Каплі́ца, каплічка ’невялікі царкоўны або касцельны будынак з іконамі без алтара’, ’малельня’ (ТСБМ, Грыг., Гарэц., Мядзв., Сцяшк., Бяс.; Сержп. Грам.; Бір. Дзярж.; ганц. Сл. паўн.-зах.). Ст.-бел. каплица (канец XV ст.) запазычана са ст.-польск. kaplica ’бакавая частка касцёла, пакой, у якіх адпраўляецца набажэнства’ < ст.-чэш. kapla, kaplicě < с.-в.-ням. kápelle < ст.-в.-ням. kapëlla < с.-лац. capella ’плашч’, у прыватнасці ’плашч св. Марціна з г. Тур (Францыя)’ як ’рэліквія і месца захоўвання яе’ > ’невялікая святыня’ (Слаўскі, 2, 56).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кастру́ля ’каструля’ (ТСБМ, БРС, Сл. паўн.-зах.). Параўн. рус. кастрю́ля (дыял. кастру́ля), укр. кастру́ля (у Фасмера, 2, 208: укр. костру́ля). Запазычанне з еўрапейскіх моў. Паводле Фасмера, там жа, відавочна, узята з ням. мовы (Kastrol, Kasserolle). Першакрыніцай з’яўляецца франц. casserolle ’каструля’ (Фасмер сумняваецца, што першакрыніцай можа быць гал. kastrol або н.-ням. kastroll). Шанскі (2, К, 88) усё ж мяркуе, што хутчэй за ўсё крыніцай рус. слова з’яўляецца гал. мова (у Пятроўскую эпоху гэта слова было ў марской лексіцы); ням. крыніца здаецца менш верагоднай.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кастэля́нка ’кастэлянка’ (БРС). Параўн. рус. кастеля́нша ’тс’. У ст.-бел. мове ўжо было засведчана гэта слова. Гл. Булыка, Запазыч., 144 (каштелянка; вытворнае ад каштелянъ, кашталянъ, кастелянъ ’камендант замка’). Параўн. яшчэ рус. (старое) кастеля́н ’наглядчык замка або грамадскага будынка’. Першакрыніцай запазычання з’яўляецца італ. caslellano ’камендант, наглядчык замка’ (а гэта з лац. castellānus, утварэнне ад castellum ’замак’). Як і бел. кастэля́нка (каштелянка), але пры дапамозе іншага суфікса, узнікла рус. кастеля́нша (словаўтварэнне яго не бясспрэчнае; параўн. Шанскі, 2, К, 86). Гл. яшчэ Слаўскі, 2, 98.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Рубе́ж ’мяжа чаго-небудзь або паміж чым-небудзь’, ’дзяржаўная мяжа’, ’лінія абаронных збудаванняў’ (ТСБМ), ’кант, грань’ (Гарэц.), рубѣжъ ’граніца’ (Шымк. Собр.). Укр. рубі́ж ’край, мяжа; засечка’, рус. рубе́ж ’рубеж’, балг. ръбе́ж ’мяжа, мяжа паміж палямі’. Стараж.-рус. рубежъ ’засечка; знак мяжы’ (Сразн., 3, 179). З прасл. *rǫbežь ’метка, засечка’, вытворнага з суфіксам ‑ežь > ад *rǫbati, *rǫbiti ’сячы’ (гл. рубаць, рубіць) (БЕР, 6, 361; Чарных, 2, 125). Паводле Якабсона, рубеж ёсць царкоўнаславянская форма ў адносінах да рубёж ’высяканне лесу’ (Трубачоў-Фасмер, 3, 510).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Рэ́птух ’торба (для кармлення каня)’ (Мат. Гом., ТС), рэ́пех ’тс’ (Мат. Гом.), рэ́птух, рапту́х ’вераўчаны мех’ (Сл. ПЗБ), рэ́птух ’стары, нямоглы чалавек’ (Сл. Гродз., Сл. рэг. лекс.), ’чалавек або жывёліна з вялікім жыватом’ (ТС), рапцю́х ’вялікая сетка з вяровачак, у якую набіваюць сена для каня, калі збіраюцца ў дарогу’ (Янк. Мат.), ’торба; тоўстая жанчына’ (Сл. Гродз.), рэпцю́х ’аброчная торба’ (івац., Жыв. сл.). Ст.-бел. ребтухъ (рабтухъ, хрептухъ) ’мех для конскага корму’ < ст.-польск. kreptuch < с.-в.-ням. kripptuoch (Булыка, Лекс. запазыч., 102).