Васкаве́нь ’мяшок для сыроў’ (Мат. дыял. канф., 74). Першапачаткова, бясспрэчна, значэнне гэтага слова было ’мяшок для воску’ (вытворнае ад воскавы + суф. ‑ень). Параўн. дакладную семантычную паралель: во̂ско̂ві́к ’мяшочак для прасавання топленага воску’ (Анох.) — васкаві́к ’палатняны мяшочак для прыгатавання тварагу і сыру’ (Вешт., 393).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Аскаве́нь ’торбачка для выціскання сыру’ (Сцяшк.), оскови́к ’тс’ (Вешт.). Пераасэнсаванне і звязаная з гэтым дээтымалагізацыя, а потым страта пачатковага в‑ ад слоў васкавень, васкавік ’торбачка для адціскання воску’ (Анох.); у форме васкавік ’торбачка ці хустачка для адціскання сыру’ таксама фіксуецца (жытк., лельч., мазыр., нараўл., — Вешт.; хойн., брагін.). Гл. яшчэ *аскадавец.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ска́вічак (ска́вічок) ‘мяшочак для адціскання сыру, клінок’ (лун., Жыв. сл.; Сл. Брэс.). Параўн. фармальна падобнае каш. skovëčk ‘бярозавы сок’, якое Борысь (SEK, 4, 285) выводзіць з першаснага *sьkovъ ад *sьkati ‘выдзяляць сок’; тады гэта ‘тое, пры дапамозе чаго выціскаюць сыроватку’. Гл. яшчэ Борысь, Etymologie, 59. Сюды ж яшчэ васкавень, васкавік, аскавень (гл.), якія, відаць, адлюстроўваюць другаснае збліжэнне з воск. Параўн. скадаў (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лускаві́цінь ’мяшок, у якім адцэджваюць тварог’ (Бяльк.), рус. бран. лускави́тень ’тс’. З пчалярскай лексікі: гл. васкавень. Відавочна, спачатку было ⁺васкавіт ’мяшок, які робіць воск’, але таму, што ва ўсх.-бел. гаворках дэрываты з суфіксам ‑іт азначаюць асоб па іх занятку (барацьбі́т, сяўбі́т), да васкавіт быў далучаны суфікс ‑ень (як берасцень ’збанок, гаршчок, аплеценыя бяростай’). Пры ад’ідэацыі лексемы луска ’адходы’ в‑ было заменена ў л‑.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)