касцё́р

назоўнік, агульны, неадушаўлёны, неасабовы, мужчынскі род, 1 скланенне

адз. мн.
Н. касцё́р кастры́
Р. кастра́ кастро́ў
Д. кастру́ кастра́м
В. касцё́р кастры́
Т. кастро́м кастра́мі
М. кастры́ кастра́х

Крыніцы: krapivabr2012, nazounik2008, piskunou2012, sbm2012, tsblm1996, tsbm1984.

Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2026/01, актуальны правапіс)

нарасклада́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., чаго.

1. Раскласці, разлажыць на чым‑н. вялікую колькасць чаго‑н. Нараскладаць тавараў.

2. Раскласці агонь у многіх месцах. Нараскладаць кастроў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бе́злічны, ‑ая, ‑ае.

Якому няма ліку, незлічоны. А хан Кайдан, аблюбаваўшы ўзгорак, глядзіць, як іскры безлічных кастроў губляюцца, сатлеўшы паміж зорак, над вострымі вяршынямі шатроў. А. Вольскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дэмаскі́раваць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак. і незак., каго-што.

Зняць (знімаць) маскіроўку; паказаць (паказваць) праціўніку што‑н., парушыўшы маскіроўку. Байцы прамоклі да ніткі, але кастроў разводзіць Ермакоў не дазволіў, каб не дэмаскіраваць брыгаду. Мележ. — Сваім стрэлам вы дэмаскіравалі нас і тым самым зрабілі злачынства. Сабаленка.

[Ад фр. démasquer.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

распу́хнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. распух, ‑ла; зак.

1. Моцна апухнуць; ацячы. Чыжык вельмі пахудзеў за гэты час, некалі бялёсы твар яго пачарнеў ад ветру і доўгага сядзення ля кастроў, губы патрэскаліся і распухлі. Лупсякоў. Хлопчыка пакусалі пчолы, ён увесь распух і пакутаваў страшэнна. Васілевіч.

2. перан. Разм. Моцна павялічыцца ў памерах. Ручай распух і выйшаў з берагоў. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыва́л, ‑у, м.

1. Прыпынак у дарозе для адпачынку ў час паходу, перамяшчэння і пад. Салдату досыць дзесяціхвіліннага прывалу, каб ён, паспеў не толькі заснуць, але трохі і выспацца. Шахавец. Калі скончыўся прывал, полк рушыў далей. Лынькоў. // Месца для такога прыпынку. Над ракою на прывале Неяк мы заначавалі. Нядзведскі. Я люблю Дым кастроў на начлежных прывалах. Кірэенка.

2. Дзеянне паводле дзеясл. прывальваць ​1 — прываліць ​1 (у 2 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

мо́кры, ‑ая, ‑ае.

1. Насычаны вільгаццю; сыры; проціл. сухі. Мокры снег. □ Мокрае адзенне і рухацца перашкаджала і ўніз цягнула. Маўр. Ля кастроў гаманілі хлопцы, сохла мокрая вопратка. Брыль. // Пакрыты вільгаццю. На мокрай траве, на лістах алешніку буйнымі кроплямі зіхаціць раса. В. Вольскі. Уважна слухала Агапа чытанне, і слёзы часта рабілі мокрым яе твар. Мурашка. // Потны. З кабінета першага сакратара выляталі па адным чырвоныя і мокрыя ад поту старшыні адсталых калгасаў. Шамякін.

2. Разм. Дажджлівы, сыры (пра надвор’е). Мокрая вясна. □ Нават у мокры год жыта тут слабее бывае. Крапіва. Ноч была мокрая, чорная. Зарэцкі.

•••

Вочы на мокрым месцы гл. вока.

Мокрае месца застанецца гл. месца.

Мокрая курыца гл. курыца.

Мокрая справа гл. справа.

Мокры, хоць выкруці — вельмі мокры.

Як мокрае гарыць — вельмі марудна (рабіць што‑н., робіцца што‑н.).

(Як) мокрая варона гл. варона.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

со́хнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. сох, ‑ла; незак.

1. Рабіцца сухім, траціць вільгаць; высыхаць (пра што‑н. мокрае). Над палаткамі сохлі недаробленыя палазы. Чорны. Ля кастроў гаманілі вясёлыя хлопцы, сохла мокрая вопратка. Брыль. Увачавідкі сохне трава ў валках. Васілевіч. // Рабіцца занадта сухім, трацячы неабходную вільгаць; смагнуць. Нешта сціскала сэрца, у галаве стаяў сапраўдны тлум, ад смагі сохлі губы. Хадкевіч. Зямля пачала прыкметна параваць і сохнуць. Мележ. / у безас. ужыв. У горле сохне. // Рабіцца цвёрдым, трацячы вільгаць; засыхаць. Хлеб сохне. // Выпарацца, высыхаць (пра вадкасць, вільгаць). Раса на лузе сохне. / Пра вадаёмы. Рэчка сохне. Сажалка сохне.

2. Вянуць, гінуць (пра расліны). [Юрка:] — Мы з Наташай былі ў парку, што летась увосень пасадзілі камсамольцы. Дрэўцы сохнуць. Ніхто не налівае. Пяць таполяў зусім засохла... Бяганская.

