ад’юта́нт, ‑а, М ‑нце, м.
Афіцэр, прызначаны для выканання даручэнняў военачальніка або абавязкаў штабной службы. У хату ўвайшоў Міша Глінскі, ад’ютант камандзіра. Кулакоўскі.
[Ад лац. adjutans, adjutantis — памочнік.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
акапа́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.
Выкапаць акопы, траншэі, земляныя шчыліны, зрабіць насыпы для абароны ад варожага агню. Салдаты акапаліся, заслалі акопы травой і ўклаліся спаць. Хомчанка. Вара.. зноў выскоквае са шчыліны і паўзе туды, дзе акапаўся Глінскі. Кулакоўскі. // перан. Знайсці сабе надзейны прытулак; надоўга асесці. А на хутары, паціху, Акапаўся зноў Кузьма. Агародніцтвам заняўся, Засадзіў вялізны сад. Броўка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
натура́льны, ‑ая, ‑ае.
1. Уласцівы прыродзе, створаны прыродай; не штучны. Белавежская пушча — адзінае месца.. [на Беларусі], дзе зубры ў натуральных умовах жывуць. «Маладосць». [Бухгалтар:] — Адзіным натуральным рубяжом, які аддзяляў дрыгавічоў ад драўлян, з яўлялася Прыпяць. В. Вольскі.
2. Абумоўлены законамі прыроды. Натуральны прырост насельніцтва. Натуральная смерць.
3. Які існуе ад прыроды, прыроджаны. Натуральны колер твару. Натуральны імунітэт.
4. Сапраўдны, прыроднага паходжання; проціл. штучны. Натуральны шоўк. Натуральная кава.
5. Які адпавядае рэчаіснасці; сапраўдны. Натуральнае асвятленне. □ Зялёнае ўбранне .. [дрэў] станавілася амаль натуральным, калі месяц хаваўся. Кулакоўскі. Пасярэдзіне двара моўчкі стаіць мармуровая, у натуральную велічыню, копія з фларэнтыйскага Давіда. Караткевіч.
6. Нармальны, звычайны. Пакой зноў набыў свой натуральны выгляд. Мурашка. // Звычайны для каго‑н., просты. Глінскі ўвайшоў у сваю ролю, голас яго пагучнеў, жэсты сталі больш натуральнымі і выразнымі. Кулакоўскі.
7. Які ўтвараецца, атрымліваецца, аплачваецца натурай (у 4 знач.). Натуральны падатак. Натуральная аплата.
•••
Натуральная гаспадарка гл. гаспадарка (у 1 знач.).
Натуральная школа гл. школа.
Натуральны адбор гл. адбор.
Натуральны рад лічбаў гл. рад (у 2 знач.).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шчы́ліна, ‑ы, ж.
Вузкая, прадаўгаватай формы дзірка, адтуліна. Прыгравала веснавое сонца, нават у шчылінах асфальту зелянела трава. Гурскі. Нарэшце манетка скочыла ў шчыліну, у шклянку з хрыпам палілася газіроўка. Жычка. Тацяна абышла вакол агароджы і на другім баку ўбачыла ладную такі шчыліну. Васілёнак. Гумны знарок будаваліся так, каб мела вольны доступ паветра з двара, а таму ў іх звычайна было многа шчылін. Колас. // Тое, што падобна, нагадвае такую адтуліну. Доўга глядзеў.. [Сымонка] ў вузкую шчыліну зямлянкі і ніяк не мог зразумець, што там прафесар робіць. Кавалёў. Яна [Тацяна] падышла да акна, прахукала ў замёрзшай шыбе шчыліну. Шамякін. // Кароткі вузкі і глыбокі роў, прызначаны для ўкрыцця людзей у час бамбёжкі, артылерыйскага абстрэлу, атакі танкаў. Калі пасля спектакля мы выйшлі з тэатра на вуліцу, нас здзівіла такая хуткая змена ў горадзе: у скверах ужо былі выкананы супрацьпаветраныя шчыліны. Сяргейчык. Вара ж зноў выскоквае са шчыліны і паўзе туды, дзе акапаўся Глінскі. Кулакоўскі. // перан. Разм. Месца, дзе можна непрыкметна пралезці куды‑н. Ваўчыныя вочы замежных пралаз Не знойдуць ні шчылін, ні пор, ні адтулін У нашыя справы, у сэрцы да нас. Панчанка. [Шарупіч:] — Што ты хочаш? Каб я хабар даваў? Або шчылін шукаў? Карпаў. // перан. Разм. Зацішнае, надзейнае месца, якое з’яўляецца сховішчам для каго‑н. [Гарлахвацкі:] Яго [двурушніка] мізэрная душа апынулася ў пятках. Ён шукае сабе шчыліны, каб схавацца. Крапіва. Вылезлі з сваёй шчыліны стары Сабяга з сынам. Шахавец. Прачнуўшыся на другі дзень і апамятаўшыся, .. [Хвядос] так напалохаўся свайго ўчынку, што забіўся недзе ў шчыліну, праседзеў, як мыш, усе гэтыя трывожныя дні. Машара. // Спец. Вузкая адтуліна правільнай формы пэўнага прызначэння ў машыне, механізме і пад. Праз шчыліну байніцы.. [Мучаідзе] бачыў вузкую дарогу. Самуйлёнак. [Мірановіч] бачыў, як байцы цэліліся, стараючыся трапіць у глядзельную шчыліну ці ў гусеніцы. Марціновіч. // У анатоміі — вузкая поласць у арганізме.
•••
Галасавая шчыліна — праход паміж галасавымі звязкамі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)