Захлупіцца ’захлынацца’ (Янк. II). Рус. захлупить ’закрываць’, захлупаться ’заблытацца’, славен. zahlúpniti ’задыхнуцца (парай)’, балг. захлупям, захлупвам ’накрыць, закрыць’. Параўн. славац. zachlipnať ’захлынацца’. Наўрад ці выклікае сумненні сувязь з захлынацца, хлынуць. Не абгрунтоўваецца семантычна сувязь з хлупы ’пахілы’ (гл.). Параўн. славен. hlûp ’пара, смурод’, hlópati ’дыхаць з цяжкасцю’. Няясна.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Захлына́цца. Рус. зах.-бранск. захлыну́ться, укр. захлина́тися ’тс’, славен. zahlíniti ’тс’, zahlipíti ’зрабіць так, каб захлынуўся’. За + хлын‑а‑цца, гл. хлынуць ’ліцца’, адкуль ’заліцца’? Параўн. славац. zachlipnuť si ’захлынуцца’, рус. захлебнуться ’тс’, польск. zachłysnąć się ’тс’, захлупіцца. Хаця сувязь з хлынуць наўрад ці выклікае сумненні, наяўнасць шэрагу паралельных утварэнняў патрабуе далейшага ўдакладнення кораня. Гл. Фасмер, 4, 247.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ахлу́п ’суцэльнае бервяно, якое кладзецца над вокнамі, дзвярамі’ (Інстр. лекс.), ахлупавата ’не крута’, ахлупны ’ахопліваючы, верхні’ (Касп.), рус. о́хлуп, о́хлупь ’вільчык, верхняя частка страхі’, о́хлупень ’тс’. Звязана з гукапераймальным хлопаць ’стукаць, ляскаць, выдаваць адрывістыя гукі’ чаргаваннем галоснага асновы, якая мае значэнне ’выдаваць шум, закрываючы ці адкрываючы адтуліну’, параўн. захлупі́цца ’задыхнуцца (ад раптоўнага недахопу паветра)’, рус. бранск. адхлупнуть ’адклеіцца, адстаць’, балг. захлупвам ’закрываць накрыўкай, пераварочваць уверх дном’, захлупак, похлупак ’накрыўка’ (адносна апошніх гл. Мірчаў, БЕ, 10, 2–3, 218–220); з захаваннем галоснага о рус. захлопнуть ’рэзка закрыць’, захлопка затычка’, славац. chlopňa ’накрыўка’; Махэк₂ (287) выводзіць рус. охлупень ад *xlupěti ’вісець, падаць’, што ўзыходзіць да гукапераймальнага *xlup — для абазначэння розных рухаў, галоўным чынам раптоўных, нечаканых (там жа, 200 і наст.). Неверагодна перш за ўсё па лінгвагеаграфічных прычынах адносна рускага слова Фасмер, 3, 176 (з о‑ і хлупь ’хвост’, ’гузка ў птушак’). Параўн. ашлап.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)