дзя́дзька

‘брат бацькі, маці; цётчын муж’

назоўнік, агульны, адушаўлёны, асабовы, мужчынскі род, 2 скланенне

адз. мн.
Н. дзя́дзька дзя́дзькі
Р. дзя́дзькі дзя́дзькаў
Д. дзя́дзьку дзя́дзькам
В. дзя́дзьку дзя́дзькаў
Т. дзя́дзькам дзя́дзькамі
М. дзя́дзьку дзя́дзьках

Крыніцы: krapivabr2012, nazounik2008, sbm2012, tsblm1996, tsbm1984.

Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2026/01, актуальны правапіс)

Вуй 1 ’дзядзька па маці’ (Янк. БП, 537); ’дзядзька’ (Сцяшк. МГ), ву́йко ’дзядзька, брат маці’ (Бесар.), укр. ву́йко ’дзядзька, брат бацькі’, рус. уй, вуй ’дзядзька, брат маці’, польск. wuj, wujek, чэш. ujec, славац. ujec, ujko, ujo, в.-луж. wuj, н.-луж. hujk, балг. вуйка́, ву́йко, ву́йчо, макед. вујко, серб.-харв. у̏ја̄к, у̏јац, славен. ujěc. Прасл. *ujь — дакладны адпаведнік ст.-прус. awis ’дзядзька’; параўн. таксама літ. avúnas ’дзядзька’, гоц. awō ’баба’, ст.-в.-ням. ô‑heim, ст.-ісл. aue ’пляменнік’, лац. avus ’дзед’, avunculus ’дзядзька’, якія ўзыходзяць да і.-е. *au̯os (au̯i̯os?) (Младэнаў, 74; Фасмер, 4, 155; Махэк₂, 668; Трубачоў, История терм., 81 і наст.; БЕР, 1, 198; Брукнер, 637; Шаур, Etymologie, 47; адносна суфікса ‑jь гл. Слаўскі, SP, 1, 8 і наст.).

Вуй 2 выкл. ’ой’ (Шат.). Гл. уй ’тс’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Стрый ‘дзядзька па бацьку’ (Нас., Байк. і Некр.; іўеў., Сл. ПЗБ; Бес., Янк. БП), стры́ек ‘брат бацькі’ (Скарбы), стрыёк ‘тс’ (Нас.), стрые́чка ‘дочка дзядзькі’, ст.-бел. стрий, стрый ‘тс’ (Ст.-бел. лексікон), стрыеве ‘дваюрадныя па лініі маці’ (там жа). Параўн. укр. дыял. стрий ‘дзядзька па бацьку’, рус. дыял. строй ‘дзядзька па бацьку; калека, жабрак’, стараж.-рус. стрыи, стръи, строи ‘брат бацькі’, польск. stryj, каш. strij, в.-луж. tryk, чэш., славац. strýc ‘стрый; наогул стары чалавек’, славен. stríc ‘брат бацькі або маткі’, серб.-харв. strȋc, балг. дыял. стри́ко, макед. дыял. стрико ‘стрый, дзядзька, дарослы мужчына’, ст.-слав. стрыи, ‘тс’. Прасл. *stryjь, *strъjь ‘стрый’. Этымалагічныя версіі розныя. Паводле Мікалы (Ursl. Gr., 65), славянскае слова набліжаецца да лац. patruus ‘стрый’, ст.-інд. pitr̥vyas, авест. tūirya‑, ст.-в.-ням. fetiro/fatirro ‘тс’, ням. Vetter ‘пляменнік’ і ўзнікла, відаць, на аснове і.-е. *pətru̯i̯o‑ ‘бацькоўскі’, прыметніка ад і.-е. *pəter‑ ‘бацька’ (параўн. лац. pater ‘тс’), з больш ранняга *ptru̯i̯o‑ ‘кроўны, брат бацькі’ са змяненнем групы ptr > *str, або, як мяркуе Трубачоў (История терм., 79–81), з улікам авестыйскай формы з ttr > str. Доўгае ‑y‑ у корані развілося з напружанага ъ перад i. Гэтую версію падтрымліваюць Мее, Études, 393; Лер–Сплавінскі, JP, 24, 44; Махэк₂, 584. На іншую думку, слав. *stryjь роднаснае літ. *strūjus ‘дзед’, ст.-ірл. sruith ‘стары, паважаны’, вал. strutiu ‘тс’; гл. Буга, РФВ, 75, 147; Траўтман, 290; Брукнер, 522; Покарны, 1037. Супраць Трубачоў, тамсама. Агляд этымалогій гл. яшчэ Фасмер, 3, 780; Сной₁, 614; Бязлай, 3, 328; Борысь, 583; Шаўр, Etymologie, 73–74; ЕСУМ, 5, 442.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

сабра́цца, збяруся, збярэшся, збярэцца; збяромся, зберацеся; зак.

1. Сысціся, з’ехацца ў адно месца. Заўтра дзень кірмашовы ў сяле Сілічах, Там, ён [Цімох] ведае гэта, збяруцца сябры. Куляшоў. Калі ж мы зноў збяр[о]мся ў цесны круг, Як раніцай збіраюцца заранкі? Глебка. Яшчэ ў першы дзень, як толькі Сашка прыехаў у Багатую Граду, у дзедаву хату сабралася нямала хлопчыкаў і дзяўчынак. Даніленка. // Адкрыцца, пачаць сваю работу (пра сход, пасяджэнне і пад.). Раніцай павінен быў сабрацца савет МТС. Лобан. Можна сказаць, не пас[я]дж[э]нне гэта было, а сапраўдны сход. Увесь сельсавет сабраўся, і так яшчэ актывістаў пазвалі. Чорны. // Згрупавацца тым ці іншым чынам вакол каго‑, чаго‑н. Сабралася ў кола Шаснаццаць сясцёр, Усе маладыя, амаль аднагодкі. Здружыла ў змаганні, ў паходах жыццё І працай зраднілі сясцёр пяцігодкі. Лужанін. // Зляцецца ў чародкі (пра птушак). Па позвах тых гусі З лясоў і балот Сабраліся: хутка У вырай адлёт. Калачынскі.

