упя́цца, упнуся, упнешся, упнецца; упнёмся, упняцеся; пр. упяўся, упялася; заг. упніся; зак.
1. Уперціся ў што‑н. для апоры, адштурхоўвання, супраціўлення. Не здольны ўжо разважаць,.. [Яўхім], як стаяў, упяўся лапцямі ў разору, закрычаў: — Не пушчу!!! Мележ. Тады Ігналь пабег у парог, зняў з вешалкі кажух і апрануў; сунуў босыя ногі ў валёнкі, упяўся ў дзверы. Лупсякоў. // Моцна ўхапіцца, учапіцца за што‑н. — А-а! — Славік завыў, як дзікун. Але волі хапіла не перакінуць нагі з педалі газу на педаль тормаза. Упяўся да болю ў баранку. Шамякін.
2. Напружыць свае сілы, напяцца. Гняды аж упяўся крыху, пакуль з месца крануў, але нічога, павёз. Чарнышэвіч.
3. перан. Разм. Уперціся, не захацець згадзіцца з чым‑н. — Не, браце, ты мне дай не кабылу, а жаробку.. — Хведар пасунуўся следам за Варывонам і ўсё шаптаў сам сабе разважліва: — Такі, мусіць, жаробкі не дасць. От як упяўся. Чорны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
утапі́цца, утаплюся, утопішся, утопіцца; зак.
1. Загубіць сваё жыццё, кінуўшыся ў ваду. Некалі адна дзяўчына з нашай вёскі не вытрымала, што яе каханага ажанілі з другой, і ўтапілася. Карпюк.
2. Патануць у вадзе пад уздзеяннем сілы цяжару. Лодка ўтапілася. // Загінуць у вадзе. [Людзі:] — Кажуць, што ледзь сам [хлопчык] не ўтапіўся, бедны... Не ўмеў добра плаваць, а кінуўся на выручку. Кулакоўскі. // Праваліцца ў што‑н. мяккае, пушыстае, пухкае. І ўтапілася, укрылася глыбока ў валок Ганначка, сорамна неяк стала, што зманіла матцы. Нікановіч. Апошнія снапы Андрэй падкінуў пад ногі — стаяў пасярод воза; яны ўтапіліся, што ў яму, задраўшыся ўверх камлямі. Пташнікаў. / у перан. ужыв. У вочы [Алесі] глянеш — так і ўтопішся ў іх бездані. Васілевіч. // Разм. Стаць нябачным, схавацца ў якой‑н. вельмі прасторнай, шырокай адзежы. Максім, гледзячы на тое, як Толя ўтапіўся ў яго вялікай кашулі, засмяяўся, нібы набраўшы ў рот вады. Брыль.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
хму́рыцца, ‑руся, ‑рышся, ‑рыцца; незак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Пакрывацца хмарамі, станавіцца хмурным (пра неба). Неба хмурылася і хмурылася, здавалася, вось-вось пойдзе дождж. Федасеенка. // Станавіцца пахмурным, хмарным (пра пагоду). Шырокае мора бясконца шуміць... Не хмурся дажджом, далягляд. Жычка. Не дзень, не два ўжо хмурылася надвор’е. Мыслівец. / у безас. ужыв. Навокал, нізка над даляглядам, як быццам хмурылася, пагруквала, таямніча і насцярожана, а дождж усё не ішоў. Брыль.
2. перан. Станавіцца хмурным, насупленым. [Мікалай Пятровіч] нават адчуў на сваёй спіне лёгкі халадок і прыкра хмурыўся, намагаючыся рассеяць нядобры настрой. Каршукоў. // Моршчыцца, насуплівацца, выражаючы неспакой, хваляванне, турботу, злосць (пра лоб, бровы). Сінія вочы іскрыліся просьбай, разгублена хмурыліся бровы. Лынькоў. // Злавацца на каго‑н. [Саша:] — А я, дзівак, лічыў, што ты [Вася] ад зайздрасці, што сам не пабыў дома, хмурышся на мяне. Шуцько. Вельмі не рад быў свайму канкурэнту ксёндз Марцэвіч. Ён хмурыўся на мніха. Бядуля.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шасцёрка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.
1. Лічба 6. Напісаць шасцёрку. // Разм. Назва некаторых прадметаў (аўтобуса, трамвая і пад. маршруту № 6), якія нумаруюцца лічбай 6. Тут спыняецца аўтобус-шасцёрка.
2. Ігральная карта, дошчачка даміно з шасцю ачкамі. — Не проста дурань, а дурань з пагонамі, — засмяяўся Глеб. — Во, кладу табе [Ксеня] на плечы дзве шасцёркі. Васілёнак.
