ГЛІ́НСКІ Іаахім
(1853, в. Будслаў Мядзельскага р-на Мінскай вобл. — 16.3.1898),
бел. спявак, арганіст, кампазітар. Вучыўся ў Пецярбургскай кансерваторыі. Удзельнік руска-турэцкай вайны 1877—78. Працаваў арганістам у Гродне і Вільні. Пісаў месы, танцы, маршы, оперу «Паята» на сюжэт з літ.-бел. гісторыі (не скончана), музыку на словы А.Міцкевіча і У.Сыракомлі.
т. 5, с. 297
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛІ́НСКІ Міхаіл Іосіфавіч
(н. 21.11.1901, в. Малая Каменка Бабруйскага р-на Мінскай вобл.),
генерал-лейтэнант (1945). У 1921—24 вучыўся ў 1-й Аб’яднанай ваен. школе імя ВЦВК, скончыў Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1933). У Чырв. Арміі з 1919, удзельнік грамадз. вайны. У 1933—38 на дыпламат. рабоце. У Вял. Айч. вайну на Зах., Паўд.-Зах, 1-м Укр. франтах: камандзір дывізіі, корпуса. Да 1960 на адказных пасадах у Сав. Арміі.
т. 5, с. 297
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛІ́НСКІ Міхаіл Львовіч
(мянушка Мажны, каля 1470 — 1534),
дзяржаўны і ваенны дзеяч ВКЛ і Маскоўскага вял. княства. З роду Глінскіх. Вучыўся ў Зах. Еўропе, служыў у войску герм. імператара Максіміляна І. У канцы 1490-х вярнуўся ў ВКЛ, стаў набліжанай асобай вял. кн. Аляксандра. Маршалак дворны літоўскі (1500) намеснік мерацкі (1502), бельскі (1505). Атрымаў буйныя маёнткі на Падляшшы, Мажэйкава (пад Лідай), Тураў і інш. У 1506 на чале войска ВКЛ разбіў татар у Клецкай бітве 1506. Узвышэнне Глінскага і яго братоў выклікала востры канфлікт са старой знаццю, непрыязна паставіўся да Глінскага і новы вял. кн. Жыгімонт І Стары. Глінскі імкнуўся паказаць сябе абаронцам праваслаўя і заклікаў бел. і ўкр. шляхту падтрымаць яго (хоць сам яшчэ ў маладосці прыняў каталіцтва і вярнуўся ў праваслаўе толькі значна пазней у Маскве). Усе гэтыя супярэчнасці прывялі да Глінскіх мяцяжу 1508. Пасля няўдалага выступлення ўцёк у Маскву, атрымаў у Расіі ўладанні (Малаяраславец, Бароўск) замест канфіскаваных у ВКЛ. Удзельнічаў у вайне Маскоўскай дзяржавы з Вялікім княствам Літоўскім 1512—22. За намер вярнуцца на радзіму зняволены ў турму, дзе прабыў да 1527 (паводле інш. звестак да 1526). Вызвалены па просьбе пляменніцы Алены, жонкі вял. князя маскоўскага Васіля III, стаў ваяводам. У 1533 увайшоў у склад Вярхоўнай думы. У 1534 у выніку інтрыг зноў кінуты ў турму, дзе і памёр.
В.Л.Насевіч.
т. 5, с. 297
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛІ́НСКІ Давыд Львовіч
(1857, г. Гродна — пасля 1916),
ваенны ўрач, падарожнік. Скончыў Гродзенскую гімназію, Пецярбургскую ваенна-мед. акадэмію (1882). Д-р медыцыны (1893). З 1889 урач Гродзенскага гусарскага палка. У 1892 разам з групай афіцэраў палка здзейсніў коннае падарожжа ў Індыю. З 1893 палкавы ўрач у Гродне. Чл. Гродзенскага таварыства ўрачоў. Сябраваў з А.Я.Багдановічам. У час італаэфіопскай вайны 1895—96 у складзе рус. сан. атрада ўдзельнічаў у аказанні дапамогі Эфіопіі (Абісініі). З 1898 гал. ўрач ваен. шпіталя ў Гродне. З 1905 у Пецярбургу. Аўтар прац па медыцыне і ўспамінаў аб італа-эфіопскай вайне.
Тв.:
Харрар и его обитатели. Гродно, 1897;
Жизнь русского санитарного отряда в Харраре: (Из воспоминаний об Абиссинии). Гродно, 1899.
В.М.Чарапіца.
т. 5, с. 297
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛІ́НСКІ Антон Юзаф
(1817, маёнтак Шчорсы каля г. Навагрудка — 30.6.1866),
бел. фалькларыст, пісьменнік. Працаваў у Шчорсаўскай б-цы Храптовічаў. З 1844 жыў у Вільні, дзе рэдагаваў «Виленские губернские ведомости». З 1863 перакладчык у газ. «Kurier Wilenski» («Виленский вестник»). Быў знаёмы з У.Сыракомлем, В.Каратынскім, А.Кіркорам і інш. літаратарамі і даследчыкамі бел. фальклору. Аўтар «Польскага казачніка» (т. 1—4, 1853)—зб. апрацаваных бел. нар. казак, анекдотаў, апавяданняў, былічак з ваколіц Навагрудка (Шчорсы і Нягневічы). Сярод іх казачныя сюжэты, запісы якіх вельмі рэдкія: «Дзяўчына-кветка», «Прададзены чорту становіцца свяшчэннікам», «Мяне маці забіла, бацька мяне з’еў» і інш. У зб. уключаны таксама пераробкі вядомых вершаваных казак В.Жукоўскага і А.Пушкіна. На сюжэт казкі пра папараць-кветку з яго зборніка Ф.Багушэвіч напісаў баладу «Хцівец і скарб на святога Яна». Зборнік Глінскага перакладзены на чэш., франц., англ. і ням. мовы. На польскай мове перавыдаваўся 11 разоў.
