Мост, му͡ост, міст, мыст ’збудаванне для пераходу або пераезду цераз раку, канал, чыгунку’, ’падлога’, ’памост, насціл (у лодцы, на паду пад стог і інш.)’, палес. мосток ’ганак, сходцы перад уваходам у хату’, паўн.-усх. масткі ’падлога ў сенцах’ (ТСБМ, Нас., Бес., Яруш., Юрч., Др.-Падб., Грыг., Сцяшк., Касп., Бяльк., Ян., ТС, Сл. ПЗБ, Растарг., Мат. Гом., Мат. Маг.; КЭС, лаг.; ДАБМ, к. 336), нараўл. мост ’дно ў калодзежы’ (Нар. сл.), маставі́на ’дошка ці бервяно ў памосце’ (Др.-Падб., Ян.). Укр. міст, рус. мост, ст.-рус. мостъ, польск. most, н.-, в.-луж. móst, чэш., славац. most, славен. mȏst, серб.-харв. мо̑ст, макед., балг. мост, ст.-слав. мостъ. Прасл. mostъ. Не зусім яснае слова. Напэўна выходзіць са ст.-в.-ням. mast ’шост, мачта’, англасакс. moest ’тс’, ст.-ірл. maide ’палка’ (< *mazdi̯os) (Мерынгер, 21, 303; Фасмер, ZfSlPh, 2, 55 і інш.). Фасмер (2, 662) сумняваецца таксама ва ўзвядзенні прасл. mostъ да *mot‑tos ’тое, што пастаўлена, накідана, збудавана’ і ў збліжэнні яго з дзеясловам metati ’кідаць’, хаця Махэк₂ (374), выводзячы mostъ з mesti ’тс’, прыводзіць у пацвярджэнне літ. прыклад, дзе pamestas азначае ’перакінуты (праз раку)’ і аналагічна франц. jeter le pont ’збудаваць (г. зн. ’перакінуць, накідаць’) мост’. Сюды ж маставік ’мостабудаўнік’ (ТСБМ), якое з рус. мовы (Крукоўскі, Уплыў, 110), як, відаць, і маставая ’брукаваная або асфальтаваная вуліца’ (ТСБМ).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ля́мец1, ляме́ц, ля́мац, ля́мяц, ля́міц, ле́мыц, ля́мэць ’тоўсты, шчыльны матэрыял, звалены з воўны, шэрсці’ (ТСБМ, Грыг., Гарэц., Уладз., Нас., Шат., Касп., Растарг., ТС, Сл. ПЗБ; КЭС, лаг.), ’пракладка з лямцу ў хамуце пад хамуцінай’, ’лёгкая пракладка з саломы ці лямцу пад клешчамі’, ’падхамутнік’, ’потнік’, ’від хамута’ (Маслен., Бяльк., Нас., Сл. ПЗБ, Касп.), ’лямка, шляя’ (Др.-Падб.), ’ярмо, цяжкая работа’ (Мат. Гом.), ’ільняны або саламяны абруч, на які паляшучкі накручвалі валасы’ (Малч., Тарн., Маш., Сержп. Грам.; мазыр., Шпіл.), ля́мцы ’непрычасаныя валасы’ (клец., Нар. лекс.), ’каўтун’ (Мат. Гом.), ля́мчыцца ’збівацца ў камяк, каўтуны’, ля́мчыць ’валіць воўну’ (Нас.; КЭС, лаг.; ТСБМ, ТС), ля́мец ’пласт гною, сена і інш.’ (жытк., Нар. словатв.; ТС). Укр. ля́мець, рус. ля́мец ’тс’, польск. lamec ’тс’, lemiec, чэш. límec, lémec ’каўнер’. Няясна. Фасмер (2, 551) рус. лексему выводзіць з польск. lemiec ’каўнер’, адкідаючы версію Бернекера (1, 700), які ўзводзіць гэту лексему да франц. lame ’палоска, тонкі дрот’. Слаўскі (4, 39) дапускае бел. мову ў якасці крыніцы для запазычання з польск. lamiec або з ням. Lahn‑tresse ’стружка, галун з шоўку’. Карловіч (Wyr. obce, 335) і Брукнер (290) лічаць крыніцай с.-в.-ням. lîm ’рамка, аблямоўка’. Махэк₂ (326) лічыць роднасным (да чэш. lem ’тс’) грэч. λῶμα ’аблямоўка’.

