Го́цк

назоўнік, уласны, неадушаўлёны, неасабовы, мужчынскі род, 1 скланенне

адз.
Н. Го́цк
Р. Го́цка
Д. Го́цку
В. Го́цк
Т. Го́цкам
М. Го́цку

Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2025, актуальны правапіс)

Руды́ ’ружова-карычневы’ (ТСБМ), ’карычневы’ (докш., Янк. Мат.), рудава́ты ’трохі руды, не зусім руды’ (ТСБМ), рудова́ты ’карычневы, рыжаваты’ (ТС), руды́ ’рыжы’ (мазырск., З нар. сл.), руды́й ’нябелены’ (Сл. Брэс.), ’колер нябеленага палатна, загарэлага цела, светла-русы колер валасоў, поўсці’ (Клім.). Укр. руди́й ’руды’, рус. дыял. ру́дый ’крывава-чырвоны’, польск. rudy ’рыжы’, в.-луж. rudy ’буры’, чэш. rudý ’чырвоны, рыжы’, славен. rûd ’чырвоны, карычневы’, серб.-харв. ру̂д ’рыжаваты’, балг., макед. руд ’буры’. Прасл. *rudъ(jь) ’рыжы; чырвоны’ роднаснае да літ. raudónas ’чырвоны’, raũdas ’чырвоны, буланы’, rùdas ’буры’, лат. raũds ’чырвоны, рыжаваты, карычневы’, гоцк. rauþs ’чырвоны, рыжы’, ст.-в.-ням. rōt (сучаснае ням. rot), ст.-інд. rṓhitas ’чырвоны, рыжаваты’, лац. rūfus ’чырвоны’, ruber ’тс’, грэч. ἐρυθρός ’чырвоны’, якія выводзяць з і.-е. *roudh‑o‑s ’чырвоны’ (Фасмер, 3, 513; Глухак, 532).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пе́кны ’прыгожы, добры, слухмяны’ (ТСБМ, Нас., Др.-Падб., Яруш., Сцяшк. Сл.; докш., Янк. Мат.; Сл. ПЗБ; Нар. Гом.; мядз., Нар. словатв.), сюды ж пекната́ ’прыгажосць’ (ТСБМ), ст.-бел. пенкный, пекный, пиенкный ’прыгожы’ (XVI ст.) і інш. словы гэтага ж кораня. З польск. piękny і piekny ’тс’ (па-беларуску павінна быць *пякны, гл. Станкевіч, Зб. тв., 1, 35), якія разам з чэш. pěkný, славац. pekný, луж. pěkny, а таксама ст.-польск. piękry (насавое e ў польскіх лексемах — другаснае) узыходзяць (паводле Махэка₂, 442) да прасл. *pěkrъ < і.-е. *poi̯k‑ro‑s, параўн. лац. pulcher (< *polcros < *poikros). Яначак (“Sborník” пед. ін-та ў Оламаўцы, 5 (1959), 7), звязвае гэтае слова з літ. bingùs ’прыгожы’, ’выкармлены’, ’прыкметы’, ’прадстаўнічы’, лац. pingius ’тлусты’, тады прасл. аснова будзе *pęk‑. Трубачоў (Этимология–1968, 31) выводзіць больш старажытную форму *pekn‑ і *pekr‑ъ, параўн. гоцк. fagrs, англ. fair ’цудоўны’, з дагерманскага *pokrós; мена пашыральнікаў асновы r/n адбылася яшчэ ў даславянскую эпоху.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Асё́л. Рус. осёл, укр. осел, польск. osioł, серб.-луж. wosoł, чэш. osel, славац. osol, балг. осел, серб.-харв. осао, славен. ȏsel. Палаб. asål з с.-н.-ням. esel (Лер-Сплавінскі–Палянскі, 20). Ст.-слав., ст.-рус. осьлъ, ст.-бел. оселъ. Праслав. запазычанне з герм. (гоцк.) asilus < лац. asinus, збліжанае з утварэннямі на ‑ьlъ тыпу *kozьlъ, *orьlъ. Кіпарскі, Gemeinslav., 208; Стэндар–Петарсан, Slav.