3. перан. Разм. Худзець (ад хваробы, цяжкай працы, перажыванняў). На тутэйшай зямлі Дзве сястрыцы жылі, Як забытыя ў лесе, каліны; Жыватворных крыніц Не было для сястрыц, Яны вялі і сохлі націнай. Купала. Маці ўпотайкі выцірала слёзы, ёй здавалася, што Алёша ад працы сохне. Шамякін. // Пакутаваць ад кахання, ад гора. Сохнуць сэрцы ў разлуцы, у горы. Астрэйка. Патанцавалі вечар у школе, а праводзячы дадому, Аніс сказаў: — Даўно праз цябе сохну. Гроднеў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

няро́ўны, ‑ая, ‑ае.

1. Нягладкі, з упадзінамі і ўзвышшамі. Дарога была няроўная, з каляінамі, Варавіцкі ледзь выкручваў машыну паміж імі. Лобан. Месца тут няроўнае — то высокая гара, то глыбокая нізіна. Шамякін.

2. Размешчаны не па прамой лініі; крывы. Пёрка выводзіць на паперы няроўныя радкі. Гартны.

3. Неаднолькавы па велічыні, памерах, якасці, умовах і пад. з кім‑, чым‑н. І хаты няроўныя тут, як і людзі: адна большая, другая меншая. Колас. У наваколлі тутэйшых трох вёсак зямля была вельмі няроўная. Дзе вышэй — радзіла добра, дзе ніжэй к балоту — усё ўшчэнт вымакала. Чорны. Аднаго бацькі і адной маткі няроўныя бываюць дзіцяткі. Прыказка.

4. Нераўнамерны ў працэсе дзеяння; перарывісты, з перабоямі. Няроўны пульс. Няроўнае дыханне. □ Калі-нікалі халадзіў лагодны, ціхі ветрык, што варушыўся няроўнымі слабымі павевамі. Мележ. [Газоўка] кідала няроўнае, трапяткое святло на сцены з бярвенняў, між якіх тырчаў сухі.. мох. Васілеўская.

5. перан. Неўраўнаважаны; няўстойлівы. Няроўны характар.

6. перан. Не заўсёды аднолькавы, з лепшымі і горшымі часткамі (пра стыль).

7. Такі, у якім прымаюць удзел неаднолькавыя ў якіх‑н. адносінах бакі. Весці няроўны бой. □ Аб .. падзеях [у Іспаніі] пісалася ў газетах, аб іх гаварылі ў школе, у часе піянерскіх кастроў, дома. І ўсім так хацелася дапамагчы тады іспанскім героям у іх мужнай і няроўнай барацьбе. Лынькоў. І жнівеньскім ранкам У сорак другім Змаганне няроўнае Выпала ім. Гілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

увабра́ць, убяру, убярэш, убярэ; убяром, убераце; пр. увабраў, ‑брала; зак., каго-што (пераважна ў пр. часе).

1. Паступова паглынуць (ваду, паветра і пад.); уцягнуць унутр; усмактаць. «Тут скрозь балоты, — пісаў нам Сяргей .. — Прыпяць не наспявае ўвабраць усю ваду». Хомчанка. [Алесь] уздыхнуў так, як быццам хацеў увабраць у сябе ўсё паветра, што было навокал. Броўка. [Камета] ўвабрала вельмі мала святла з навакольнае прасторы, але пры пэўнай спрактыкаванасці яе можна заўважыць простым вокам. Шыцік. // Падабраць, заправіць унутр чаго‑н. [Васіль] зашпіліў верхні гузік касавароткі і нават увабраў пад кепку непакорны віхорчык валасоў. Кулакоўскі. Доўгую белую кашулю [мужчына] увабраў у штаны і па штанах туга падперазаўся саматканым паяском. Галавач. // Уцягнуць, утуліць (шыю, галаву і пад.). Стаіць Рыгор Варанец у варотах .. Галаву ў каўнер увабраў. Крапіва. Волак увабраў шыю, адразу паменшаў і баязліва паглядзеў у вочы Блажэвічу. Няхай. Люся ўвабрала ў плечы галаву, сціснулася. Шашкоў. // Умясціць куды‑н. У клецях — тканіны ядвабныя, Футры, сувоіны кужалю... Усё, што пакоі прывабныя Сквапна ўвабраць не падужалі. Дзяргай. // перан. Успрыняць, засвоіць. Зямля бацькоў, Лагойшчына мая,.. На ўсё жыццё ўвабраў у сэрца я Тваіх кастроў і боек дым гаркавы. Гілевіч. Лабановіч увабраў у сябе погляды, думкі, настроі працоўнай сялянскай масы, з якой ён выйшаў. Казека. Музыка-сын спяваў на дзіва. У сваю душу ён увабраў І лісця подых палахлівы, І ціхі шэпт пушчанскіх траў. Кляўко.

2. Разм. З’есці ўсё без разбору, без астатку. [Зайцаў:] — Варэнікаў .. украінскіх з вішнямі я зараз бы цэлае вядро ўвабраў... Даніленка.

3. (са словамі «у сябе»). Уключыць у свой склад, аб’яднаць. Лясная брыгада ўвабрала ў сябе ўсіх людзей. Трэба было да вясны ссячы і прывесці ў парадак дзялянку. Ермаловіч.

4. што і за што. Разм. Моцна ўхапіць, схапіць што‑н. Увабраць кол. Увабраць за чуб.

5. Разм. Схапіць, захапіць. [Шабанок:] Дык от мы, утраіх, згаварыліся ўвабраць аднаго фашыста. Кучар. [Салдат:] — Нам, разведчыкам, і то рэдка ўвабраць удаецца такога важнецкага языка. Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)