Ля́мец2 ’гультай’ (Мат. Гом.). У выніку семантычнага пераносу з ля́мец1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Дыва́н1 ’дыван, пакрывала на ложак’ (Сцяшк., Сцяц. Нар., Сл. паўн.-зах., Шатал.), ’дыван’ (БРС). Укр. дыял. диван ’дыван’. Запазычанне з польск. dywan ’тс’. У польск. мове гэта значэнне тыпова польскае (Слаўскі, 1, 187), таму і можна меркаваць аб запазычанні іменна з польск. мовы. Зыходным для гэтай групы слоў з’яўляецца тур. divan ’двор, рада, сход’ (< перс. divān; гл. Локач, 42). У польск. мове ’дыван’ < ’пакой, засланы дыванамі’ (Слаўскі, там жа, са спасылкай на Карловіча, Wyr. obce, 141). Рус. диван ’канапа’, чэш. divan ’нізкая канапа’ маюць некалькі іншую семантыку. Рус. слова, паводле Фасмера (1, 512–513) і Шанскага (1, Д, Е, Ж, 113), запазычана непасрэдна з франц. divan ’тс’ (< араб. < тур.-перс.). Гл. яшчэ Кюнэ, Poln., 52.

Дыва́н2 ’мяккая мэбля на спружынах’ (Сцяшк.). Зыходзячы са значэння (параўн. дыва́н1), трэба лічыць гэта слова запазычаннем адносна новага часу з рус. дива́н ’канапа’ (аб рус. слове гл. пад дыва́н1).

Дыва́н3 ’дыван, дзяржаўная рада ў Турцыі; месца пасяджэнняў; збор арыентальных твораў’ (ТСБМ). Рус. дива́н, польск. dywan, чэш. divan, балг. дива́н і г. д. Зыходным з’яўляецца тур.-перс. divan (divān). Па паходжанню гэта слова ідэнтычнае з дыва́н1 (гл. там падрабязна аб гісторыі лексемы). Гл. яшчэ Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 112–113.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ка́ста1 ’каста’ (ТСБМ). Рус. ка́ста, укр. ка́ста. Паводле Фасмера, 2, 207, запазычанне з зах.-еўрап. моў. Праз мовы-пасрэднікі, ням. (Kaste) або франц. (caste), слова ўзята з парт. casta ’парода; паходжанне’, першапачаткова ’чыстая парода’. У аснове ляжыць лац. castus ’чысты’. Шанскі (2, К, 86) удакладняе, што ў рус. мове (якая, дарэчы, можа быць пасрэднікам для бел.) ка́ста з’явілася ў канцы XVIII ст. Упершыню фіксуецца ў рус. слоўніку Яноўскага 1803 г. са значэннем ’грамадская групоўка ў Індыі’, агульнае значэнне ўстанаўліваецца з 1847 г. (яно фіксуецца ў Слоўніку АН; гл. Шанскі, там жа).

Кас́та2 ’яслі, драбіны’ (Сл. паўн.-зах.). Слова ўжываецца таксама ў мн. ліку (напр., сена кладуць у касты). Паводле Сл. паўн.-зах., 2, 433, запазычанне непасрэдна з літ. kāstė ’тс’, якое, у сваю чаргу, было ўзята з ням. Kasten ’тс’. Можна пагадзіцца з прапанаванай этымалогіяй (< ням.) у агульных рысах. Ням. форма Kasten не зусім дакладна адпавядае літ. kāstė. Таму, як можна меркаваць, непасрэднай крыніцай для літ. слова было іншае ням. слова. Маецца на ўвазе не сучасная ням. мова, а нейкія формы с.-ням. паходжання. Такія сапраўды ёсць (параўн. kaste ’тс’; форма гэта сустракаецца і ў сучасных ням. дыялектах). З ням. крыніцы ўзята і лат. kaste. Гл. Клюге, 356.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Каштава́ць1 ’мець тую або іншую цану, грашовую вартасць’; ’абыходзіцца ў якую-н. суму, патрабаваць якіх-н. затрат’ (ТСБМ, БРС, Касп., Шат.). Слова засведчана ў ст.-бел. мове з 1516 г. (таксама як і коштъ, коштованье, коштовне, коштовность і г. д.; гл. Булыка, Запазыч., 174). Параўн. рус. коштовать (дыял.), укр. коштувати і г. д. Запазычанне з польск. мовы (< польск. kosztować ’тс’); Бернекер, 586; Фасмер, 2, 361; гл. яшчэ Кюнэ, Poln., 67; Рыхардт, Poln., 68. Крыніцай польск. слова з’яўляецца с.-в.-ням. kosten ’каштаваць, быць вартым і да т. п.’ Слаўскі, 2, 545. Гэта апошняе ў сваю чаргу узята са ст.-франц. coster < лац. *costare < cōnstare (Слаўскі там жа).

