Дэпута́т ’дэпутат’ (БРС). Ст.-бел. (з XVI ст.) депутатъ. Паводле Булыкі (Запазыч., 92), ст.-бел. слова запазычана з польск. deputat (< лац.). Адносна рус. депута́т думаюць, што яно запазычана або з ням. Deputat (супраць Фасмер, 1, 499), або з с.-лац. deputatus (Фасмер, там жа, мяркуе, што рус. слова можа быць новаўтварэннем). Адносна сучаснага бел. дэпута́т няясна, ці яно працягвае ст.-бел. традыцыю, ці запазычана з рус. Гл. яшчэ Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 75.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Зу́ндаль ’маўклівы чалавек’ (Жд. 3), ’вялікі і лянівы чалавек’ (Касп.). Параўн. рус. перм. зе́ндель ’лянівы, маларухомы чалавек’. Рус. забайк. зундогло́, зунтогло́ ’брахун; цяльпук’ не сюды (СНРГ, 12, 24: з бурацк.). Параўн. прозвішча Зу́нда (ад апелятыва *зунда ’?’, Бірыла, Бел. антр., 2, 161). Няясна. Магчыма, з ням. Sünde, ідыш zind ’грэх’, Sünder, zindler ’грэшнік’. Параўн. яшчэ ням. Gesindel ’зброд’, ідыш іранічн. gezindl ’група людзей’, прычым трэба ўлічваць, што ў яўр. дыялектах значныя хістанні галосных.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Зуры́ць ’гнаць’ (Шат.; мазыр., ЭШ). Чэш. zuřiti ’гневацца; выступаць супраць каго-н.’, славац. zúriť ’гневацца’. Трубачоў (Слав. языкозн., V, 179) параўноўвае бел. і чэш. лексемы, прапануе прасл. дыялектызм zuriti і піша пра генетычную сувязь з літ. žiaurùs ’люты, жорсткі’. Аб літ. слове гл. Фрэнкель, 1303 і 514. Іначай Махэк₂ (719–720), які звязвае чэш. слова з польск. żurzyć ’гневацца’ (гл. журыцца); Копечны (440), тлумачыць zuřiti < zóriti да і.-е. *gʼher‑ ’моцна жадаць’. Няясна.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Прыбу́ркацца экспр. ’прыйсці’ (ТС); сюды ж, відаць, зафіксаванае там жа з блізкай семантыкай прыбу́рыцца ’знайсці прытулак’. Няясна. Магчыма, звязана з коранем бур‑, які рэалізаваны ў рус. іркуц. прибуро́вить ’прыйсці, прыехаць; прыбыць’, іркуц., свярдл. прибуро́виться ’прыйсці, прыцягнуцца, прывалачыся’ (СРНГ), параўн. і буровіць ’круціцца; несці бязглуздзіцу’ (ТС), што вельмі прыпамінае серб. бо̀равити ’жыць, пражываць’, балг. бора́вя ’рабіць нешта’, якія ўзводзяцца да *byti (гл. быць) (ЭССЯ, 2, 195–197). Параўн. і славен. priburiti ’нечакана з’явіцца’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ры́ткі ’прыстасаванне для выроўнівання асновы пры навіванні на навой (дзве драўляныя планкі з дубцамі)’ (ТС). Да рэ́ткі (гл.). Няясна. Параўн. славен. rȋtek ’пучок саломы для пакрыцця стрэх’, rȋtka ’яблычная галінка’, ’таўсцейшы канец снапа’, rȋtina ’камель’, харв. кайк. rítek ’салома, якой пакрываюць стрэхі’. Скок (3, 147) мяркуе, што гэта метафарычнае ўтварэнне ад rȉt ’podex’. Далей глядзі rȉt (Безлай, 3, 184). З іншага боку параўн. літ. rite ’шпулька’, ’катушка’, ’бабіна’, ritinỹys ’валік’, ’рулон’, ’скрутак’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сморг ‘летні час, гарачая пара’ (Нас.), ‘пільная праца’ (Бяльк.), сморк ‘гарачая летняя пара’ (Бяльк.). Няясна. Магчыма, да смо́ргаць, смарга́ць ‘тузаць, торгаць, шморгаць’, адсюль ‘тое, што непакоіць, прымушае спяшацца’. Параўн. таксама ст.