Стра́ва ‘прыгатаваныя для ежы прадукты харчавання, блюда’, ‘суп, вадкая вараная ежа’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Гарэц., Растарг., Стан., Бяльк., Нік. Очерки, Байк. і Некр., Скарбы, Сержп., Касп., Пятк. 2, Вешт., ЛА, 4), ‘патрава’ (Нас.). Укр. стра́ва, рус. зах. стра́ва, стро́ва, стараж.-рус. истрава, страва (1407 г.), польск. strawa, чэш., славац. strava, старое н.-луж. strawa ‘ежа, корм’, славен. strava ‘памінкі’. Прасл. *sъtrava ‘ежа, пракармленне’, аддзеяслоўны назоўнік ад праславянскага прэфіксальнага дзеяслова *sъ‑traviti ‘знішчыць, стравіць’, параўн. страві́ць ‘скарміць’ (Бяльк.), ‘спажыць’ (ТС), якія далей да трава, травіць, гл. (Фасмер, 3, 770; Борысь, 579). Паводле Трубачова (Этногенез₂, 316), першасная форма ўзыходзіць да прасл. *jьztrava, аддзеяслоўнага назоўніка ад *jьztraviti, утворанага з *jьz‑ і *traviti (гл. з і травіць). Назоўнік *strava у значэнні ‘пір (на памінках)’ захаваўся ў апісанні пахавання Атылы з V ст. і адпавядае заходнеславянскай форме, што ўзыходзіць да *jьztrava, а не *sъtravay гл. Трубачоў, ЭССЯ, 9, 81. Пярэчанні гл. Гіндзін, Сов. сл., 1990, 2, 65 і наст.; Балто-слав. этнокульт. и археол. древн., 30–31; Мартынаў, там жа, 56 (этымалагізуецца на падставе гоц. straua < straujan па тыпу стол < сцяліць).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ма́ці1, маць ’матка, мама’ (ТСБМ, Бес., Нас., Яруш., Кліх., Маш., Шат., Касп., Бяльк., Сл. ПЗБ, ТС; КЭС, лаг.), драг., бяроз. ма́тэ, ма́ты (КЭС), ма́ця ’тс’ (Пан. дыс.). Укр. ма́ти, рус. мать, ма́ти, ст.-польск. mać (< maci), палаб. motei, н.-луж. maś, в.-луж. mać, ст.-чэш. máti, mátě, славац. mať, славен. máti, серб.-харв. ма̏ти, балг. мати, ст.-слав. мати. Прасл. mati ’маці’ — назоўны склон асновы mater‑, якая да і.-е. *mātē(r), род. скл. *māter‑es — першапачаткова склад *mā‑ — слова з дзіцячай мовы, да якога далучыўся суфікс ‑ter (лац. pa‑tēr ’бацька’, прасл. bra‑trь ’брат’, ст.-в.-ням. swës‑ter ’сястра’). І.‑е. адпаведнікі: літ. mótė ’жонка’, ’бабуля’, лат. mȃte ’маці’, ст.-прус. mūti, ст.-інд. mātā (< mātár), авест. mātar‑, арм. mair, ст.-грэч. μήτηρ, дар. μᾱ́τηρ, лац. māter, ірл. māthir, ст.-в.-ням. muoter, тах. A mācar, тах. B mācer ’тс’, алб. motrë ’сястра’ (Міклашыч, 184; Бернекер, 2, 26; Траўтман, 170; Фрэнкель, KZ, 61, 271; Покарны, 700–701; Фасмер, 2, 583; Шаўр, Etymologia, 20; Гіндзін, Этимология–63, 69 і інш.). Сюды ж маці‑і‑мачаха, маць‑і‑мачаха, маць‑мачыха, маці‑і‑мачоха, маты і мачоха ’падбел, Tussilago farfara L.’ (Сл. ПЗБ, Жыв. сл., Нар. лекс.), ’браткі, Melampyrum nemorosum L.’ (ТС).

Ма́ці2 ’трама’ (жытк., Нар. сл.). У выніку пераносу значэння ’аснова, пачатак, крыніца’ з ма́ці1 (гл.). Гэтаксама Праабражэнскі (1, 515). Параўн. яшчэ ма́ціца, ма́церня.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)