гібе́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; незак.

Разм. Мучыцца, пакутаваць ад нястачы, голаду, цяжкай працы і пад. Пралетарыят павёў за сабой мільённыя масы сялянства, якое гібела ў галечы і цемры. «ЛіМ». — Кім бы я быў, — падумаў сам сабе Зорын, — каб не савецкая ўлада? Гібеў бы, пэўна, недзе ў кулака ці ў памешчыка за кавалак хлеба парабкам. Гурскі. // Весці пустое, бязмэтнае жыццё; марнець. Сцяпан рэдка сустракаецца з людзьмі, гібее ў сценах сваёй хаты, нібы той пацук у нары. «Звязда».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

умацава́ць, ‑цую, ‑цуеш, ‑цуе; зак., што.

1. Зрабіць што‑н. больш устойлівым. Умацаваць плаціну. Умацаваць дамбы. □ Каб не нарабіць са сваёй стрэльбай якой-небудзь шкоды, дзед абкруціў анучкай куркі ды зверху ўмацаваў яшчэ наглуха дротам. Лынькоў. Новая дарога ляжала моцная, роўная, як стол. Тарфяны попел схапіў, умацаваў пясок, атрымаўся рыхлы асфальт. Новікаў. Ластаўкі з усіх бакоў абляпілі бляшанку зямлёй. Відаць, яны не надта давяралі нашай пасудзіне і рашылі ўмацаваць яе. Ляўданскі. // перан. Надаць сілу, стойкасць (думкам, пачуццям і пад.). Зорын.. [Нагорнаму] давяраў, а выпадак з Радзецкім яшчэ больш умацаваў гэтае давер’е. Гурскі. Няўдачы загартавалі мастака, умацавалі яго веру ў сябе. «ЛіМ».

2. Разм. Прымацаваць што‑н. на чым‑н. грунтоўна, надзейна. Высланыя наперад радысты ўмацавалі дынамік на страсе камандзірскай зямлянкі. Шамякін. Мы з Сяргеем грунтоўна ўмацавалі за плячыма рацыю. Няхай.

3. Зрабіць больш здаровым. Умацаваць нервы.

4. Зрабіць больш моцнымі асновы чаго‑н. Умацаваць абарону краіны сацыялізма. □ Дзякуючы льнаводству.. [калгасы] ўмацавалі сваю эканоміку. «Звязда». // Узняць на больш высокую ступень арганізаванасць, дысцыпліну. Умацаваць дысцыпліну.

5. Стварыць абарончыя збудаванні дзе‑н., забяспечыць сродкамі абароны. Умацаваць подступы да горада.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

угле́дзець, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; зак.

1. каго-што, без дап. і з дадан. сказам. Заўважыць, прыкмеціць; згледзець. Зямлянкі былі пабудаваны так, што іх адразу нельга было ўгледзець — глыбока ў зямлі, пад разлапістымі дрэвамі. Шчарбатаў. Звечарэла. Перастала імжыць, аціхла, — не ўгледзелі калі. Пташнікаў. [Аўгінка] выйшла з двара на агароды, а адтуль .. пачала выбірацца на дарогу, каб не ўгледзелі суседзі, куды пайшла. Асіпенка. Зінаіда Антонаўна, абышоўшы забалочаны ўчастак, угледзела, што ўжо вечарэе. Кавалёў. // Успрыняць зрокам, убачыць. Насця азірнулася, каб лішні раз угледзець Васькаву постаць. Лынькоў. Тутэйшыя майстры стараліся так аформіць вазкі, каб яны яшчэ і цешылі вока кожнага, хто іх угледзіць. «Помнікі».

2. каго-што і без дап. Апынуўшыся дзе‑н., атрымаць магчымасць самому пабачыць што‑н. А пойдзеш, у Ліпава лясамі, Напэўна стрэнешся з ласямі, І зайца ўгледзіш і вавёрку. Колас. Каб хату пабачыць бедную, І неба, дзе бусел ляціць, Каб могілкі мог я ўгледзець, Дзе маці мая ляжыць. Караткевіч. // Убачыцца, сустрэцца з кім‑н. асабіста. [Рыгор:] — Калі паверыш мне, усе мае думкі сходзіліся на адным: угледзець цябе як хутчэй. Гартны. Можа больш я ніколі не ўгледжу ні Сяргейкі, ні Марылькі. Сабаленка.

3. за кім-чым. Разм. Дагледзець, прасачыць за кім‑, чым‑н. Паколькі брыгада цяпер вялікая ды разбіта на звенні, аднаму брыгадзіру цяжка ўгледзець за ўсім і ўсімі. Кулакоўскі. [Суседка:] — Ці ж угледзіш за ёй [Надзяй] такою, ці ж утрымаеш у хаце!.. Галавач.