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Салані́на ’свіное пасоленае сала’ (ТСБМ, ТС), ’свіное сала; салёная гавядзіна’ (Нас.), ’сала’ (ПЗБ, Бяльк., Сцяшк. МГ), ’тоўстае добра пасоленае свіное сала’ (Нар. сл.), ’сала, праслойкі мяса сярод сала’ (Нар. словатв.). Рус. солони́на ’пасоленае сала або салёная гавядзіна’, укр. солони́на ’свіное сала’, польск. słonina ’свіное сала’, чэш. slanina ’шпік, вэнджанае сала’, славац. slanina ’свіное сала’, серб.-харв. сла̀нина ’вэнджанае сала, шпік’, славен. slanína ’тс’, балг. слани́на ’тс’. Прасл. *solnina. Ад *soln‑ (гл. салоны) з суф. ‑ina, гл. SP, 1, 121; Махэк₂, 596.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сказ1 ‘фраза, выказванне, выраз’ (ТСБМ, Ласт., Гарэц., Байк. і Некр.), ‘аповяд пра падзеі мінулага або сучаснасці’, ‘расказ, апавяданне’ (ТСБМ, Гарэц., Др.-Падб.), ‘вымаўленне, гаворка’ (ТС). Нулявы дэрыват ад сказаць (гл. казаць); параўн. рус. сказ ‘паданне, апавяданне’. Як граматычны тэрмін лічыцца арыгінальным утварэннем без семантычных паралеляў у іншых мовах (Бідэр, Зб. Мальдзісу, 331), калі не лічыць семантычнай паралеллю чэш. věta ‘сказ’ ад старога кораня ‑větiti ‘гаварыць’ (Голуб-Ліер, 506).

Сказ2, сказік ‘бяльмо на воку’ (навагр., Жыв. сл.). Гл. каз.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скаўро́нак ‘жаваранак’ (Сцяшк., Шатал.). З польск. skowronek ‘тс’. Апошняе да прасл. *skovornъkъ, параўн. рус. сковоро́нок, укр. шковоро́нок, якое ўзводзіцца да *skvorovorn(ъkъ) і набліжаецца да скварэц (гл.) (Булахоўскі, ИАН ОЛЯ, 7, 117) або раскладаецца на прыстаўку sko‑ і *vornъ (гл. воран), як мяркуе Брукнер, 496. Інакш Махэк₁ (450), які прапанаваў у якасці зыходнага гукапераймальнае skvir‑/škvor‑, пашыранае суфіксамі ‑anъ/‑onъ/‑nъ, што не пераконвае. Агляд форм і літ-ры гл. Фасмер, 3, 644; Борысь, 553; Антропаў, Назв. птиц, 358. Параўн. жаваранак (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Со́нейка, со́няйко, со́ўнейко ‘божая кароўка, Coccinella’ (пін., карэліц., ЛА, 1; ТС). Да сонца (гл.). Шырока распаўсюджаная мадэль другаснай намінацыі ў розных мовах, што звязана з яркасцю афарбоўкі або міфалагічнымі ўяўленнямі («пасланец сонца»), параўн. укр. со́нечко, чэш. дыял. slunéčko, в.-луж. bože słónčko ‘тс’, для якіх выводзіцца праформа *sъlnьčьko з тыпалагічнымі паралелямі ням. Sonnenkälbchen, Sonnenkäfer і інш., параўн. Шывіц–Дулар, Traditiones, 26А, 67. Для беларускіх назваў праформа была б *sъlnьnьko (змены ъl > оў/о і nьk > йк). Параўн. со́нейко ‘сонца’ (Нас.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Трэ́пці ‘стаптаны, зношаны абутак’ (паст., Сл. ПЗБ; чэрык., ЛА, 4). Няясна; відаць, можа быць звязана з трэпаць (гл. трапаць2) ці трапятаць (гл.), параўн. польск. trzepiot, trzpiot ‘легкадумны, несур’ёзны чалавек’. Меркаванне Грынавяцкене — з літ. trèpčiai ‘тс’ (Сл. ПЗБ, 5, 142) — цяжка прыняць па фанетычных і лінгвагеаграфічных прычынах. Хутчэй кантамінацыя трэ́пы1 і тапці (гл.) або запазычанне з польск. trepcie (Вілен. сл.), мн. л. ад trepek, trepka ‘прымітыўны абутак на драўлянай падэшве, прымацоўваўся да нагі пры дапамозе раменьчыкаў’, гл. наступнае слова.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)