Інспе́ктар. Крыніца: лац. inspector ад inspectare ’наглядаць’. Ст.-бел. инспекторъ ’настаўнік, выхавальнік’ (1638 г.) < ст.-польск. inspektor (Булыка, Лекс. запазыч., 159; Гіст. лекс., 107). Для рускай (XVII ст.) мяркуюць аб польскім ці нямецкім пасрэдніцтве (Фасмер, 2, 135; Шанскі, 2, I, 85–86).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пале́на ’адпілаваны або адпілаваны і рассечаны кавалак бервяна на паліва’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ, Мат. Гом.), поле́но (ТС, Шушк.), пале́нне ’тс’ (Шат.). Агульнаслав. (рус. поле́но, укр. полі́но, ст.-рус., ц.-слав. полѣно, польск. polano, чэш., славац. poleno, славен. poléno, балг. полено) і прасл. polěno. Лічыцца звязаным з дзеясловамі з коранем pol‑ ’палаць, гарэць’ (ст.-рус. полѣти, чэш. poleti і г. д.) і далей, з паліць, полымя (гл.) (Міклашыч, 235; Траўтман, 212; Фасмер, 3, 308). Па іншай версіі (Праабражэнскі, 2, 103; Махэк, 469), вытворнае ад пол ’палавіна’, г. зн. ’палавіна, рассечаны на дзве палавіны кавалак ствала’. Атрэмбскі (гл. Фасмер, там жа), параўноўвае з літ. liepsnà ’полымя’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Паро́м ’плыт або пласкадоннае судна для перавозкі людзей або грузаў цераз рэчку, возера, праліў’ (ТСБМ, Нас., Сцяшк.; Маш., 130; Інстр. I), поро́м ’тс’ (ТС), паромшчык. Агульнаслав.: рус. поро́м, паро́м, укр. поро́м, ст.-рус. поромъ, польск. prom, чэш., славац. prám, серб.-харв. пра̏м, балг. прам. Прасл. pormъ. Роднасныя ў і.-е. мовах: ст.-ісл. farmr ’цяжар, ноша, груз’, ст.-в.-ням. farm, сяр.-в.-ням. varm ’човен, паром’, ст.-в.-ням. faran ’ехаць’, грэч. περάω ’пранікаю, праходжу’ (гл. Траўтман, 216; Фасмер, 3, 331 з літ-рай). Слав. слова не запазычана з ням. Prahm ’паром’, таму што апошняе ўзыходзіць да чэш. prám (гл. Фасмер, там жа; Махэк₂, 479).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Галу́н1 ’галун’ (БРС). Рус. галу́н, укр. галу́н ’тс’. Запазычанне з франц. galon (параўн. і іт. gallone), магчыма, праз польск. galon. Гл. Фасмер, 1, 390 (Шанскі, 1, Г, 20, неабгрунтавана аспрэчвае магчымасць польск. пасрэдніцтва: націск у слове можа адлюстроўваць націск ва ўскосных склонах). Бел. слова, здаецца, праз рус. мову (няма ў ст.-бел. помніках; гл. Булыка, Запазыч.).