Каштава́ць2 ’спрабаваць ежу, піццё на смак, на гатоўнасць і інш.’ (ТСБМ, БРС, Касп., Шат.). Параўн. рус. дыял. коштова́ть ’тс’, укр. куштува́ти, коштува́ти. Запазычанне з польск. мовы. Параўн. польск. kosztować ’тс’ (у такім значэнні польск. слова вядома з XVI ст.), якое ўзята з с.-в.-ням. kosten ’даследаваць, вывучаць, спрабаваць, пробаваць на смак’ або ст.-в.-ням. kostōn ’тс’ (гэты дзеяслоў роднасны лац. gastāre ’каштаваць, спрабаваць ’). Гл. Бернекер, 1, 586; Брукнер, 260; Фасмер, 2, 361; Махэк₂, 282. Вельмі падрабязна аб семантычнай гісторыі слова kosten у ням. мове гл. у Пауля, Wörterb. (7. Aufl., 1960), с. 344. Гл. яшчэ Клюге, 395–396.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ро́па1 ’гнойныя выдзяленні’ (ТСБМ, Др.-Падб., Юрч. СНЛ), ’сукравіца, гнілая кроў, што ідзе з рота, носа або з вушэй у нябожчыкаў’ (Мядзв., Гарэц., Нас., Байк. і Некр., ТС), ’крывяністае выдзяленне з раны’ (Сл. Брэс.), ’гной з раны, з вачэй’ (смарг., Шатал.), ропа́ ’расол з пасоленага мяса, рыбы’ (Сл. Брэс.), ро́па, ропа́ ’лёк’ (лельч., б.-каш., ЛА, 4), ро́па, ропа́ ’канцэнтраваны раствор солі’ (ТС). Укр. ропа́ ’сукравіца’, ’расол’, рус. ропа́ ’сукравіца, гной’, ’расол’, польск. ropa ’гной’, ’нафта’, ropić się ’гнаіцца’, славен. ropa ’торф’, на падставе чаго прасл. *ropa ’густая вадкасць’ (SEK, 4, 203). Не зусім яснае слова. Мацэнаўэр (LF, 17, 174) параўноўвае яго з ст.-інд. rápas ’раненне, цялеснае пашкоджанне’. Брукнер (462) прыводзіць у якасці роднаснага літ. rapstýti, якое, аднак, з’яўляецца памылкай друку (Трубачоў, Дополн.Фасмер, 3, 501). З другога боку, мяркуюць, што існавала старое польск. rob, якое, нібыта, абазначала ’нейкае варэнне з зёлак’ і — праз ням. Robb, франц., ісп. rob ’тс’, італ. rob, robbo, партуг. robe ’фруктовы мёд’ было запазычана з араб. robb ’тс’ (Мацэнаўэр, Cizí sl.). Іншыя версіі гл. essj, Ukáz. 85–89; Бязлай, 3, 196; Махэк₂, 516. Гл. рапа́.

Ро́па2 ’газа’ (навагр., Сцяшк. Сл.). З польск. ropa naftowa ’нафта’ — семантычны пераход адбыўся ўжо ў польск. мове: nafta ’азначае ’газа’ і ’нафта’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сві́та1 ‘асобы, якія суправаджаюць важную высокапастаўленую асобу’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ), ‘кампанія’ (Сл. ПЗБ, ТС). З рус. сви́та (параўн. Крукоўскі, Уплыў, 71), вядомага з 1709 г., або праз польск. świta з ням. Suite < франц. suite ад suivre ‘ісці следам’ (Праабражэнскі, 2, 262; Фасмер, 3, 581; Борысь, 624).