3. Запрэжка ў шэсць коней. Багаты пан на шасцёрцы катаецца, а бедны мерае сваёй парай зямлю і аб кіёк абапіраецца. Бядуля.
4. Колькасць каго‑, чаго‑н. у шэсць адзінак; шэсць аднародных прадметаў. Шасцёрка самалётаў. □ Гэта шасцёрка [вайскоўцаў], звязаная ўзаемадапамогай, заўсёды трымалася разам. Машара.
5. Шасцівёславая лодка, шлюпка. Плыць на шасцёрцы.
6. Частка, дэталь у малатарні; шасцярня. Запрэжаная ў дышаль парка коней кружыла кола, зазубні якога чапляліся за адмысловую драўляную шасцёрку, у сярэдзіну якой быў уроблен даўжэзны круглы прэнт, пры дапамозе якога круціўся сам барабан малатарні. Сабаленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
разабра́ць сов.
1. в разн. знач. разобра́ть;
р. гадзі́ннік — разобра́ть часы́;
р. плот — разобра́ть забо́р;
р. набо́р — тип. разобра́ть набо́р;
салда́ты ~ра́лі вінто́ўкі — солда́ты разобра́ли винто́вки;
р. тава́р у магазі́не — разобра́ть това́р в магази́не;
р. папе́ры — разобра́ть бума́ги;
р. пыта́нне — разобра́ть вопро́с;
р. сказ па часці́нах мо́вы — разобра́ть предложе́ние по частя́м ре́чи;
р. по́чырк — разобра́ть по́черк;
віно́ мо́цна ~ра́ла — вино́ си́льно разобра́ло;
2. (тушу) разде́лать; освежева́ть;
◊ р. па ко́стачках — разобра́ть по ко́сточкам;
не разбяры́-бяры́ — сам чёрт не разберёт;
лі́ха яго́ разбярэ́ — чёрт его́ разберёт
Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)
берагчы́, ‑рагу, ‑ражэш, ‑ражэ; ‑ражом, ‑ражаце, ‑рагуць; незак., каго-што.
1. Захоўваць цэлым, не расходаваць. — Можа трошкі віна і знайшлося б, — усміхнулася настаўніца, — але мы яго беражом для раненых. Маўр. // Вельмі эканомна, беражліва расходаваць. Пры другіх абставінах Платон Дулеба і сам арганізаваў бы абстрэл самалётаў, але цяпер трэба было берагчы кожны патрон. Шчарбатаў. // Ашчадна карыстацца якімі‑н. рэчамі, імкнуцца захаваць іх у найлепшым стане. — Ты кнігу беражы, сынок, Прыходзь часцей у госці! Агняцвет.
2. Клапатліва ахоўваць каго‑, што‑н., засцерагаць ад чаго‑н. [Арына] сама любіла і берагла свайго бацьку. Кавалёў. [Маці:] — Хай беражэ цябе ад кулі І ад варожых злых штыкоў Святое пачуццё матулі — Мая бязмежная любоў. Глебка. [Пітолін:] — Неяк раз на зборы перад усімі праводзіў гутарку, як трэба берагчы баявыя традыцыі. Грамовіч. // Захоўваць у памяці, помніць. Берагчы наказ бацькоў.
•••
Берагчы сваю шкуру — клапаціцца, думаць толькі пра сябе.
Берагчы як зрэнку вока — старанна, беражліва захоўваць што‑н.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
вяне́ц, ‑нца, м.
1. Карона, якую трымаюць над галовамі маладых у час вянчання ў царкве. [Вашыновіч:] — Я сам за шафера быў, вянец трымаў. Чорны. // Вянчанне. Малодшая ж [дачка] хітрэйшай, Відаць, была, — махнула ў Кустанай І там сышлася з камбайнерам, Па сэрцу, без вянца. Корбан.
2. Уст. Каштоўны галаўны ўбор, які надзяваўся ў знак высокага звання або асаблівых заслуг. Царскі вянец.
3. чаго, перан. Апошняя, вышэйшая ступень, верх чаго‑н. [Дзянісаў:] — Думка застаецца думкай. Вянцом яе заўсёды з’яўляецца справа. Гамолка. Чалавек — ён цар прыроды. Чалавек — вянец тварэння. Зарыцкі.
4. Радужны круг вакол сонца, месяца, зорак. Мароз на небе ставіць троны, Вянцы на месяц ускладае. Колас.