-бел. сморкъ (сморщъ) ‘хмара, смерч’ (Ст.-бел. лексікон), якое збліжаецца з морак ‘змрок’ і далей з марока ‘клопаты, цяжар; нешта заблытанае’ (гл.), чэш. smršt ‘віхор’ і ўсх.-слав. сморч ‘дождж, віхура’. Апошняе Брукнер (503) параўноўвае з рус.-ц.-слав. смркати ‘уцягваць, усмоктваць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сну́дзіць ‘нацягваць вяроўку або нітку з мэтай злавіць каго-небудзь’ (Нас.), ‘настройваць, наладжваць, арганізоўвацць’ (Гарэц., Др.-Падб.), снудзі́ць ‘ненадзейна прыстасоўваць для лоўлі’ (Юрч. Вытв.), снуда́ ‘пастка’ (Бяльк.). Няясна. Магчыма, звязана з славен. snúditi se ‘шмыгаць, снаваць’, якое Куркіна (Диал. структура, 116) лічыць этымалагічна тоесным літ. snauduliúti, snausti ‘драмаць, спаць; марудзіць, вагацца’, snaudà ‘дрымота, марудлівасць’, лат. snaũda ‘тс’, што ўзыходзяць да і.-е. *snou‑ з пашыральнікам d і зыходнай семантыкай ‘снаваць, матаць’. Прасл. *snuditi?

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сці́біць ’падхапіць, украсці’ (Варл., Кал.), сцы́біць, зьдзі́біць ’тс’ (Некр. і Байк.), сці́брыць ’тс’ (Касп., Бяльк., Растарг.), сці́брыты ’тс’ (Сл. Брэс.), сцы́брыць ’тс’ (Мат. Гом.), сці́бчыць ’тс’ (Жд. 3), сюды ж, відаць, сці́біцца ’ўшчамляцца, лезці’ (трак., Сл. ПЗБ); паводле аўтараў слоўніка, з літ. stiẽbtis ’выцягвацца’ (Сл. ПЗБ, 5, 39), што няпэўна. Параўн. рус. сти́брить ’тс’ і ’з’есці’. Няясна (Фасмер, 3, 759); паводле Горбача (Арго, 31), аргат. зци́брить ’украсці’ з цыган. тэ стырдэс ’тс’. Гл. цібрыць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сёк-сёк-сёк ‘падзыўныя для кароў’ (тураў., ДАБМ, камент., 895). Няясна. Нагадвае метатэзу падзыўных ксʼо‑ксʼо‑ксʼо (староб., ДАБМ, там жа), якія магчыма супаставіць з польск. дыял. kse > se, у чым бачаць далёка прасунутую рэдукцыю першапачатковага k sobie; гл. Махэк₂, 534; параўн. аналагічнае паходжанне ўкр. соб! (пры паганянні валоў), гл. Смаль-Стоцкі, Приміт., 31. Не выключана і новае паходжанне, з дзіцячай мовы, параўн. Смаль-Стоцкі, Приміт., 25 і наст. Гл. таксама ЕСУМ, 3, 117 (ксо́бі).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ляжджа́й1, лежджа́й, магчыма, ’асот, палявы, Sonchus arvensis L. або плюшч звычайны, Hedera helix L.’ (Федар. Дад.), ’асака’ (бераст., Сцяшк. Сл.), ’балотная трава, асака’ (Сцяшк.; маст., свісл., Арашонкава, БЛ, 3), ’рачная трава, Typha angustifolia’ (навагр., БСС–72), ляжджа́йчык ’сена з асакі, Carex L.’ (гродз., Мат. АС). Літуанізм. Параўн. літ. lazdá ’лугавая трава’, lizdáitė ’балотная расліна’ (Лаўчутэ, Сл. балт., 119–120). Гл. таксама лягджай.

Ляжджа́й2 ’мера ачэсанага льну, роўная 10 жменям’ (шчуч., Бел. хр. дыял.). Няясна.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)