Сві́та2, сві́тка ‘доўгая сялянская верхняя вопратка з даматканага сукна’ (Нас., Шат., Бяльк., Сл. ПЗБ, ТС), світно́ ‘тс’ (Арх. Федар., Серб. Вічын, ЛА, 4). Укр. сви́та, рус. паўдн. сви́та, сви́тка ‘світа’, пск. ‘лыкавая вяроўка’, ст.-рус. съвита, свита ‘від вопраткі’, польск. świtaусх.-слав., Брукнер, 538; Тарн., 20), серб.-харв. сви̏та ‘сукно’, ‘сінія і чырвоныя палоскі сукна як нагрудныя ўпрыгожанні белых сялянскіх каптаноў’, славен. svȋta ‘вопратка’, балг. сви́тка ‘від старой жаночай вопраткі; нашытыя ўпрыгожанні ў выглядае тасёмкі’, макед. сви́та ‘від тонкай шарсцяной тканіны’, ст.-слав. свита ‘від вопраткі’. Этымалогія і рэканструкцыя зыходнай формы спрэчныя. Прапаноўвалі прасл. *sъvita і сувязь з віць, гл. Праабражэнскі, 2, 262; Скок, 3, 373. Фасмер (3, 581) указвае, што гэта форма быццам бы падтрымліваецца рус.-ц.-слав. съвить ‘палатно’, але фінскае запазычанне з слав. viitta ‘плашч’ прадугледжвае прасл. *svita, бо *sъvita дало б suviitta. Зыходзячы з *svita, параўноўвалі з лат. svietas ‘шарсцяныя анучы на нагах у жанчын’; гл. Мюленбах-Эндзелін, 3, 1167; гл. яшчэ БЕР, 6, 558–559; ЕСУМ, 5, 193.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ля́паць1, ля́пыць, ле́патэ ’ўтвараць рэзкі стук, шум пры ўдарах, штуршках; удараць з ляскам’, ’біць, можна стукаць па чым-небудзь’, ’клекатаць (пра бусла)’, ’ляскаць зубамі’, ’пазяхаць, адкрываць і закрываць рот’ (Нас., ТСБМ, Мядзв., Гарэц., Растарг., Бяльк., Шат., Ян., Мат. Гом., Сл. ПЗБ), ’жраць’ (Мат. Гом.), ’трашчаць бразготкай’ (швянч., Сл. ПЗБ); ля́пнуць ’прапасці, згінуць’ (Сцяшк.), ’упасці з шумам’ (Нас., Грыг.), ’выцяць, ударыць’ (КЭС, лаг.), ля́пнуцца ’ўпасці’ (Шат., ТСБМ). Укр. ля́пати, рус. ля́пать, н.-луж. lapaś, в.-луж. lapać, мар. ľapat, славац. ľapac, славен. lapati, серб.-харв. ла́пати, макед., балг. ла́пам. Прасл. lʼapati ’ўдараць, моцна стукаць, пляскаць’, ’жраць, есці ўголас’. Гука- і рухапераймальнае ад ляп! Незалежна ўтвораны аналагічныя ўтварэнні ў іншых і.-е. мовах: літ. lapénti, lapóti, tapsė́nti (< lap! — для выражэння падзення, цяжкага ступання, хуткага хапання), ст.-грэч. λάπω ’ліжу’, ’жру, хлябчу’, арм. lapʼem ’лізаць’, ням. lappen ’тс’, ’хлябтаць’, алб. lʼap ’тс’, франц. laper ’хлябтаць’ (Бернекер, 1, 690; Слаўскі, 4, 50–51; Махэк₂, 320; Фасмер, 2, 552).

Ля́паць2 ’гаварыць бязглуздзіцу’, ’гаварыць рэзка, нетактоўна, неабдумана’ (Нас., ТСБМ, Касп., Мат. Гом., Растарг., КЭС, лаг.; міёр., Нар. лекс.; в.-дзв., свісл., Сл. ПЗБ). Да ля́па1 (гл.). Сюды ж ляпа́цца ’хваліцца’ (дзятл., Сцяшк. Сл.).

Ля́паць3 ’падаць (пра снег)’ (паст., воран., шальч., Сл. ПЗБ), ’пляскаць, плюхаць’ (ТС), ганц. ля́пацца ’падаць (пра снег)’. Да ля́па3 (гл.). Відавочна, у гэтых лексем пазней развілося рухапераймальнае значэнне ’кідаць густое, ліпкае’, ’кідацца чым-небудзь ліпкім’ (ТСБМ).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

За́ла, зал ’вялікі пакой’. Рус. зал, уст. зала, зало, укр. зал, зала, польск. sala, в.-луж. sal, sala, чэш. sál, славац. sála, серб.-харв. са́ла, балг. за̀ла < рус., макед. сала. У Бярынды (1627 г.) і ў ст.-бел. (1582 г.) саля. Зала, зал < рус. < ням. Saal. Саля < польск. < франц. ці іт. < герм. (франк., лангб.) sala ’дом, будова’. Шанскі, 2, З, 42; Фасмер, 2, 76; Біржакава, 362; Булыка, Запазыч., 293; Брукнер, 479.