5. Тое, што і вянок (у 2 знач.). Анупрэй са сваімі сынамі перасыпаў сцены хаты, падняўшы яе на некалькі вянцоў. Бядуля. Бялеюць укопаныя ў зямлю дубовыя слупы вялікай будыніны, у якую пакладзена некалькі вянцоў. Паслядовіч.
•••
Ісці пад вянец гл. ісці.
Стаяць пад вянцом гл. стаяць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
вы́падак, ‑дку, м.
1. Тое, што здарылася, здарэнне; факт, з’ява. Выпадак з жыцця. □ З гэтым лесам было звязана ў мяне многа апавяданняў аб страхах і розных выпадках. Колас.
2. Пэўныя абставіны, стан рэчаў. [Ліда] ведала: у такіх выпадках самае галоўнае адбываецца ў першы момант. Пальчэўскі.
3. Зручны момант. Выпадак падвярнуўся сам і вельмі хутка. Васілевіч.
4. толькі адз. Тое, што не абумоўлена прычыннай залежнасцю; выпадковасць. Словам, тым самым шляхам выпадку, праз дзесяткі салдацкіх рук і торбаў, прыйшла да нас і Коласава паэма. Брыль.
•••
Ва ўсякім выпадку — пры любых абставінах.
З выпадку чаго — з прычыны якіх‑н. падзей, абставін.
На першы выпадак — для пачатку, для першага разу.
На ўсякі выпадак — на выпадак, калі спатрэбіцца.
Ні ў якім выпадку — ніколі, ні пры якіх умовах, ні за што.
У крайнім выпадку — калі не будзе іншага выхаду.
У лепшым выпадку — пры самых спрыяльных абставінах.
У тым выпадку, калі... — калі здарыцца так, што...
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
вы́рашыць, ‑шу, ‑шыш, ‑шыць; зак.
1. з інф. або з дадан. сказам. Прыйсці да якога‑н. вываду, заключэння. Дзень у мяне быў у запасе, і я вырашыў навесці парадак у сваім жыллі. Ракітны. Васіль вырашыў, што ў сябра нейкая непрыемнасць і чакаў, калі Саша загаварыць сам. Шуцько.
2. што. Рашыць, знайсці адказ на што‑н. Вырашыць пытанне, праблему. □ Сацыялізм вырашыў вялікую сацыяльную праблему — ліквідаваў эксплуататарскія класы і прычыны, якія параджаюць эксплуатацыю чалавека чалавекам. Праграма КПСС. Вызваленне Панаса з няволі і выпадковае шчаслівае спатканне з ім вырашылі тую задачу, што паставіў сабе дзед Талаш. Колас. Прыйшла нарэшце тая ноч, якая павінна была вырашыць усё. Кулакоўскі.
3. што і з інф. Прыняць рашэнне. Па заяве ж, як і дамагаўся Міхал, вырашылі стварыць камісію і даручылі ёй яшчэ раз праверыць факты. Карпаў.
4. што. Рассудзіць. Вырашыць спрэчку, непаразуменне.
•••
Вырашыць лёс каго — прыняць рашэнне па якім‑н. пытанні, якое звязана з чыімі‑н. інтарэсамі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
аглушы́ць, аглушу, аглушыш, аглушыць; зак., каго-што.
1. Моцным гукам, шумам часова пазбавіць здольнасці чуць. Асляпіў горад сваім святлом, аглушыў грукатам, здзівіў сваёй прыгажосцю. Каваль. Свет страсянуўся, жудасны гук аглушыў яго, і стала цёмна. Чорны. // перан. Напоўніць аглушальнымі гукамі (паветра, прастору). Калі, бывала, грому ўдары аглушаць ціхае сяло, на фоне цёмна-сіняй хмары мільгае белае крыло. Вялюгін.
2. Разм. Моцна ўдарыць па галаве; ударам давесці да непрытомнасці. Дзед непрыкметна падабраўся кустамі да карнікаў і, высока ўзмахнуўшы дубінай, аглушыў аднаго ў зялёнай касцы. Шчарбатаў. // перан. Чым‑н. нечаканым моцна ўразіць, ашаламіць. Не сказаць, каб Сымона Чуйку вельмі аглушыла навіна, што ягонага Рыгора няма на лесапільні ўжо можа больш за тры гады. Чорны. Гітлераўцы разлічвалі, што начное забойства страшэнна ўразіць людзей, аглушыць іх. Шамякін.
3. перан. Разм. Выпіць вялікую дозу чаго‑н. (гарэлкі, спірту). [Міхась] выняў з кішэні портак паўлітроўку. — Поўненькая. З чырвонай галоўкай. Адну такую, Вася, сам аглушыў. Брыль.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)