Ке́ршы ’пярэсты’ (Сл. паўн.-зах.). «Бывае кершы бык, карова кершая» (там жа, 458). Параўн. таксама бел. кершыс ’пярэсты вол’, кершаваты -пярэсты’, польск. kierszuk, kierszal ’пярэсты бык’, kierszajka ’етярэстая карова’. Даная група слоў літ. паходжання: літ. keršis ’пярэсты (бык, конь)’. Адпаведныя дэмінутывы: keršiikas, keršėlis (Грынавецкене і інш., LKK, 16, 1975, 178; Лаўчутэ, Балтизмы, 45).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

дарэ́чы, прысл.

1. К месцу, якраз у патрэбны час. — Вось якраз дарэчы, — сустрэў Барысаў Батаніна. — Прыйдзецца вам, Павел Андрэевіч, сказаць прамову. Дудо. Барабан бесперапыннага дзеяння быў вельмі дарэчы. У ім можна было апрацоўваць вялікія дэталі. Карпаў.

2. у знач. пабочн. (часта ў спалучэнні са словамі «кажучы», «сказаць»). Ужываецца для абазначэння таго, што даная фраза гаворыцца ў дадатак да чаго‑н., толькі што сказанага. Дарэчы, у хаце ў Ганны, калі ні прыйдзі — чыста, нібы яна вечна, з гадзіны на гадзіну, чакае важнага госця. Дуброўскі. Дарэчы кажучы, той Янка быў ўдалы, Не меў прывычкі доўга разважаць. Корбан.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Глузд ’розум, развага’ (БРС). Рус. глузд, укр. глузд. Слова, якое вядома толькі ва ўсх.-слав. мовах (агляд матэрыялу гл. у Трубачова, Эт. сл., 6, 155–156). Архаічнасць структуры слова (можна меркаваць, што тут маем вынік першапачатковай экспрэсіўнай гемінацыі: *glud‑d‑ > *gluzd‑; гл. у Трубачова, там жа), нягледзячы на тое, што даная лексема зафіксавана на абмежаванай тэрыторыі, дазваляе аднесці яе да ліку праславянскіх. Суадносіцца з лексемамі *gluda, *gluta (так ужо ў Бернекера, 1, 309). Параўн. яшчэ глузды́ ў Касп.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Касцёл ’касцёл, каталіцкая царква’ (ТСБМ, БРС, Сл. паўн.-зах. і г. д.). Рус. костёл, укр. костьо́л. У ст.-бел. мове засведчана з XVII ст. у формах костелъ, косцелъ. Непасрэднай крыніцай запазычання бел. слова было польск. kościół ’тс’. У польск. мове гэта слова ўзята, відаць, са ст.-чэш. kostel, якое, у сваю чаргу, запазычана са ст.-в.-ням. kastel < лац. castellum. Недакладна ў Булыкі, Запазыч., 173, дзе польск. лексема выводзіцца непасрэдна са ст.-в.-ням. На тэрыторыі ўсх. славян даная назва адзначаецца ўжо ў 1438 г. (гл. Фасмер, 2, 347). Гл. яшчэ Кюнэ, Poln., 67. Трэба спецыяльна падкрэсліць, што значэнне ’царква’ развілося ў зах. групе слав. моў і гэта трэба мець на ўвазе гісторыкам слав. моў.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Галава́ч. У бел. мове гэта слова мае некалькі значэнняў: ’раскідзістае дрэва на адкрытым месцы’ (Сцяшк. МГ), ’вялікая сасна на полі; векавы лес’ (Яшкін), ’апалонік (паўзуны)’ (Сцяшк. МГ, Шатал., Жд. 3), ’галавень’ (Жд. 2). Таксама шмат вытворных з такой суфіксацыяй і рознымі значэннямі і ў іншых слав. мовах (падрабязны агляд матэрыялу дае Трубачоў, Эт. сл., 7, 7, але бел. мова прадстаўлена толькі прыкладам на ’апалонік’ з Жд. 3). Прасл. фармацыя *golvačь (ад *golva ’галава’ + суф. ‑(a)č‑ь). У аснове назвы ляжыць прыкмета ’вялікай галавы’ (сюды ’апалонік’ і ’галавень’). Далей метафарызацыяй узнікае ’раскідзістае дрэва’ (’з вялікай кронай’), ’вялікая сасна’ і, урэшце, ’векавы лес’. Можна ставіць пытанне: ці ўсе слав. словы, якія прыводзіць Трубачоў пад праформай *golvačь, праславянскага паходжання? Даная словаўтваральная мадэль ва ўсе часы была прадуктыўнай (і ў перыяд самастойнага існавання асобных слав. моў). Так што лепш гаварыць пра словаўтваральную мадэль *golvačь праславянскага характару.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)