-germ., 133, 369, 534; Брух, Зб. Крэчмеру, 12; Мартынаў, Лекс. взаим., 98–99, дзе гл. іншую літаратуру. Лац. asinus і грэч. ὄνος праз фракійска-ілірыйскае пасрэдніцтва з неўдакладненай малаазіяцкай мовы (Вальдэ-Гофман, 1, 73); Траўтман, 14, дапускаў балта-славянскі характар слова (параўн. літ. ãsilas), аднак балтыйскія словы маглі быць запазычаны самастойна (Фасмер, 3, 157) ці з усходнеславянскіх моў (Фрэнкель, KZ, 63, 204), Буга (Rinkt., 3, 763–764) указвае на беларускую мову як крыніцу літоўскага слова. Думка Мейе, Études, 186; Сабалеўскага, ЖМНП, 1911, 5, 163, пра лац. asellus як крыніцу славянскага слова не сустракае падтрымкі. Беларускі фразеалагізм асёл маляваны, паводле Янкоўскага, БФ, 57, пайшоў ад вандроўных цыркаў.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тра́ціць ‘расходаваць (грошы, сродкі)’ (ТСБМ, Нас., Байк. і Некр., Ласт., Бяльк.), ‘пазбаўляцца, страчваць, губляць (у тым ліку час)’ (ТСБМ, Нас., Шат., Касп.; паст., Сл. ПЗБ, Байк. і Некр.), тра́тіті ‘тс’ (Вруб.), тра́ціць ‘пазбаўляць жыцця’ (Нас., Сержп. Прымхі), тра́ціці (tracici) ‘тс’ (Федар. 2), ст.-бел. тратити, тратить ‘расходаваць грошы, сродкі; транжырыць, губляць, страчваць; губіць, пазбаўляць жыцця; марнаваць час’ (ГСБМ), трациц ‘тс’ (Кітаб Луцкевіча). Укр. тра́тити ‘рабіць выдаткі’, ‘губляць, знікаць’, ‘пазбаўляць жыцця’, рус. тра́тить ‘расходаваць’, ‘спажываць’, польск. tracić ‘пазбаўляцца’, ‘несці матэрыяльныя страты’, ‘марнаваць’, ‘пазбаўляць жыцця’, каш. tracëc ‘тс’, чэш. tratiti ‘губляць’, ‘цярпець шкоду, страту’, славац. tratiť ‘тс’, славен. trátiti ‘траціць, марнатравіць’, ‘губляць час’, харв. trȁtiti, серб. тра̏тити, тра̏ћити ‘траціць грошы, час’, макед. траце ‘губляць’: си траче времто. Прасл. *tratiti ‘выкарыстоўваць, расходаваць, нішчыць, марнаваць’, ‘драбіць, церці, праціраць’, ‘вастрыць’ роднаснае літ. trúotas ‘брус, асялок, тачыла’, лат. truõts ‘тс’, гоцк. þrōþjan ‘практыкаваць, рабіць практыкаванні, развучваць’ < і.-е. *trōt‑/*trēt‑ < *ter‑ ‘церці’ (Фасмер, 4, 94–95; Чарных, 2, 258–259; Скок, 3, 493; Голуб-Копечны, 388; Брукнер, 575; Борысь, 639; Сной₃, 800; ЕСУМ, 5, 623). Махэк₂ (649) паходжанне лексемы тлумачыць кантамінацыяй слоў traviti ‘праводзіць час’ і ratiti ‘знішчыць, згубіць, пазбавіцца’, што малаверагодна.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Асі́лак ’міфалагічная істота, волат; чалавек вялікай фізічнай сілы’. Рус. сіб. осилок ’сілач’, польск. osiłek ’тс’ (паводле Карловіча «з Літвы»). Пра міфалагічных асілкаў гл. Л. Бараг, Беларуская казка, Мн., 1969, 71–91. Можна лічыць слушным аднясенне слова асілак да ўласнабеларускай лексікі (Курс суч., 147). Этымалагічна няясна. Сувязь з дзеясловам асіліць (параўн. ст.-польск. usilca ’гвалціцель, грабіцель’) няпэўная насуперак «відавочнасці» па прычыне няяснасці ў гэтым выпадку словаўтваральнага тыпу (словы на ‑ак з ‑ъкъ ці ‑окъ, якія ўтвораны ад дзеясловаў, не абазначаюць звычайна жывыя істоты, хаця параўн. некаторыя агентыўныя словы ст.-рус. съвѣдъкъ, рус. подпи́лок, напилок; ездо́к, едо́к, седо́к маюць іншы націск, а парабак, падробак — іншае словаўтварэнне). Іванаў–Тапароў (Бел. лекс., 59) звязваюць асілак з асла ’камень’ і ўсёй індаеўрапейскай групай слоў тыпу ст.-ісл. hamarr ’молат’, ст.-іранск. asman ’неба’, ст.