2. Дайсці да якой‑н. колькасці, да якога‑н. ліку. Гасцей сабралася чалавек дваццаць. Дуброўскі. Войска, брат, ёсць. Узвод — не ўзвод, а аддзяленне добрае збярэцца. Брыль.

3. Паступова накапіцца ў адным месцы, у адных руках. Аднойчы здарылася так, што нам выдалі стыпендыю ды мой старэйшы брат прыслаў мне дапамогу — рублёў дваццаць пяць. Разам у мяне сабраўся цэлы капітал. Дубоўка. // перан. Адкласціся ў душы, набалець. У гэтай сцэне сабраўся ўвесь накіп усяго таго, што рабілася каля .. карчмы праз шмат год. Чорны. Старая зноў ўспомніла Лідачку, Міхася, і ўся тая злосць на жыццё, якую яна толькі мела, сабралася, здаецца, адразу. Брыль.

4. Адвольна назбірацца ў якой‑н. колькасці (пра вадкасць, пару і пад.). [Залатарова:] — Усё зразумела. У воку сабралася глаўкомная вадкасць. Мяжэвіч. Ралля паруе — цеплыня Сабралася за час зімовы. Прануза. // Паступова насунуцца, згусціцца (пра хмары, навальніцу). Пад вечар шэрыя хмаркі ўсё ж такі сабраліся ў адну і затулілі ўсё неба. Маўр. / у безас. ужыв. І, бач, зноў жа сабралася на дождж. М. Стральцоў. // Пачацца ў выніку паступовага нарастання пэўных змен у атмасферы. Пад раніцу дождж збярэцца.

5. Набухнуць (пра пупышкі дрэў, кветак). На верхавіне сцябла парасонам сабраліся пучкі, гатовыя распусціцца ў кветкі. Маўр.

6. Падрыхтаваць усё неабходнае ў дарогу. Сабраўся дзед Баўтрук, забраў сякія-такія рэчы, сякерку сваю цяслярскую вострую ўзяў і, не аказаўшыся нявестцы, выйшаў з хутара на дарогу. Колас. // Намерыцца пайсці куды‑н., пабываць дзе‑н. Сабраўся аднойчы дзядзька Антось у лес, закінуў стрэльбу за плечы, гукнуў Таксу. С. Александровіч. — Куды гэта ў поўнач сабралася? — нездаволена спытала .. [Маню] маці. Васілевіч. // з інф. Наважыцца зрабіць што‑н. — Ці не вагоны ты перасаджваць сабралася? Якімовіч. Часамі мне хочацца як-небудзь сабрацца перачытаць іх [ апавяданні] ды паправіць. Скрыган. // Надумацца стаць кім‑н. Сабрацца ў інжынеры.

7. (звычайна са словамі «сілы», «думкі», «дух» і пад.). Унутрана арганізаваць сябе. Трэба было супакоіцца, сабрацца з сілаю, суняць сэрца ў грудзях, каб ударыць без промаху. Быкаў. Мімаволі падкасіліся ногі, і Анісся прыхілілася да заснежанага плота, каб аддыхацца, сабрацца з думкамі. Лынькоў. Разгублены Папас не ўмеў сабрацца са словамі. Галавач. І дзіва, чым бліжэй падыходзіў [Сіліцкі] да Людмілінага дома, тым больш пачынаў хвалявацца.. Каля самага дома ён аж прыпыніўся, каб сабрацца з духам. Арабей. // Напружыць мышцы, падрыхтавацца да якога‑н. руху, дзеяння. Усё .. цела [Аляксея] напружылася, сабралася. Мележ. Кошка ў гэты момант .. ужо сабралася скокнуць, каб схапіць вераб’я. Бяспалы.

8. Стуліцца, як быццам зрабіцца меншым. Вялікі жаль да бацькі агарнуў усю .. малую істоту [Міколкі], і ён нібы сабраўся ўвесь у маленькі камок. Лынькоў. Бровы яе збегліся на пераноссі, і ўвесь твар сабраўся ў жаласлівы камяк. Крапіва. // Утварыцца, з’явіцца (пра маршчыны, складкі). Залатыя дзянькі прайшлі і канулі ў нябыт. Маршчынкі, як павуцінне, сабраліся ўжо каля вачэй. Чарнышэвіч. Лоб сабраўся ў гармонік і гэтым выразна аддзяляў сябе ад лысіны. Кулакоўскі.

•••

Сабрацца адно к аднаму — накапіцца чаго‑н. дзе‑н. (пра справы, незадавальненне, гнеў). [Злобіч:] — Даруй, Рыгор ... неяк з гарачкі я ... Сабралася адно к аднаму. М. Ткачоў.

Сабрацца (пайсці) у прочкі — звычайна пайсці ад мужа; пакінуць сям’ю, сваю хату з прычыны неладоў.

Сабрацца (прыйсці) у свіныя галасы — позна, у позні час, са спазненнем.

Хмары сабраліся над кім-чым гл. хмара.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)