4. каго-што. Паглядзеўшы на каго‑, што‑н., выявіць, заўважыць, адкрыць для сябе што‑н. [Турсевіч] яшчэ раз акінуў поглядам Лабановіча, нібы хочучы ўгледзець яго прытоеныя мыслі. Колас. І які куток гаспадаркі ні ўзяць, усюды ўгледзіш парадак, руплівасць. «ЛіМ». // Выявіць, распазнаць скрыты сэнс, прыкметы чаго‑н. у кім‑, чым‑н. Зорын ажывіўся, ён у субяседніку ўгледзеў сталага чалавека, які разумее і цэніць яго работу. Гурскі. Ва ўсёй гэтай кароткай і такой звычайнай гісторыі капітан Крайко чамусьці ўгледзеў невялічкую недакладнасць. Ваданосаў.

5. што. Устанавіць, выявіць, знайсці, убачыць што‑н. Крытыка, як вядома, ацаніла аповесць [«Адшчапенец» Коласа] даволі стрымана, угледзеўшы ў ёй нямала хібаў і ўпушчэнняў. Мушынскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ве́сці, вяду, вядзеш, вядзе; вядзём, ведзяце; пр. вёў, вяла, вяло; заг. вядзі; незак.

1. каго. Накіроўваць чый‑н. рух. Весці каня за повад. □ Маці бярэ мяне за руку і вядзе дамоў. Бядуля. Вядзі, гаспадар, калі ласка, Нашчадкаў на ганак цясовы! Калачынскі. Зорын вёў сваю партнёршу, як добра спрактыкаваны танцор. Гурскі. // Памагаць ісці. Весці хворага пад рукі. // Прымушаць ісці з сабою. Весці ў міліцыю. □ Арыштаваных вялі рыначным пляцам проста да ратушы. Чорны. // што. Кіраваць аўтамабілем, караблём, самалётам і пад. Весці паравоз. □ [Вася:] — Хвіліну я нічога не бачыў і вёў самалёт наўгад. Шамякін. [Брат] вёў праз мост памалу Наш мінскі самазвал. Гілевіч. // каго-што. Ісці на чале, узначальваць, камандаваць. Весці войскі ў бой. □ Адну з калон беспрацоўных вёў Зыгмунт Асядовіч. Чорны. Капітан.. не спыняўся, настойліва вёў роту на нямецкія пазіцыі. Мележ.

2. перан.; каго-што. З’яўляцца кіраўніком чаго‑н.; ажыццяўляць кіраўніцтва кім‑, чым‑н. Весці сход. Весці гурток, клас. □ Маці спраў весці не ўмела, і ў мінулым годзе запушчаную і ўшчэнт разбураную гаспадарку прыйшлося збыць. Васілевіч. Вёў Герасім Дзмітрыевіч урок як звычайна. Выклікаў.. вучняў да дошкі, расказаў новы матэрыял. Б. Стральцоў.

3. чым па чым. Рухаць (указкай, алоўкам і пад.) па паверхні чаго‑н. Весці ўказкай па карце.

4. што. Будуючы што‑н. (дарогу, трубаправод, лінію электраперадачы і пад.), пракладваць у пэўным напрамку. — Ты памятаеш, як вялі ў нас дарогу? — раздумліва спытаў у мяне Яўхім. — На Рэчыцу? Ракітны. Праз балоты і палі Будаўнікі з Дашавы трубы Да Мінска роднага вялі. Ляпёшкін.

5. Мець пэўны напрамак, быць шляхам куды‑н. Дзве сталёвыя каляі, ля якіх стаіць Птахава будка, вядуць з усходу на захад — з Гомеля на Брэст. Навуменка. Роўная, гладкая пясчаная дарога вяла да самага ўзлесся.. Курто. Стаяў [асабняк] на ўзгорку, з вуліцы да яго вялі шырокія.. усходкі. Шамякін. // перан.; да чаго. Мець сваім вынікам, цягнуць за сабою. Гэта да дабра не вядзе.

6. што. Рабіць, выконваць, ажыццяўляць, падтрымліваць што‑н. (ужываецца звычайна ў спалучэнні з назоўнікамі, якія абазначаюць дзеянне). Весці падлікі. Весці назіранне. Весці барацьбу. Весці перапіску. Весці размову. □ Сход праходзіў спакойна. Максім за сталом вёў пратакол. Машара. Адам вёў строгую канспірацыю і прывучаў да строгасці ў падпольных справах і Міколу. Якімовіч. Ганна Сцяпанаўна была не з маўклівых, і трэба было ўвесь час весці з ёй размову. Шыцік.

7. безас. Разм. Хіліць на што‑н.; адольваць. Яго вяло на сон.

•••

Весці (размову, гутарку) да чаго‑н. — гаворачы або робячы што‑н., мець на мэце што‑н.

Весці рэй — быць завадатарам, верхаводзіць. — Антоська!.. родны мой! Канаю... Перагарэў, адстаў, знікаю... Вядзі ж ты рэй, вядзі... адзін... Як лепшы брат, як родны сын. Колас.

Весці сваё — настойліва ажыццяўляць свае планы, намеры, погляды, думкі.

Весці сваю лінію — тое, што і гнуць сваю лінію (гл. гнуць).

Весці свой род (генеалогію) ад каго‑н. — лічыць сябе нашчадкам каго‑н.

І вухам не весці — не слухаць, не звяртаць увагі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)