Галу́н2 ’галын’ (БРС, Шат., Касп., Нас.). Рус. галу́н, укр. галу́н ’тс’. Запазычанне праз польск. ałun, hałun ’тс’, а гэта з ням. (с.-в.-ням.) alûn (< лац. alumen) ’тс’ (ням. Alaun). Гл. Міклашыч, 2; Фасмер, 1, 390; Брукнер, 4. Не вельмі зразумелы варыянт бел. галын ’тс’ (БРС, Касп.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Дазво́ліць ’дазволіць’. Рус. дозволить, укр. дозволити. Гэтыя ўсх.-слав. дзеясловы лічацца запазычаннем з польск. dozwolić ’тс’. Гл. Бернекер, 1, 440; Фасмер, 1, 522. Слова запазычана ў XVI ст. Бернекер і Фасмер меркавалі, што зыходным было do‑iz‑voliti (з дзеяслоўнай прэфіксацыяй зах.-слав. тыпу: do‑iz‑voliti > do‑zvoliti). Слаўскі (1, 159) польск. дзеяслоў dozwolić тлумачыць як *do‑sъ‑voliti і наогул не ставіць пытанне аб магчымым запазычанні. У рус. мове дозволить зафіксавана ў помніках з XVI ст. Булыка (Запазыч.) гэтай лексемы не прыводзіць. Шанскі (1, Д, Е, Ж) лічыць верагоднай версію аб запазычанні рус. слова з польск. мовы, як і магчымасць запазычання ўкр. і бел. лексем.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Воск (БРС, Бяльк., КТС), ву͡оск (Бес.). Рус. воск, укр. віск, ст.-рус. воскъ, польск. wosk, чэш. і славац. vosk ’воск, масціка’, в.-луж., н.-луж. wosk, каш. vosk, палаб. wask, ст.-слав. воскъ, балг. во́сък, серб.-харв. во̏сак, славен. vósek. Прасл. voskъ (Махэк₂, 697). Роднаснымі з’яўляюцца літ. vãškas, лат. vasks, ст.-в.-ням. wahs, н.-в.-ням. Wachs. Магчыма, што роднасным будзе і грэч. ἰξός ’птушыны клей’ (Траўтман, 343; Фасмер, 1, 231; Клюге, 830). Торп (381) і Праабражэнскі (1, 99) лічаць слова запазычаннем з герм., але ў гэтым выпадку нельга ’растлумачыць метатэзу ks/sk (Кіпарскі, 95; Брукнер, 631; Фасмер, 1, 357; Шанскі, 1, В, 170 і наст.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вядро́ ’вядро’. Ст.-рус. вѣдро, рус. ведро́, укр. відро́, польск. wiadro, чэш. vědro, ст.-слав. вѣдро, балг. ведро́, серб.-харв. вѐдро і г. д. Прасл. *vědro ’вядро’. Гэта слова адносіцца да і.-е. асновы на ‑r/n‑, *u̯ed‑r‑: *u̯ed‑n‑ ’вада’; гл. вада́. Гэта значыць, што першаснае значэнне слова «вядро» — ’пасуда для вады’. Да семантыкі параўн. грэч. ὑδρία ’вядро для вады’ (ὕδωρ ’вада’). Прасл. вакалізм ‑ě‑ — ступень падаўжэння. Параўн. Фасмер, 1, 283–284; Брукнер, 610 (з вельмі дзіўнай заўвагай: «tylko małorus. wedro, zamiast *widro, niezgodne w samogłosce»); Махэк₂, 681; БЕР, 1, 127. Няпэўная сувязь з літ. vė́daras ’страўнік’, ст.-інд. udáram ’бруха; чэрава, лона’ (супраць Фасмер, 1, 284).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Бант1 ’бант’. Рус., укр. бант. Лічыцца запазычаннем з польск. мовы (польск. bant, banta < ням. Band; да ням. слова гл. Клюге, 48). Фасмер, 1, 121; Шанскі, 1, Б, 35.

Бант2 ’жэрдзе, якое прыбіваецца паміж кроквамі’ (Тарнацкі, Studia, Сцяшк. МГ). Паводле Тарнацкага, непасрэднае запазычанне з ням. Band. Параўн. яшчэ ст.-бел. бант ’бэлька’, бел. дыял. ’бэлька ў гумне’ (Чартко, Бел. лінгв. зб., 1966, 147). Параўн. бант1, ба́нта. Гл. і Фасмер, ZfslPh, 28, 116.

Бант3, дыял. ’абруч на бочцы’ (ст.-бел. бант ’абруч’, Чартко, Бел. лінгв. зб., 1966, 147). Паводле Чартка, там жа, з с.-в.-ням. bant ’тс’. Параўн. яшчэ Шалудзька, Нім., 21.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Басалы́га ’басяк’ (Арх. Бяльк., слонім.). Параўн. рус. дыял. басалы́га ’ветраны, легкадумны чалавек, балаболка і г. д.’ Можна меркаваць пра сувязь з басала́й (гл.); тады «экспрэсіўны» суфікс ‑ыга? Але параўн. і польск. basałyk ’пуга; басяк’; basałyga ’тс’. Форму basałyga (экспрэсіўную!) Брукнер (17) лічыць вытворнай ад basałyk. Выходзіць, не выключаецца магчымасць і сувязі з ст.-бел. басалык ’пуга’, рус. басалы́к, укр. басалик (з XVII ст.), польск. basałyk, запазычанымі з цюрк. моў. Фасмер, ZfslPh, 16, 68; Фасмер (1, 130) тлумачыць іх з тур., тат. bašakly. Але ёсць і тур. форма basalik, basilik! Невядома, якую ролю пры запазычанні іграла тут польск. мова (Булыка, Запазыч., 38: праз польск. basałyk).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Бры́чка1 ’павозка, выязная павозка, экіпаж’ (БРС, Сцяшк. МГ, Інстр. I, Бесар.). Рус. бри́чка ’тс’ (з укр. мовы; Шанскі, 1, Б, 198), укр. бри́чка, бри́ка. З польск. bryczka < ням. Birutsche ’лёгкая павозка’ < італ. biroccio, baroccia ’двухколка’. Праабражэнскі, 1, 46; Бернекер, 93; Фасмер, 1, 215; Слаўскі, 1, 45. Іншыя (менш пераканаўчыя) версіі гл. Фасмер, там жа.

Бры́чка2 ’бручка’ (ДАБМ, 859), бры́ква, бры́кса, брыку́ха (аб распаўсюджанні гл. ДАБМ, № 276). Усе гэтыя назвы (з ‑ы‑ замест ‑у‑) сустракаюцца галоўным чынам на поўдзень ад Бабруйска. Відавочна, нейкая нерэгулярная фанетычная змена (замест бру́чка, бру́ква, бру́кса і г. д.). Экспрэсіўная? Параўн., напр., блутацьблытаць у дзеясловах. Таксама і ў рус. гаворках (смал.) бры́кса ’бручка’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)