-інд. aśman ’камень’, што патрабуе ўдакладненняў. Мартынаў–Міхневіч («Маладосць», 1970, 7, 149) высоўваюць гіпотэзу пра сувязь слова асілак з балг. осил ’асцюк’, гоцк. ahs ’колас’, лічачы такое семантычнае развіццё паралельным бел. волат і валотка, ням. Riese ’волат’ і Reis ’парастак’, што выклікае пярэчанні, бо ў гэтым выпадку недастаткова тлумачыцца частка ‑іл‑, а памяншальная семантыка ‑ъкъ ці ‑окъ таксама патрабуе тлумачэнняў у сувязі з семантыкай ’волат’. Застаецца няясным пры гэтым, як тлумачыць выпадзенне элемента ‑t‑ (параўн. ‑ц‑ у асцюк).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ты — займеннік 2‑й ас. адз. л. ‘ты’ (ТСБМ, Нас., Бяльк., ТС, Федар. 4, Некр. і Байк.; ашм., Стан., Вруб., Сл. ПЗБ): чужых жэ, малазнаёмых і толькі знаёмых людзей называюць на ты (Сержп. Прымхі), ст.-бел. ты ‘тс’ (1492 г., ГСБМ), ты = лац. tu (Жлутка). Параўн. укр. ти, рус., стараж.-рус. ты, польск., н.-луж., в.-луж., чэш., славац. ty, палаб. tåi, славен. , харв. , серб. ти̂, макед., балг. ти, ст.-слав. ты. Прасл. *ty роднаснае літ. , лат. tu ‘ты’, ст.-прус. tou, , гоцк. þu, ст.-н.-ням. thu, ст.-англ. thou; с.-ням., в.-ням., швед., дацк. du, алб. ti (< *tū), ірл. tu, вал. ti, ст.-грэч. дар. τύ), авест. і tvə̄m, ст.-перс. tuvam, ст.-інд. tvám, хіндзі < і.-е. *tu і ; другую форму тлумачаць як сцягненне двух элементаў: tu‑wa > tewe > twe, апошняе — энклітыкай В. скл., параўн. ст.-грэч. σε; элемент t‑ ідэнтыфікуюць з указальным t‑ (ESSJ SG, 2, 706; ESJSt, 17, 1007). Гл. таксама: Фасмер, 4, 130; Мюленбах-Эндзелін, 4, 254; Махэк₂, 663; Брукнер, 587; Шустар-Шэўц, 1566; Скок, 3, 466; Борысь, 657; ЕСУМ, 5, 564; Арол, 4, 124. Сюды ж ты́каць ‘звяртацца да каго-небудзь на «ты»’ (ТСБМ, ТС, Яўс.), ты́кацца (týkacsa) ‘тс’, ‘фамільярнічаць’ (Федар. 4).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Трыб1 ‘квартальная вузкая прасека ў лесе, лясная прамая дарога’ (Сл. Брэс.; пруж., Яшк.; кам., Жыв. НС; кобр., Скар. НМ), тры́ба ‘прасека ў лесе для лакалізацыі ачага пажару ці размежавання лясных кварталаў’ (Скарбы; Чыгр.; слонім., Жыв. НС, Сцяц.; шчуч., З нар. сл., Сцяшк.; шчуч., воран., Сл. ПЗБ), трэб (треб) ‘граніца, мяжа’ (Дабрав.), трэ́ба ‘прасека, прагал’ (Сл. Брэс.), трэ́бо ‘роўнае месца за вёскай’ (пруж., Чэрн.), ст.-бел. трибъ, трыбъ ‘кірунак, лінія (у лесе); прасека’ (1554 г.), трыба ‘тс’ (1608 г.), трыбокъ ‘тс’, трибовати ‘абазначаць кірунак’ (1600 г.) (ГСБМ). Праз польск. tryb ‘дарога, сцежка’, tryba ‘тс’, ‘вузкая паласа поля, загон’, ‘мяжа’, ‘прасека’ з с.-в.-ням. trib ‘выган, паша’, н.-в.-ням. Trieb ‘дарога, па якой ганяюць быдла, прагон’, ‘плынь, цячэнне’ (Вінцэнц), што да с.-в.-ням. tríben ‘гнаць, праганяць’ (Чартко, Дасл. (Гродна), 59), ст.-в.-ням. tríban, гоцк. dreiban, англ. drive ‘тс’, ‘прыводзіць у рух’ (SWO, 1980, 778; Брукнер, 578; ЕСУМ, 5, 634). Ст.-бел. трибовати ‘абазначаць кірунак’ (1600) запазычана са ст.-польск. trybować < с.-в.-ням. tríben ‘гнаць’ (Булыка, Лекс. запазыч., 93; Вінцэнц).

