*Ка́лінь, ко́лінь ’калі-небудзь’ (пін., Нар. лекс.). Прыклад мадэлі, рэпрэзентаванай такімі ўтварэннямі ў гаворцы, як дэнь ’дзе-небудзь’, хтонь ’хто-небудзь’, кудань ’куды-небудзь’, шчонь ’што-небудзь’. У рус. гаворках адзначаны ўтварэнні тыпу коли не, колино, якія адлюстроўваюць іншы тып утварэння і па значэнню не супадаюць з бел. прыкладам. Магчыма, аб такой самай рэдукцыі другога слова (якое ўспрымаецца як складанае з істотна рознымі па функцыі часткамі?) сведчыць і адзначанае на іншай тэрыторыі каліль, коліль. Ізаляванасць гэтых форм дазваляе меркаваць, што яны другасныя і паходзяць ад колінь.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Каліне́ячы ’калісьці’ (карэліц., Сцяшк.). Аформлена як надоечы (гл.); другую частку слова можна разумець па-рознаму. Магчыма, утворана з неяк (гл.), але не выключана, што і з калінь (гл.). Паводле значэння ’калісьці’ хутчэй суадносіцца з неяк ’аднойчы’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Калі́ль ’калі-небудзь’ (калінк., З нар. сл.), коліль; (Янк. 2), колілься (калінк., З нар. сл.). Магчыма, з калінь, колінь (параўн. ніжэй), з асіміляцыяй ‑л‑ да ‑н‑. Па тэрыторыі гэтыя ўтварэнні, праўда, з розных арэалаў Палесся. Менш верагодна бачыць у другой частцы прасл. li‑, вядомае ў розных функцыях (гл. спец. ESSJ SG, 2, 409–413). Як здаецца, нельга вывесці з формы каліколь (гл. вышэй), фіксацыя якой відавочна ўскладняе этымалагізацыю гэтых лексем.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

-нь, пастпазіцыйная партыкула, якая далучаецца да займеннікаў тыпу штонь ’што-небудзь’, хтонь ’хто-небудзь’, прыслоўяў тыпу калінь ’калі-небудзь’ і пад., вядома яшчэ ст.-бел. штонь (1387), какійньколи (якія калі) (1432). Паводле Карскага (1, 323), можа выводзіцца з займенніка *(j)ь (ст.-слав. иже, параўн. він. скл. *нь) або з’яўляецца вынікам скарачэння не ці ні, параўн. ст.-бел. штонь есть дохода; паводле Копечнага (ESSJ SG, 1, 323), звязана з займеннікам *onъ (гл. ён).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)