скула́ ‘косць чэрапа’, дыял. ‘пухліна, фурункул’, польск. skuła ‘скула, нарыў, хвароба горла’, дыял. ‘хвароба капыт у кароў і свіней’, чэш. skula, skulina, škulina ‘шчыліна, адтуліна’, славен. skȗla ‘нарыў, хвароба капыт’, серб.-харв. skȕla ‘нарыў, кароста, хвароба капыт’, балг. скула ‘рана, язва’, ску́ли ‘прышчы, нарывы, струпы’ і ‘косці чэрапа’, макед. скула ‘сківіца, ягадка’. Этымалагічныя версіі спрэчныя. Параўноўвалі з прасл. *skala, *skelina (гл. скала́1, шчыліна); гл. Праабражэнскі, 2, 315; Махэк₁, 450; Голуб-Копечны, 335, што Фасмер (3, 661) і Куркіна (Этимология–1971, 69–70) лічаць сумніўным па фанетычных прычынах. Няпэўная роднасць з літ. káulas ‘косць’ (Брукнер, ZfslPh, 4, 213). Паводле Куркінай (там жа), аднаго паходжання з *kyla ‘кіла’; ад і.-е. *(s)kōulā ‘гнуць, згінаць, быць выпуклым’, адкуль ‘пухліна, уздуцце, выпукласць’, але гэта не тлумачыць значэння ‘адтуліна; шчыліна’. Бярнар (Бълг. изсл., 272–273) лічыць, што значэнне балг. скула ‘рана, язва’ семантычна аб’ядноўвае значэнні ‘скула’ і ‘шчыліна’. Ільінскі (РФВ, 78, 200) і Скок (3, 272) мяркуюць аб роднасці са с.-в.-ням. schiel ‘трэска, адломак’, што таксама спрэчна. Следам за Ільінскім Коген (Запіскі 2, 1, 237) узводзіць слова да і.-е. *skoul‑ як варыянта *skeu̯el‑, прыводзячы ў якасці паралелі рус. выль ‘гуля, шышка’ < і.-е. *ūl‑, параўн. лац. ulcus ‘балячка’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

паві́снуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. павіс, ‑ла і павіснуў, ‑нула; зак.

1. Зачапіўшыся за што‑н., застацца вісець, утрымлівацца на чым‑н. Павіс снег на галінах. Павіслі слёзы на вейках. □ Ад сасны адламалася вялікая галіна і павісла над галовамі. Шамякін. Нарэшце.. [чалавек] ухапіўся рукамі за апошні сук, павіснуў на момант і тады ўжо скокнуў на зямлю. Чыгрынаў. // Абаперціся на каго‑н. усім цяжарам. Лёдзя шчыльней прыхінулася да брата і амаль павісла ў яго на руцэ. Карпаў.

2. Абвіснуць; апусціцца. Павіслі галіны да зямлі. □ Міхась пабялеў.. Чуб яго смешна павіс на правае вуха. Чарнышэвіч. Капітан глядзеў на профіль Колі, у якога над невялікім носам павіс казырок кепкі. Пестрак.

3. Стварыць уражанне чаго‑н. завіслага або нерухомага ў паветры. Павіслі туманы. □ Сіняя страказа, што сядзела на гарлачыку, успырхнула, павісла над вадой. Хомчанка. / Пра нябесныя свяцілы. Над далёкім борам павісла вялікае чырвонае сонца. Грахоўскі. Залатымі яблыкамі павіслі над галавою зоры. Нікановіч. / Пра гукі, пахі. Над вёскай павісла цішыня, толькі на далёкім жытнім палетку перагукваліся перапёлкі. Чарнышэвіч. // перан. Пра якія‑н. пачуцці, прадчуванні. Ужо два тыдні як над сялом павіс нейкі страх і трывога. Колас.

4. Выступіць, навіснуць над чым‑н. Скала павісла над морам. // Нахіліўшыся над чым‑н., звесіцца. Якуб Сегень павіс тварам цераз трыбунныя балясы над натоўпам, каб прывітаць усіх ад імя калгаснікаў. Чорны. // Вісець, будучы прычэпленым, прымацаваным да чаго‑н. Нерухома павіслі пустыя каўшы. Карпаў. Адзін самалёт цягнуў на правым крыле доўгую чорную пасму дыму. Неўзабаве з яго выкінуліся і павіслі на парашутах чорныя кропкі. Паўлаў.

•••

Павіснуць у паветры — застацца нявырашаным.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)