Абу́ць, абуваць ’надзець абутак’ (БРС, Шат., Касп.), абувацца (Бір. дыс., Касп.), абуцца да *ob‑uti, рус. обуть, укр. обути, чэш. obout, славац. obuť, в.-луж. wobuć, н.-луж. wobuś, польск. obuć, славен. obúti, серб.-харв. о̀бути, балг. обуя. Бліжэйшая паралель: літ. ap‑aũti ’абувацца’, apaũtas ’абутак’, лат. aut ’абуваць’, ст.-іран. aoϑra ’абутак’, лац. exuō ’разуваюся’ і г. д. Траўтман, 21; Гуер, IF, 46, 343; Фасмер, 3, 109. Дзеяслоў, бясспрэчна, яшчэ праіндаеўрапейскі, але тое, што прэфіксацыя прасл. ob‑uti супадае з прабалт. ap‑auti, дае падставу сцвярджаць аб балта-славянскай словаўтваральнай інавацыі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Астэ́кл ’зусім дурны’ (мсцісл., вусн. паведамл. А. А. Крывіцкага). Рус. ярасл. остекле́л ’ашалеў’, укр. зах. остеклий злосны, шалёны’, польск. wściekły ’шалёны’. Нерэгулярнасць беларускай фанетыкі можа сведчыць пра нейкія кантамінацыі ці іншамоўныя (паводле А. Я. Міхневіча, вусн. паведамл. — ідыш) уплывы. Аднак наяўнасць адпаведнікаў на зусім розных рускіх і ўкраінскіх арэалах можа ўказваць на захаванне ў беларускай мове старажытнага слова, што абазначала шалёнага. Польскае слова звязана з коранем ciek‑ ’цячы’; пра семантычнае развіццё Гуер, LF, LVII, 522–528; Слаўскі, 1, 99; Брукнер, 61. З гэтым жа коранем, відаць, звязаны і ўсходнеславянскія словы. Семантыка развівалася ці паводле ст.-рус. течи ’хутка бегчы’, ці паводле течи ’бегчы (пра вадкасць)’ у сувязі з тым, што ў шалёных жывёл цячэ сліна.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Паўз, поўз, пыўз ’па’, ’уздоўж’, ’непадалёку’, ’каля’, ’міма’, ’праз’, ’вакол’ (ТСБМ, Кар., Шат., Гарэц., Мал., Чуд.; чэрв., ДАБМ, к. 221; пух., раг., чэрв., бярэз., Сл. ПЗБ), по̂з ’побач, міма, каля’ (Нікан.). Укр. повз ’міма’, рус. у прысл. поз‑доль, поз‑дол, повздоль ’уздоўж, паралельна’. Да па‑ (< прасл. po‑) і vz, — апошняе з прасл. ъz, да якога пазней далучылася v‑ як вынік зіяння (Мее, MSL, 20, 111; Гуер, Sb. filolog., 7, 23). Слав. vьz адпавядаюць літ. už‑, лат. uz‑ (ESSJ SG, 1, 276–281). Сюды ж паўзбоч, поўзбоч ’каля, уздоўж’ (ТС), ’у баку, каля’ (іўеў., Сцяшк. Сл.), а таксама паўзбо́чча ’месца на схіле канавы, узгорка’ (Яшк.) і поўзверх ’па-над, блізка пад верхам’ (ТС).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Бацькі́1 ’parentes’ (Нас., Касп., Шат., Сцяшк. МГ, Бяльк., БРС, Гарэц.), укр. батьки́ ’тс’ (да геаграфіі ўкр. слова гл. Бурачок, Назви, 24–25, карта). У рус. мове няма (параўн. толькі батьки́ ’бацькі’ з гаворак у Літве). Ужыванне мн. ліку ад ба́цька (гл.) з новай семантыкай (’бацька і маці’). Такое словаўжыванне вядома і ў іншых і.-е. мовах (параўн. Гуер, LF, 42, 421–433, Přispěvky, 63–74). Крымскі (Тюрки, II, 208–209) вылучыў неверагодную ідэю растлумачыць значэнне слова бацькі калькіраваннем з араб. мовы (праз цюрк. пасрэдніцтва). Крытыку гл. Бялецкі, Принципы, 214–219.

