заня́ць

дзеяслоў, пераходны, закончанае трыванне, незваротны, 1-е спражэнне

Будучы час
адз. мн.
1-я ас. займу́ зо́ймем
2-я ас. зо́ймеш зо́ймеце
3-я ас. зо́йме зо́ймуць
Прошлы час
м. заня́ў занялі́
ж. заняла́
н. заняло́
Загадны лад
2-я ас. займі́ займі́це
Дзеепрыслоўе
прош. час заня́ўшы

Крыніцы: dzsl2007, krapivabr2012, piskunou2012, sbm2012, tsblm1996, tsbm1984.

Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2025, актуальны правапіс)

заня́ць, займу́, зо́ймеш, зо́йме; займі́; заня́ты; зак.

1. што. Запоўніць сабой якую-н. прастору, прамежак часу.

Кнігі занялі ўсю паліцу.

Гэта работа зойме ў нас дні два.

2. што. Размясціцца дзе-н.; уступіць куды-н., авалодаўшы чым-н.

З. месца ў вагоне.

З. кватэру.

Полк штурмам заняў варожы гарнізон.

З. крэпасць.

3. перан., каго (што). Зацікавіць, цалкам захапіць.

Мяне заняла гэта работа.

4. каго (што). Даць работу, занятак каму-н.

З. на ўроку ўсіх вучняў.

З. гасцей размовамі.

5. што. У спалучэнні з некаторымі назоўнікамі: заняць пасаду.

З. вакансію.

З. месца малодшага навуковага супрацоўніка.

З. кафедру ў інстытуце.

6. каго-што. Захапіць, збіраючы ў адно месца і гонячы куды-н. (пра жывёлу).

З. статак і гнаць дадому.

7. што. Распачаць.

З. шырокі пракос.

Дух заняло (разм.) — стала цяжка дыхаць ад чаго-н. (хвалявання, хуткага руху і пад.).

Мову заняло каму — страціў здольнасць гаварыць.

|| незак. займа́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е (да 1—5 і 7 знач.).

|| наз. заня́цце, -я, н. (да 2 і 4 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

заня́ць, займу, зоймеш, зойме; заг. займі; зак., каго-што.

1. Запоўніць сабою (якую‑н. прастору, паверхню). Крывыя подпісы мужыкоў занялі ўвесь ліст паперы. Колас. Вясельны поезд заняў повен двор. Гарэцкі. // Размясціцца, распалажыцца на якім‑н. месцы. Гарманіст заняў месца на лаўцы. Васілевіч. Рыгор з Сёмкам прыкмецілі пры адным стале два.. крэслы, падышлі і занялі іх. Гартны. // Узяць у сваё карыстанне. Кожны падарожнік, калі ён жадаў, мог заняць на ноч адзін.. домік. Шамякін. Аканом Павел Грынявіцкі злітаваўся над цягавітым парабкам і дазволіў яму заняць частку хаты ў лапаціцкім фальварку. С. Александровіч. // пад што. Скарыстаць для якіх‑н. мэт. Заняць дом пад шпіталь. // Пашырыцца на што‑н.; ахапіць сабой што‑н. Праз некаторы час ранішняя зара заняла ўвесь усход. Чарнышэвіч.

2. Атрымаць якую‑н. пасаду, замяніць каго‑н. па рабоце. Я цешыў сябе надзеяй, што змагу заняць месца малодшага навуковага супрацоўніка. Дамашэвіч. // Апынуцца па выніках на якім‑н. месцы. Заняць прызавое месца ў спаборніцтвах. □ Адам Мігай, якому перадалі новы трактар, заняў першае месца. Шамякін. // Замацаваць за сабой (месца ў чарзе). Кіра заняла чаргу ў касу, каб узяць усім талоны. Карпаў.

3. Авалодаць якой‑н. тэрыторыяй, населеным пунктам і пад. Полк штурмам заняў варожы гарнізон. □ Атрад быў разбіты на групы, якія занялі пераправы на рэках. Чорны.

4. Запоўніць (які‑н. прамежак часу); працягнуцца. Шмат часу заняла прыборка і ўстаноўка вучэбных машын. Брыль. // Правесці пэўны час за якім‑н. заняткам. Хацелася б сустрэць каго-небудзь знаёмага — пагутарыць, заняць час. Пестрак.

5. Даць работу, занятак. Заняць у спектаклі маладых акцёраў. Заняць на ўроку ўсіх вучняў. □ Каб чым-небудзь заняць сваю ўвагу, [Андрэй] пачаў пазіраць за гасцямі. Шахавец.

6. Зацікавіць, цалкам захапіць. Работа Арцыховіча заняла, і ён не заўважыў, калі падышла і спынілася па той бок плоціка дзяўчына. Алешка. // Забавіць, не даць нудзіцца. Заняць гасцей.

7. Захапіць, збіраючы ў адно месца і гонячы куды‑н. (пра жывёлу). На світанку, як толькі даяркі падаілі кароў, пастухі занялі ўвесь статак і пагналі ў дарогу. Сабаленка.

8. Распачаць. Касцы прайшліся па два пракосы, занялі па трэцім. Дайліда. Трактар дайшоў да канца і, завярнуўшыся, заняў новыя барозны. Паслядовіч.

9. безас. Разм. Адняцца (пра мову). — Ды гавары ты ўжо! Ці табе заняло! Дуброўскі.

•••

Дух (дыханне) заняло (захапіла) каму ці ў каго — спынілася дыханне (ад моцнага хвалявання, хуткага бегу і пад.). Халодная, яшчэ зімовая вада адразу заняла дыханне. Грамовіч.

Заняць абарону — падрыхтавацца адбіваць атаку, напад ворага, размясціўшы адпаведным чынам войска, агнявыя сродкі. Неўзабаве дывізія атрымала загад заняць абарону на паўднёвы захад ад Віцебска і ва ўзаемадзеянні з суседам справа і злева спыніць наступленне немцаў. «Звязда».

Мову заняло каму — страціў здольнасць гаварыць. Чалавек увесь спалатнеў, яму заняло мову. Вітка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)