Літ.:
Krzyżanowski J. Paralele. 3 uyd. Warszawa, 1977.
І.У.Саламевіч.
т. 5, с. 297
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ад’юта́нт, ‑а, М ‑нце, м.
Афіцэр, прызначаны для выканання даручэнняў военачальніка або абавязкаў штабной службы. У хату ўвайшоў Міша Глінскі, ад’ютант камандзіра. Кулакоўскі.
[Ад лац. adjutans, adjutantis — памочнік.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
акапа́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.
Выкапаць акопы, траншэі, земляныя шчыліны, зрабіць насыпы для абароны ад варожага агню. Салдаты акапаліся, заслалі акопы травой і ўклаліся спаць. Хомчанка. Вара.. зноў выскоквае са шчыліны і паўзе туды, дзе акапаўся Глінскі. Кулакоўскі. // перан. Знайсці сабе надзейны прытулак; надоўга асесці. А на хутары, паціху, Акапаўся зноў Кузьма. Агародніцтвам заняўся, Засадзіў вялізны сад. Броўка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
БЯГО́МЛЬСКІ РАЁН.
Існаваў у БССР у 1924—60. Утвораны 17.7.1924. Цэнтр раёна г.п. Бягомль. Пл. каля 1,4 тыс. км², нас. 28 265 чал. (на 1.1.1925), 296 нас. пунктаў. Падзяляўся на 9 сельсаветаў: Бягомльскі, Бярэзінскі, Бярозкаўскі, Вітуніцкі, Восаўскі, Глінскі, Домжарыцы, Кадлубішчанскі, Нядальскі. Уваходзіў у Барысаўскую, у 1927—30 у Мінскую, з 1935 у Лепельскую акругі, з 1938 у Мінскай вобл. У сувязі з узбуйненнем раёнаў 20.1.1960 Бягомльскі раён скасаваны, яго тэр. перададзена ў Докшыцкі, Барысаўскі і Лепельскі р-ны.
т. 3, с. 391
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛІ́НСКІЯ,
княжацкі род уласнага герба ў ВКЛ і Маскоўскім вял. княстве. Заснавальнікам лічыцца ўнук залатаардынскага хана Мамая Лекса (у хрышчэнні Аляксандр), які выехаў у ВКЛ і атрымаў ад вял. князя Вітаўта землі на мяжы з Залатой Ардой і гарады Палтаву і Глінск. Ад назвы апошняга горада (верагодна, на месцы сучаснага г. Залатаноша ў Чаркаскай вобл. Украіны) паходзіць прозвішча. Першым у гіст. крыніцах у 1398 упамінаецца Іван Аляксандравіч Глінскі, ад сыноў якога Барыса, Фёдара і Сямёна пайшлі 3 галіны роду. Нашчадкі Сямёна вядомы да 19 ст. ў Гродзенскай губ., але паступова страцілі княжацкі тытул. Найб. вядомыя прадстаўнікі старэйшай галіны Глінскіх:
Іван Львовіч (мянушка Мамай, каля 1460 — да 1522), намеснік ожскі і пераломскі (1495), ваявода кіеўскі (1505) і навагрудскі (1507). У час Глінскіх мяцяжу 1508 падтрымаў малодшага брата Міхаіла, разам з ім з’ехаў у Маскоўскае княства, атрымаў там г.Мядынь. Васіль Львовіч (мянушка Сляпы, каля 1465 — да 1522), намеснік васілішскі (з 1501), слонімскі (1505), падстолі літоўскі (1502—07). Прымаў удзел у мяцяжы братоў, з’ехаў у Маскву. Міхаіл Львовіч, гл. Глінскі М.Л. Алена Васілеўна (каля 1505 — 13.4.1538), дачка Васіля Львовіча. З 1526 другая жонка вял. кн. маскоўскага Васіля III, пасля смерці якога (1533) кіравала дзяржавай як рэгентша пры малалетнім сыне Іване IV. Юрый Васілевіч (? — 1547), сын Васіля Львовіча. Адзін з ініцыятараў абвяшчэння свайго пляменніка Івана IV першым рас. царом. Забіты ў час бунту ў Маскве.
В.Л.Насевіч.
т. 5, с. 298
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАМО́ВІЧ Уладзімір Пятровіч
(н. 30.9.1948, Мінск),
бел. акцёр т-ра лялек. Засл. арт. Беларусі (1979). З 1967 працуе ў Дзярж. т-ры лялек Беларусі. Яго персанажы-лялькі арганічныя, выразныя, каларытныя. У спектаклях для дзяцей сыграў ролі: Дзед («Дзед і Жораў» В.Вольскага), кот Максім («Граф Глінскі-Папялінскі» А.Вольскага), Першы прыдворны («Салавей» паводле Х.К.Андэрсена), Іван («Канёк-Гарбунок» паводле П.Яршова). Жак («Кот у ботах» Г.Уладычынай). Найб. поўна раскрылася індывідуальнасць акцёра ў рэпертуары для дарослых: Адам («Боская камедыя» І.Штока), Іван («Да трэціх пеўняў» В.Шукшына), Іван Бяздомны («Майстар і Маргарыта» паводле М.Булгакава), Апалон («Цудоўная Галатэя» С.Дарваша і Б.Гадар), Гаспадар таверны («Зорка і смерць Хаакіна Мур’еты» паводле П.Нэруды) і інш.
т. 5, с. 402
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)