Трыб2 ‘жыццёвы шлях’ (Варл.): ніякім тры́бам ‘ніяк, ніякім спосабам’ (Ян.), ст.-бел. трибъ, трыбъ ‘парадак, звычай’ (Ст.-бел. лексікон), ‘спосаб, устаноўлены парадак’ (1588 г., ГСБМ). Апошняе запазычана са ст.-польск. tryb, якое з нова-в.-ням. Trieb ‘плынь, цячэнне’, што, паводле Вінцэнца (гл.), з’яўляецца метафарай на базе значэння ‘дарога’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тры́зна ‘заключная частка пахавальнага абраду’ (ТСБМ, Некр. і Байк.), ‘памінкі па нябожчыку’ (ТСБМ, ТС), ст.-бел. тризна ‘тс’: за поганства ꙋмерлымъ поминки (Стрыйкоўскі, пач. XVII ст., ПГС, ГСБМ), УІ Трызна (Карскі 2-3, 29), Трызна Гальшка з Храбтовічаў (Гардзееў, Магдэбургская Гародня, Гродна; Wrocław, 2008, 193, 215, 221). Укр. три́зна ‘тс’, три́знище ‘поле бітвы’, рус. три́за, стараж.-рус. тризна ‘спаборніцтва; подзвіг; узнагарода; памінальнае банкетаванне’ (з XII ст.), трызна (Ізборнік Святаслава, 1073 г.), ст.-слав. тризна ‘ўзнагарода за перамогу’ (Супрасл. летап.), польск. tryzna ‘памінкі з ігрышчамі як часткай пахавальнага абраду’; чэш. і славац. tryzna ‘грамадзянская паніхіда’, гіст. ‘трызна’ — з польск. мовы (Махэк₂, 656); славен. trízna ‘бой, спаборніцтва ў гонар памерлага чалавека’ (са ст.-слав., Сной у Бязлай, 4, 226). Прасл. *tryzna (Фасмер, 4, 102) супастаўляюць з генетычна роднасным *traviti > першапачаткова ‘памінкі, памінальнае частаванне’ (Міклашыч, 362; Брукнер, 579 і інш.). Трубачоў (ВСЯ, 4, 1959, 130 і наст.) тлумачыць слав. *trizna як вытворнае ад *trizь ‘трацяк, трохгадовая жывёла, прызначаная для ахвяры’, параўн. ст.-бел. тризъ, фризъ ‘трохгадовая жывёла’ (ГСБМ). Мартынаў (Лекс. Палесся, 16) дапускае для беларуска-ўкраінскай лексемы гоцкае паходжанне, параўн. гоцк. trigo‑n ‘смутак’, або суадносіць з тры́зніць ‘вярзці, гаварыць у беспрытомнасці, галюцыніраваць’, польск. tryznić ‘марнаваць час’, што характарызуе паводзіны сваякоў у час чуйнасці над нябожчыкам (Зб. Крапіве, 213). Высновы пра няяснае паходжанне слова з аглядам магчымых версій гл. Рачава, Зб. Варбат, 318–328; ESJSt, 16, 984–985.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Малако, молоко́, мылако ’белая пажыўная вадкасць, якая выдзяляецца груднымі залозамі жанчын і самак млекакормячых для выкармлівання дзяцей’, ’семявая вадкасць рыб’, ’семявыя залозы рыб’, ’белаваты сок некаторых раслін (напр., канапель)’, ’вадкасць з некаторых пладоў’ (ТСБМ, Бес., Крыв., Вешт., Бяльк., Яруш., Сл. ПЗБ; полац., Нар. сл.), карм. ’корм для пчол’ (Мат. Гом.), глыб., слаўг. малачко, мылачко ’падкормка для лічынак пчол’ (З нар. сл.). Укр. молоко́, рус. молоко́, моло́ки, польск. mleko, каш. mlóu̯ko, н.- і в.-луж. mloko, чэш. mléko, славац. mlieko, славен. mlẹ́ko, серб.-харв. мле́ко, mlijȅko, макед. млеко, балг. мляко, ст.-слав. млѣко. Прасл. melko і molko (паводле ўсх.-слав. дадзеных). Лексічнае пранікненне прагерм. meluk‑, якое да і.-е. *melg̑‑ (гоцк. miluks) у прасл. мову (Міклашыч, 187; Уленбек, AfslPh, 15, 489; Хірт, РВВ, 23, 341; Лёвэ, KZ, 39, 316; Сэмерэньі, KZ, 75, 180; Мартынаў, Лекс. взаим., 73–74), супраць чаго Брукнер (KZ, 45, 104), Эндзелін (KZ, 44, 66), Бернекер (2, 33) і інш., супастаўляючы прасл. melko з літ. mal̃kas ’глыток’, лат. màlks, màlka ’піццё залпам’ (і.-е. *melk‑ ’мокры, вільготны’), і ў якасці семантычнай паралелі прыводзяць літ. píenas, ст.-інд. páyas ’сок, вада’, слав. piti ’піць’. Абаеў (Этимология–84, 14) мяркуе, што «чыста» слав. форма melzivo атрымала герм. воблік шляхам перакрыжаванай ізаглосы. Аб магчымым запазычанні прасл. melko з прагерм. meluk‑ гл. Трубачоў, Дополн., 2, 646. Гл. яшчэ Скок, 2, 442–443; Бязлай, 2, 188–189. Сюды ж молоко́ вужо́вэ, бу́слово молоко ’малачай кіпарысавы, Euphorbia cyparissias L.’ (Бейл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)