Бацькі2 ’расліна спарыння, Claviceps purpurea L.’ (цэнтр.-палес.; Выгонная, Лекс. Палесся). Выгонная, там жа, мяркуе, што гэта назва, як і іншыя назвы раслін, herba sacra, дзе выкарыстоўваюцца тэрміны роднасці, абумоўлена яе папераджаючай зло функцыяй.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Аго́нь ’агонь, касцёр’ (БРС, Нас., Янк. I, Касп.), агонь ’гарачка’ (Янк. Мат.), огон: до огнʼа ’вельмі многа’, на огнʼа ’на чорта’, огнʼовы ’чортавы’ (КСТ), агульна- і праславянскае ognь: рус. огонь, укр. огонь, польск. ogień, чэш. oheň, балг. огън, серб.-харв. о̀гањ, літ. ugnìs, agnùs ’вогняны’, ст.-інд. agnis ’агонь’, хец. agniš, лац. ignis і г. д. < *ugnis. Сасюр, 7, 93; Мейе, MSL, 8, 236, 315; Педарсан, KZ, 38, 395; Гуер, LF, 66, 459; Лер-Сплавінскі, SSW, 1957, 205; Мартынаў, ЭИРЯ, 2, 55. Не даведзена канчатковая сувязь прасл. ognь з серб.-харв. ви̏гањ ’кузня’, чэш. výheň ’горан’ (Ільінскі, РФВ, 74, 133; Левенталь, WuS, 11, 54). Цікава супаставіць з і.-е. *ugnis, ст.-грэч. άγνίζω ’ачышчаю’, памятаючы сакральную ачышчальную ролю агню. Пачатак старагрэчаскага слова (spiritus asper) можна тлумачыць як рэфлексацыю S‑mobile.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Мы, драг. мо, тураў. му — займеннік для абазначэння дзвюх і больш асоб (ТСБМ, Сл. ПЗБ, ТС). Укр. ми, рус. мы, польск., н.-, в.-луж., чэш., славац. my, славен. mȋ, серб.-харв. ми̑, макед., балг. ми, ст.-слав. мы. Прасл. my, роднаснымі да якога з’яўляюцца літ. mẽs, лат. mes, ст.-прус. mes, арм. mekʼ (Мее, Общеслав., 365; Мюленбах-Эндзелін, 2, 620). Форма мы непераканаўча тлумачыцца як вынік уплыву формы асабовага займенніка другой асобы вы і Н. скл. мн. л. на ‑y асноў на ‑a. Гуер (LF, 45, 192) у m‑ бачыць уплыў канчатка дзеясловаў ‑mes/‑mos (‑μες, ‑mas). У сапраўднасці ж форма my з’яўляецца кантамінацыйнай у адносінах да протабалт. mes і прасл. ny (параўн. нас, нам і г. д.) — апошняе лічыцца італійскім інгрэдыентам у прасл. мове (іт. nōs > протаслав. nūs > прасл. ny) (Мартынаў, Язык, 79).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Адзі́н, ст.-рус. одинъ, рус. один, укр. один, чэш. jeden, славац. jeden, польск. jeden, в.-луж. jedyn, н.-луж. jaden, ст.-слав. ѥдинъ, балг. един, макед. еден, серб.-харв. јѐдан, славен. eden. Прасл. edinъ < ed‑inъ, у якім першы кампанент той жа, што і ў рус. едва і інш., лац. ecce ’вунь’ (і.-е. заім. e‑). Гл. Бругман, IF, 23, 310; Бернекер, 1, 262; Мікала, Ursl. Gr., 3, 56 (параўн., аднак, Пізані, Paideia, 8, 2, 111); або ідэнтычны ст.-інд. ādíḥ. Гл. Ван–Вейк, IF, 30, 384, супраць Бернекер, там жа, 263, Гуер, Slavia, 2, 560; другі кампанент параўноўваецца з гоц. ains, лац. ūnus (< *oinos) і інш. Гл. Мейе, MSL, 14, 348; Бернекер, там жа, 262. Вайян (WS, 7, 4, 342) выводзіць jedinъ з *jedьjinъ, прычым першы кампанент да с.-балг. еде кой такі ці такі’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Слабо́да ‘свабода, воля, вольнасць’ (Нас., Шат., Касп., Бяльк., Сержп., Мал., Ян., Янк. 1, Выг., Сл. ПЗБ, ТС), ‘свабода’, ‘адпачынак’ (Сл. ПЗБ), слабода і слабада ‘воля, вольнасць’ (Пятк. 2), слобо́да ‘свабода’ (ТС). Укр. слобода́, рус. дыял. слобо́да, ст.-рус. слобода, чэш. дыял. sloboda, славац. sloboda, серб.-харв. слобо̀да, славен. slobóda, балг. слобода́ ‘тс’, макед. слобода. Паводле БЕР (6, 884–886), ужо прасл. *sloboda. Супраць праславянскага характару Фасмер (3, 672–673), таму што засведчаныя прыклады ўсе даволі познія. З *svoboda (гл. свабода) у выніку дысіміляцыі vb > lb; гл. Фасмер, там жа; Гуер у Махэка₂, 597; Міклашыч, 332; Праабражэнскі, 2, 322–323; Младэнаў, 591; Сольмсен, РФВ, 49, 51. Трубачоў (История терм., 171) дапускае магчымасць пераходу v – l на стадыі існавання v як сананта . Борысь (Czak. stud., 44) на падставе харв. чак. sloba ‘свабода’, якое выводзіцца з *svobа ‘тс’, мяркуе, што дысіміляцыя павінна была адбыцца вельмі рана, пакуль захоўвалася білабіяльная вымова v. Іншыя аўтары лічыліся з уплывам кораня *slav‑ (гл. слава, славянін), гл. Атрэмбскі, LP, 1, 143; таксама *slabъ (гл. слабы), гл. Брандт, РФВ, 24, 184; ЕСУМ, 5, 305–306. Карскі (1, 341) сумняваецца ў фанетычным характары змены і далучаецца да меркавання Брандта, адзначаючы даўні яе характар.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)