Зала́1 ’попел’, ’луг’, ’брудная вада, што застаецца пасля мыцця бялізны’ (Сл. паўн.-зах.). Рус. зола́ ’попел’, укр. зола́ ’попел’, ’луг’, польск. zoła ’луг з попелу’, чэш. zola ’тс’, славац. zola ’попел з вапнай (у гарбарскай справе)’, с.-луж. zoła ’луг’, балг. уст. зола̀ ’вада з попелам’. Параўн. літ. žilas ’шэры’, лат. zils ’блакітны’ і іншыя і.-е. словы; гл. зялёны. Зубаты, Studie, 1, I, 124; Траўтман, 365. Прасл. zola < і.-е. *gʼhel‑ і інш. ’светлы, святлець, блішчаць’. Покарны, 1, 430; Фасмер, 2, 103; Брукнер, 656; Шанскі, 2, З, 104. Думка Махэка₂ (718) пра запазыч. з ням. Sole ’салёная вада’ не абгрунтаваная, паколькі слова мае агульнаслав. пашырэнне. Параўнанні са ст.-в.-ням. kolo ’вуглішча’, ст.-інд. jválati ’гарыць’, прапанавання Младэнавым (194), БЕР (1, 652), фанетычна недастаткова абгрунтаваныя, ням. Kohle хутчэй з і.-е. *g(e)u‑l‑o, Покарны, 1, 399; гл. жураць, жуляць. Гл. заліць2.

Зала́2 ’кепскае надвор’е з дажджом і снегам’ (Касп.). Гл. золь1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кале́йка ’чыгунка’ (палес., Выг.; Сл. паўн.-зах.; ваўк., Сцяшк. МГ). Да польск. kolej ’тс’, што датычыць словаўтварэння, непасрэднай крыніцай быў польскі дэмінутыў kolejka. Гл. яшчэ каляя. Значэнне ’чыгунка’ ў польск. тлумачыцца Слаўскім (2, 350). У канцы першай палавіны XIX ст. з’яўляецца выраз kolej żelazna — калька зах.-еўр. моў. Параўн. франц. chemin de fer, ням. Eisenbahn. Польск. kolej ’чыгунка’ ўтворана скарачэннем выразу kolej żelazna.

Кале́йка ’чарга’ (слон., Арх. Бяльк.; бяроз., Выг.; ашм., Марч., дыс.; Мат. Гом., Сцяц., Сцяшк. МГ), ’чарга пасвіць жывёлу’ (Мат. Гом., Сцяц., Сцяшк. МГ), ’тс’ (Мат. Гом.; лун., Шатал.). Сл. паўн.-зах. прыводзіць шэраг фіксацый з розных пунктаў на захадзе Беларусь Як асноўнае значэнне аўтары слоўніка выдзяляюць ’чарговасць на ўтрыманне пастуха, на выган і догляд жывёлы’ і адзначаюць яшчэ ’чарга’, ’ісці, рабіць па чарзе’. Не выключана, што значэнне ’чарга пасвіць жывёлу’ — інавацыя ў зах.-бел. гаворках на базе запазычанага польск. kolejka ’чарга’, якое да kolej ’тс’. Адносна далейшай этымалогіі гл. каляя. Сцяцко (Афікс. наз., 151) разглядае як уласца беларускае ўтварэнне з суф. ‑ейк‑акалейка ’чарга ў выглядзе кола’, што паводле таго ж лінгвагеаграфічнага крытэрыю і шырокай распаўсюджанасці слова ў зах. гаворках не пераконвае. Больш імаверна меркаваць, што калейка ’чарга пасвіць жывёлу’ нейкім чынам было суаднесена з бел. коло ’тс’, што і магло выклікаць інавацыю значэння запазычанага слова. Аднак гэта цяжка пацвердзіць, паколькі кола ’чарга’ — рэгіянальна абмежаванае ўтварэнне.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)